В Докшицах свой профессиональный праздник коллектив ДРСУ № 180 встречает в хорошем настроении

Изображение 005Сваё прафесійнае свята калектыў ДРБУ № 180 сустракае ў добрым настроі. Галоўныя задачы па абслугоўванні, рамонце, будаўніцтве дарог з поспехам выкананы. У дзень, і ў ноч, у летнюю спёку і ў зімовую завіруху людзі ў сіняй форме з ярка-аранжавымі палосамі гарантуюць бяспечны і камфортны праезд па іх вадзіцеляў і пасажыраў, перамяшчэнне грузаў. Летні сезон, на які прыходзіцца асноўны аб’ём работ, на заканчэнні і начальнік упраўлення Уладзімір Місачэнка з задавальненнем адзначае, што сёлетні год быў удачным для дарожнікаў.

– Нам удалося адшукаць выгадныя аб’екты, якія забяспечылі арганізацыю работай і дазволілі атрымаць прыбытак, а значыць мець дастойную зарплату. Яна за 9 месяцаў у сярэднім склала 5 мільёнаў рублёў, – зазначае Уладзімір Аляксеевіч. – У жніўні здалі вуліцу Палявую ў райцэнтры, на якой паклалі асфальт, устанавілі бардзюры, пешаходную дарожку шырынёй 3 метры выклалі пліткай, абсталявалі аўтамабільныя стаянкі. На гэтым аб’екце зарабілі 2,5 мільярда рублёў. Яшчэ адным грашовым аб’ектам стала ўзвядзенне дарожнай інфраструктуры ў мікрараёне жыллёвага будаўніцтва “Раённая бальніца”. Пабудавалі не толькі тры вуліцы з гравійным пакрыццём, але рызыкнулі ўзяцца і не за профільную работу – пракладку водаправода даўжынёй 2 кіламетры. Неабходнай тэхнікі ў нас хапае, поліэтыленавыя трубы купілі, спецыялістаў навучылі. За работу па мантажы водаправода ўзяўся былы газаэлектразваршчык Генадзь Модаль. У памочнікі да яго пайшоў рабочы-мантажнік Сяргей Сялянік. Зараз аб’ект, на якім зароблена 1,8 мільярда рублёў, ужо здадзены і людзі пачалі будаваць там дамы.

Больш за 3 мільярды рублёў атрымалі за добраўпарадкаванне тэрыторыі Бягомльскага лясгаса, санаторыя “Баравое”, гарадскіх вуліц. Сёлета заасфальтаваны вуліцы Зарэчная, 17 верасня, Калініна. Пабудаваны аўтамабільная стаянка на вул. Палявога, участак тратуара па вул. Піянерскай. Ідуць будаўнічыя работы на вул. Савецкай. Яшчэ хочам паспець замяніць тратуар на вул. К. Маркса.

Вялікай удачай лічым тое, што ДРБУ № 180 стала генпадрадчыкам будаўніцтва лясной дарогі з Пустаселля на Беразіно працягласцю 11 кіламетраў. Заказчыкам з’яўляецца Бярэзінскі біясферны запаведнік. Выйграць тэндар на гэта будаўніцтва каштавала працы, бо ў ім удзельнічала сем суб’ектаў гаспадарання з Мінска, Лепеля і нават Гомеля. Перавагу заказчык аддаў нам і мы адразу ўзяліся за работу. Трэба асвоіць 4 мільярды рублёў. Гэта значыць, што працаваць прыйдзецца, не шкадуючы часу і сіл. Мінулы вопыт не пакідае сумненняў, што ўсё будзе зроблена якасна і ў тэрмін.

Людзі ў калектыве працуюць вопытныя, добрасумленныя, у большасці з іх працоўны стаж у дарожнай арганізацыі складае больш за 15, 20 і нават 30 год. Гэта майстар Іосіф Ючкавіч, брыгада якога працуе на самых адказных аб’ектах, а таксама памочнік машыніста асфальта-бетоннага завода Юрый Будрэвіч, машыніст асфальтаўкладчыка Аляксандр Сачына, машыніст пагрузчыка Аляксандр Казачонак, дарожны рабочы Аляксандр Козел, механізатары Аляксандр Малежык, Павел Міхалевіч, Сяргей Дорц, прараб Вячаслаў Барздыка, дарожны майстар Леанід Кашпораў і многія іншыя.

Напярэдадні прафесійнага свята шчыра віншую ўсіх, хто мае дачыненне да няпростай прафесіі дарожніка, а таксама нашых сяброў – вадзіцеляў. Жадаю вам і вашым сем’ям здароўя, дабрабыту і далейшых працоўных дасягненняў.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: майстар ДРБУ № 180 І.І. Ючкавіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *