На свой профессиональный праздник собрались работники агропромышленного комплекса Докшицкого района и перерабатывающей промышленности.
У мінулую суботу ў кінаканцэртнай зале “Іскра” было ўрачыста і шматлюдна.На сваё прафесійнае свята сабраліся работнікі аграпрамысловага комплексу раёна і перапрацоўчай прамысловасці. У фае “Іскры” гучыць музыка, на стэлажах, паліцах выстаўлена прадукцыя перапрацоўчай прамысловасці: хлеб і булачныя вырабы, вяндліна і паўфабрыкаты, сыр, ёгурт, малако… Тут жа заняла сваё месца інспекцыя па насенняводстве, каранціне і ахове раслін з насеннем траў і зерневых. Побач з імі Дом рамёстваў выставіў работы народных майстроў: (разьба па дрэве, салома- і лазапляценне, вышыўкі і чаканкі). Мінулае і сучаснасць аб’ядналіся ў адну мэту: паказаць жыццё беларусаў, іх звычкі і традыцыі, іх працу і захапленні.
Беларусы – людзі з асаблівым характарам. Працавітыя, талерантныя, спагадлівыя. Іх аб’ядноўвае праца і жаданне жыць лепш, чым учора. А працуючы на зямлі, яны аддаюць ёй не толькі цеплыню сваіх рук, але і сэрца, душу, памкненні. “Сялянскаму роду няма пераводу”, – кажуць у народзе, бо менавіта селянін корміць увесь свет. І каб не яго праца, не было б тых вялікіх ды значных навуковых адкрыццяў, задушэўных песень. Не было б жыцця на зямлі.
На сцэне ў беларускіх народных касцюмах ля плота, з-за якога ганарліва высунулі свае галовы сланечнікі, майстры з народа прадуць воўну і ткуць ручнікі, вяжуць снапы, перасыпаюць у далонях зярняты. Нібы туман сцелецца, плыве ў залу песня:
Каравай земли и неба на твоём столе,
Ничего сильнее хлеба нету на земле.
В каждом маленьком кусочке – хлебные поля,
А на каждом колосочке держится земля.
Як заўсёды, узнёсла чытае вершаваныя радкі адна з вядучых мерапрыемства Крысціна Гмырак. Ёй дапамагае Аляксандр Ярыжанец. На сцэну выходзяць лепшыя працаўнікі раёна: камбайнеры з ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” і “Таргуны” Уладзімір Лаўцэвіч і Вячаслаў Аніковіч, аператар машыннага даення ДП “Гняздзілава-Агра” Ганна Калініна і ўручаюць бохан свежага хлеба сёлетняга ўраджаю гаспадару раёна Алегу Леанідавічу Пінчуку. Ён схіляе галаву ў паклоне, цалуе залацісты пахучы каравай.
– Ганаровая і патрэбная ваша праца, – гаворыць старшыня райвыканкама. – Яна высока цэніцца, шкада, што не заўсёды, напэўна, належным чынам аплачваецца. Аднак няма цаны таму, што вы робіце, працуеце сумленна, з душой, не пакладаючы рук. Валавая вытворчасць зерня сёлета склала 66678 тон, а гэта 107 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. У сярэднім з кожнага гектара сабралі па 24 цэнтнеры зерня. ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, “Таргуны” і СГФ “Бягомльскі” ААТ “Віцебскдрэў” дасягнулі па намалотах яшчэ большага ўзроўню. А таму Уладзімір Лаўцэвіч (ААТ Докшыцкі райаграсэрвіс) намалаціў за сезон 2115 тон зерня, Вячаслаў Аніковіч (ААТ “Таргуны”) – 1500 тон, толькі крыху менш Аляксандр Кудзерка з ДП “АграСітцы”.
На ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавалі ў сярэднім 23 цэнтнеры кармавых адзінак. Старанна працавалі механізатары, за
штурвал “КВК” садзіліся нават спецыялісты. Адзін з іх – галоўны інжынер СГФ “Бягомльскі”, які дасягнуў самых высокіх паказчыкаў у нарыхтоўцы траў. Дарэчы, філіял нарыхтаваў дзве гадавыя нормы кармоў, а вышэй за сярэднераённы паказчык маюць іх ААТ “Барсучанка” і “Докшыцкі райаграсэрвіс”. І няхай кліматычныя ўмовы не былі спрыяльнымі для аграрнікаў, дзякуючы самаадданай працы і сялянскай кемлівасці з цяжкасцямі справіліся.
Алег Леанідавіч спыніўся на дасягненнях у жывёлагадоўлі – галіне, якая працуе на вынік круглы год і нават не адзін. Валавая вытворчасць малака за 10 месяцаў склала 30511тон, сярэдні надой ад каровы – 2778 кілаграмаў. Лідарства ў гэтым трымаюць ДП “Гняздзілава-Агра”, ААТ “Таргуны” і СГФ “Бягомльскі”.
Напрыклад, Ганна Калініна з “Гняздзілава-Агра” надаіла ад кожнай жывёліны сваёй групы 5378 кілаграмаў малака, Тамара Маскалёнак з “Таргуноў” – 5234 кілаграмы, а Ганна Батура з “Бягомльскага” – 4209 кілаграмаў.
Старшыня райвыканкама гаварыў пра вытворчасць мяса і называў прозвішчы лепшых работнікаў. Спыніўся на мадэрнізацыі ферм, без чаго будучае ў вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі немагчыма. Не абмінуў сказаць пра поспехі перапрацоўчай галіны. Выказаў удзячнасць калектывам хлеба- і малаказаводаў. Адзначыў шэфскую дапамогу. Ён павіншаваў усіх, хто заняты ў сельскагаспадарчай вытворчасці, пажадаў далейшых поспехаў, здароўя, шчасця.
Затым на сцэну запрасілі начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Сяргея Абіралу. Ён віншуе працаўнікоў аграпрамысловага комплексу са святам, нагадвае станоўчыя вынікі, акрэслівае недахопы.
– Ніякія льготы, надбаўкі, крэдыты, змяненні формы ўласнасці не прынясуць карысці, калі мы не навучымся лічыць кожны рубель, укладзены ў вытворчасць, калі ў земляробстве не станем апірацца на новыя тэхналогіі, не ўмацуем вытворчую, працоўную і тэхналагічную дысцыпліну. Менавіта такі падыход павінен стаць нормай у рабоце кожнай арганізацыі, – гаварыў Сяргей Уладзіміравіч.
Затым пачынаецца самая прыемная частка мерапрыемства – ушанаванне перадавікоў вытворчасці.
Пераможцам у раённым спаборніцтве сярод сельскагаспадарчых арганізацый 1 групы, якая заняла першае месца ў намінацыі “Павышэнне ўраджайнасці і павелічэнне вытворчасці зерня”, прызнаны калектыў ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Ён выйшаў пераможцам і ў яшчэ дзвюх намінацыях: “Павышэнне ўраджайнасці, павелічэнне вытворчасці насення алейнага рапсу” і “Вытворчасць мяса”.
На сцэну запрашаюць прадстаўнікоў калектыву СГФ “Бягомльскі” ААТ “Віцебскдрэў”, які прызнаны лідарам сярод арганізацый 2-й групы ў намінацыі “Павышэнне ўраджайнасці і павелічэнне вытворчасці зерня”. Гэты калектыў выйшаў на трэцяе месца ў павышэнні ўраджайнасці, павелічэнні вытворчасці насення алейнага рапсу.
За дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці мяса першае месца прысуджана калектыву ААТ “Таргуны”. У намінацыях “Павышэнне ўраджайнасці і павелічэнне вытворчасці зерня”, а таксама “Вытворчасць малака” калектыў заняў два другія месцы.
Пераможцам раённага спаборніцтва сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна ў намінацыі “За павышэнне ўраджайнасці, павелічэнне вытворчасці і продажу дзяржаве льновалакна” становіцца калектыў ААТ “Барсучанка”, які выйшаў на другое месца ў вытворчасці алейнага насення рапсу.
Па вытворчасці малака першае месца ў раёне прысуджана калектыву ДП “Гняздзілава-Агра”. Ён жа атрымаў другое месца ў намінацыі “Павышэнне ўраджайнасці і павелічэнне вытворчасці зерня”. А сярод арганізацый 2-й групы ў гэтай намінацыі другое месца прысуджана ААТ “Замастачанскае”.
Надзейнасць, працавітасць, адказнасць, любоў да роднай зямлі. Гэтыя словы адносяцца да тых людзей, якія выйшлі ў пераможцы індывідуальнага спаборніцтва. На сцэну адзін за другім падымаюцца:
Уладзімір Лаўцэвіч і Віктар Суднік – камбайнеры ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”;
Анатоль Каралёнак – вадзіцель ААТ “Барсучанка”;
Анатоль Трус і Віктар Раткевіч – вадзіцелі ААТ “Таргуны”;
Мікалай Кішыла – камбайнер ДП “АграСітцы”;
Уладзімір Дударонак – вадзіцель СГФ “Бягомльскі”;
Ганна Калініна – аператар машынннага даення ДП “Гняздзілава-Агра”;
Павел Мядзведзеў – жывёлавод, Наталля Дорц – аператар па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы, Таццяна Бузак – аператар на адкорме маладняку буйной рагатай жывёлы, Іван Рубаняк – загадчык МТФ “Двор”, Васіль Варанковіч – тэхнік-асемянатар ААТ “Таргуны.
Лепшымі галоўнымі аграномам прызнаны Васіль Грыгаровіч, а эканамістам – Ірына Траба з ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, галоўным заатэхнікам – Алена Бобрык з СГФ “Бягомльскі”, галоўным бухгалтарам – Лілія Клімовіч з ААТ “Барсучанка”, галоўным ветэрынарным урачом Ірына Міхно, а галоўным інжынерам – Павел Януковіч з ДП “АграСітцы”.
Лепшых сярод лепшых узнагароджвае начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. На сцэну запрашаюцца:
з ААТ “Таргуны” Вячаслаў Аніковіч (другое месца сярод экіпажаў камбайнераў, занятых на ўборцы зерневых); Алег Радзевіч (другое месца сярод маладых камбайнераў); Тамара Маскалёнак (другое месца сярод аператараў машыннага даення раёна);
з ДП “Гняздзілава-Агра” Валерый Лісіца (другое месца на перавозцы зерня і адвозцы травяных кармоў); Аляксандр Валуй (другое месца сярод аператараў па абслугоўванні дойнага статка); Таццяна Кучко (другое месца сярод аператараў па вырошчванні БРЖ); а таксама загадчык МТФ “Атрубок” Віктар Жалюбчык і тэхнік-асемянатар Уладзімір Матошка;
з ААТ “Барсучанка” Іван Аляхновіч і Міхаіл Левановіч (адпаведна, трэцяе і другое месцы сярод вадзіцеляў на адвозцы зерня); Леанід Жызнеўскі (другое месца сярод камбайнераў
кормаўборачных камбайнаў);
з ДП “АграСітцы” Аляксандр Кудзерка (трэцяе месца сярод камбайнераў зернеўборачных камбайнаў); Яўген Кімстач (другое месца сярод аператараў на адкорме БРЖ); Сяргей Грыгаровіч (другое месца сярод вадзіцеляў на адвозцы зерня);
з ДП “АграБераснёўка” Вадзім Ляўко (трэцяе месца сярод маладых камбайнераў); Аляксандр Герасімёнак (трэцяе месца на адвозцы травяных кармоў); Наталля Карзінок (трэцяе месца сярод тэхнікаў-асемянатараў);
з СГФ “Бягомльскі” ААТ “Віцебскдрэў” Аляксандр Парфяновіч (трэцяе месца сярод камбайнераў кормаўборачных камбайнаў); Ганна Батура (трэцяе месца сярод аперат
араў машыннага даення); Кацярына Сланеўская (трэцяе месца сярод аператараў па вырошчванні маладняку БРЖ); Юрый Гурло (трэцяе месца сярод загадчыкаў малочнатаварных ферм).
Цёплыя словы віншаванняў, дыпломы, кветкі, музыка – усё было ў той дзень для работнікаў аграпрамысловага комплексу і перапрацоўчай прамысловасці. Хвала і пашана людзям, якія працуюць на карысць грамадства.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКАХ: 1. Лепшыя працаўнікі СГФ “Бягомльскі” на чале з дырэктарам А.М. Бальшуновым (у цэнтры). 2. Выступае начальнік райсельгасхарчу Сяргей Абірала. 3. Хлеб новага ўраджаю з рук Ганны Калінінай, Вячаслава Аніковіча і Уладзіміра Лаўцэвіча. 4. На сцэне – сялянская праца мінулых гадоў.
Фота В. Чарвінскага.