Выставка «Мир моих увлечений» открылась в Центре творчества детей и молодежи в Докшицах
Прыгажуня-восень усё расфарбавала сваімі цёплымі колерамі. А на сонцы, якое прабіваецца праз шэрыя аблокі і стараецца хоць неяк працягнуць адчуванне лета, гэтыя фарбы здаюцца больш яркімі, нават урачыстымі. Золата і чырвань лісця, пявучы шоргат яго пад нагамі, незвычайны, дзівосны пах паветра – усё натхняе на адчуванне прыгажосці не толькі навакольнага асяроддзя, але і прыгажосці думак і спраў. Нездарма ў гэту цудоўную пару мы адзначаем некалькі добрых святаў. Два з іх – Дзень пажылых людзей і Дзень настаўніка – былі аб’яднаныя ў адну ўрачыстасць, на якой не толькі ўшаноўвалі ветэранаў працы сістэмы адукацыі, але і пазнаёмілі ўдзельнікаў мерапрыемства з творчасцю работнікаў галіны. Выстава “Свет маіх захапленняў” адкрылася ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.
Рукі не для нуды
З рознакаляровых шыўкоў ствараюць свае карціны Валянціна Дваяжонава, Валянціна Зямчонак, Марыя Глінская. А вось Марыя Дранковіч і Аліна Аляхновіч яшчэ і вязанымі вырабамі могуць пахваліцца. Нездарма Аліна Эдуардаўна была прызёрам раённага фестывалю “Твае таленты, педагог”.
Лілія Кокар не так даўно захапілася вышываннем стужкамі, і цяпер сваім майстэрствам дзеліцца з іншымі. Тамара Лазар, акрамя вышывання, займаецца кветкаводствам і засвойвае новыя тэхнікі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Шмат год яна з’яўляецца членам клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў докшыцкага Дома рамёстваў “Докша”.
Любоўю да навакольнага асяроддзя прасякнуты работы з прыроднага матэрыялу Ганны Кароль. Сувеніры з беларускай саломкі вырабляе Эмілія Немкаловіч. Яе работы заўсёды запатрабаваны дзецьмі, якія наведваюць касцёл. Яны выкарыстоўваюць саламяныя вырабы ў якасці падарункаў для сваіх сяброў, нават з-за мяжы.
У Зоі Рамановіч хобі не толькі цікавае і прыгожае, але і смачнае: з дапамогай кулінарнай нарэзкі яна любую страву ператварае ў мастацкі твор. Ганна Шуміліна – кулінар, кветкавод і садавод. Нядаўна ў жанчыны з’явілася новае хобі – бісерапляценне. Творчыя захапленні Наталлі Канцавой самыя розныя. Але самае любімае з іх гэта ласкутнае шыццё, з якім яна з’яўляецца ўдзельнікам і шматразовым прызёрам розных конкурсаў і выстаў. Розныя прыхільнасці ёсць і ў вельмі чулай і неабыякавай Ніны Шнітко.
Слова як бальзам
Урачыстасць прадоўжылася ў сценах храма навукі – Докшыцкай СШ № 2, дзе мясцовы пісьменнік, драматург, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Фёдар Палачанін вітаў удзельнікаў мерапрыемства.
З гонарам на свяце назвалі прозвішчы тых, хто праз словы дорыць нам радасць, прымушае думаць і разважаць. Так, Таісія Гушчына захапляецца тэатрам, кветкаводствам, пранікнёна чытае вершы і прыгожа спявае. Чытала свае вершы на святочным агеньчыку Марыя Януш, спявала песню, створаную на ўласны верш, Людміла Салянка, уздымала настрой гумарыстычнай лекцыяй Галіна Касцючэнка. А потым удзельнікаў мерапрыемства віншавалі вучні, што было прыемна ўдвая. Гледзячы на тых, хто прыйшоў на свята, успомніліся словы аднаго мудраца: “Хто захоўвае здольнасць бачыць прыгожае, той не сталее”.
Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.