Встреча с мужским хором из Германии состоялась в Докшицком районе
Папярэдняя сёлетняй сустрэча з хорам мужчын царквы хрысціян-евангелістаў адбылася тры гады таму, якраз у кастрычніку. Традыцыйна ў гэты час, у перыяд водпуску, немцы з беларускімі, рускімі, украінскімі каранямі прыязджаюць у Беларусь, каб яшчэ раз пазнаёміцца з нашай культурай, сустрэцца з вернікамі сваёй царквы, пагутарыць пра сэнс жыцця, Бога…
Залатая восень… Зямля заслана дываном з залаціста-барвовых лісцяў. Яшчэ ярка свеціць сонца, але начамі слупок тэрмометра апускаецца да нуля і ніжэй. Хутка гэта прыгожая пара года пяройдзе ў не менш прыгожую са снягамі і маразамі, холадам і галалёдзіцай. Так доўжыцца тысячагоддзямі, вяртаецца “на кругі свая”. А што адбываецца з чалавекам, яго жыццём? Ці можа ён, “Восстать, как Феникс из пепла”? Канечне, той, хто нарадзіўся, абавязкова памрэ. І не пазбавяць яго ад гэтага ўдзелу ні грошы, ні высокая пасада, нішто іншае. Усведамляць гэта страшна, уявіць немагчыма, як гэта цябе не будзе. А калі будзе, то што?
Проста і лёгка жыць тым, хто верыць у жыццё вечнае, жыве з верай у Бога, упэўнены ў тым, што сын Стварыцеля Езус адпакутаваў за цябе і кожнага чалавека і чакае ўсіх на нябёсах. А там – райскія яблыкі, прыгожы спеў незвычайных птушак, пастаяннае цвіценне руж… Зайздрошчу тым, хто ў гэтым не сумняваецца, а таму спяшаюся на чарговую сустрэчу.
У аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання шматлюдна і мітусліва. Хтосьці ўжо сядзіць на лаўцы ў зале, іншыя яшчэ хутка распранаюцца, каб заняць месца. 13 акуратных, статных мужчын прыцягваюць да сябе ўвагу, зачароўваюць мяккай прыгожай гаворкай, сэнсам сказанага, песнямі.
… На жаль, сёння многія згубілі сапраўдныя каштоўнасці жыцця. Сардэчнасць, цярпенне, міласэрнасць замянілі наркотыкамі, алкаголем, блудам, матэрыяльным дастаткам. Перасталі даражыць сям’ёй, блізкімі, забыліся пра Бога, Яго галоўныя запаведзі. Ідуць да светлай будучыні праз цёмны калідор і святла не бачаць.
– Мы прыехалі сюды, каб у чарговы раз расказаць пра Божую ласку і міласэрнасць, звярнуць увагу на добрыя справы і ўчынкі, на жаданне жыць у міры і згодзе ў першую чаргу з сабой, – гаворыць адзін з прыезджых. – Мэта нашага візіту – прапаведаваць Хрыста жывога і ўваскрэслага. Бог для нас – гэта магчымасць разлічаць дабро і зло, фундамент, на чым будуецца ўсё. Пра Бога можна гаварыць не толькі ў пропаведзях, але праз песні і вершы, што, магчыма, лепш успрымаецца. У нас у асноўным рабочыя спецыяльнасці, але музычную адукацыю мае кожны. Мы іграем на розных музычных інструментах і спяваем, каб славіць Бога, быць разам з ім. Менавіта гэтага жадаем усім.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: спявае капэла хрысціян-евангелістаў з Германіі.
Фота А. Канавалавай.