Жизнь водителя из Бегомля Докшицкого района, сотканная с километров дорог
Прайшло ўжо амаль 32 гады, як Аляксандр Навіцкі (на здымку) з Бягомля звязаў сваё жыццё з вадзіцельскай справай.
Па словах мужчыны, ён з самага юнацтва мроіў кіраваць менавіта аўтобусам. А таму, адвучыўшыся два курсы пасля школы ў тэхнікуме, дзе рыхтавалі майстраў-механікаў нафтавай прамысловасці, дакладна зразумеў, што гэта не справа яго жыцця, забраў дакументы і вярнуўся дадому. Як і большасць савецкіх юнакоў, ён лічыў, што перш чым шукаць далейшы шлях, трэба адслужыць у арміі. Паўтара года Аляксандр Навіцкі нёс службу ў аўтаўзводзе ў Бароўцы, на астатнія шэсць месяцаў быў накіраваны на цаліну. Гэты час стаў сапраўднай школай жыцця, якая з юнака ляпіла мужчыну.
Пасля службы зноў вярнуўся на маленькую радзіму, уладкаваўся на працу ў тады яшчэ аўтапарк № 3 і сеў за баранку ПАЗа. Дзякуючы рабоце вадзіцеля аўтобуса, давялося Аляксандру Фёдаравічу пабываць у многіх гарадах тады яшчэ адной вялікай краіны. Арганізацыі мелі магчымасць часта заказваць аўтобусы для экскурсійных паездак у мясцовым аўтапрадпрыемстве, і аўтобус Аляксандра Навіцкага намотваў тысячы кіламетраў.
Вядзе свой адлік і кіламетраж па мясцовых маршрутах, куды Аляксандр Фёдаравіч дастаўляе пасажыраў. Не сакрэт, што тыя, хто часта ездзіць у райцэнтр ці іншыя кропкі на карце раёна, ведае і вадзіцеляў, і манеру іх язды, і атмасферу ў салоне аўтобуса. І калі для адной паездкі гэта можа падасца дробяззю, то пры частых вандроўках рэч немалаважная. Аўтобусы, якімі кіруе наш сённяшні герой, як і тэхніка многіх іншых вадзіцеляў, заўсёды ў парадку: чыстыя, акуратныя, дагледжаныя. Ён лічыць, што ў любы рэйс вадзіцелю трэба старацца браць з сабой добры настрой, тады не будзе ні турботных пасажыраў, ні іншых недарэчнасцей, якіх усім хочацца пазбегнуць у дарозе. Простая філасофія, але ж яна і сапраўды спрацоўвае.
Аляксандр Фёдаравіч прызнаецца, што за многае, што мае ў жыцці, ён удзячны сваёй жонцы – Наталлі Васільеўне. Гэта яна падарыла яму дзвюх цудоўных дачок і сына, гэта яна стварае ўтульнасць у іх доме, гэта ёй хапае часу і цярплівасці чакаць мужа з рэйсаў і камандзіровак, не забываючыся пра абавязкі, якіх у кожнай жанчыны безліч. “Добра працаваць, калі ў цябе надзейны тыл дома. Мяне жыццё ўзнагародзіла гэтым спаўна. А работу сваю я проста люблю і пра іншую не мару”, – заканчвае размову субяседнік.
Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота А. Варанковіча.