Плаванне — гэта два ў адным: і задавальненне, і карысць

IMG_6324Такога меркавання прытрымліваюцца вучань СШ № 2 Міхаіл Марціновіч і настаўнікі Ірына Марковіч і Уладзімір Вахавіч (на здымку). Вядома, што любы від спорту карысны для здароўя чалавека, а плаванне, як ніякі іншы, развівае мышачную тканку, збаўляе нас ад лішніх калорый, дапамагае навесці фігуру і расслабіцца.

У спаборніцтвах па плаванні сярод працоўных калектываў, якія прайшлі ў водна-аздараўленчым цэнтры, актыўна ўдзельнічалі нашы сённяшнія героі. Дзякуючы каманднай згуртаванасці і лоўкасці, яны атрымалі перамогу і заваявалі для школы Дыплом І ступені.

— Плаваннем пачала займацца яшчэ ў 5 класе, — дзеліцца настаўніца працоўнага навучання СШ № 2 Ірына Марковіч. – На той час вучылася ў адной з віцебскіх школ. Памятаю, як наш клас прывялі ў басейн. Плаваць я на той час зусім не ўмела, нават баялася, у адрозненне ад астатніх дзяцей, але, пераадолеўшы свой страх, папрасілася ў трэнера наведваць секцыю. У хуткім часе не толькі навучылася добра плаваць, але ездзіла на розныя абласныя і рэспубліканскія спаборніцтвы, дзе заваёўвала прызавыя месцы.

Ірыну Міхайлаўну часта можна ўбачыць у водна-аздараўленчым цэнтры — яна працуе там інструктарам і вучыць дзетак плаваць.

— Не так даўно, да з’яўлення басейна ў Докшыцах, па “водныя працэдуры” наша сям’я ездзіла ў санаторый “Баравое”, — гаворыць Ірына. — Зараз ва ўсіх жыхароў раёна з’явілася цудоўная магчымасць аздараўлівацца на месцы. Прыемна бачыць, калі ў цэнтр прыходзяць нават людзі пенсійнага ўзросту. З іх, напэўна, трэба браць прыклад нашаму маладому пакаленню.
Уладзіміра Вахавіча з маленства вучыў плаваць яго бацька. Пазней хлопец працягваў займацца плаваннем, калі вучыўся ў каледжы, а потым і ва ўніверсітэце. Заняткі не прайшлі дарэмна. Сваю будучую прафесію ён звязаў са здаровым ладам жыцця, і зараз настаўнік фізічнай культуры далучае да спорту сваіх навучэнцаў.

— Перавагу аддаю футболу, свайму любімаму віду спорту, — расказвае Уладзімір. — А плаванне дапамагае падтрымліваць фізічную форму, каардынаваць рух, развіваць плечавы пояс — усё гэта спрыяе лепшай гульні.

У сваё хобі запісаў плаванне і дзясяцікласнік Міша Марціновіч. Хлопчык з’яўляецца частым госцем басейна. Ён і яго сябры-аднадумцы лічаць, што менавіта тут можна атрымаць большую асалоду, чым дома, седзячы ля камп’ютара.

Але не толькі ў плаванні моцныя Ірына Марковіч і Уладзімір Вахавіч. Калі трэба прыняць удзел у школьным канцэрце — Ірына Міхайлаўна з радасцю пацешыць гледача прыгожай песняй. Заўсёды ў першых радах яна і на турыстычным злёце. Адным словам, актыўная, спартыўная. Малады настаўнік фізкультуры гэтым летам вырашыў праверыць свае сілы і даведацца, колькі каштуе хлеб у прамым сэнсе гэтага слова. Многія бачылі яго на фотаздымках у раёнцы, калі поўным ходам ішла ўборачная кампанія. Гэта ён быў памочнікам ва Уладзіміра Лаўцэвіча. Сёлета іх экіпаж выйшаў у лік пераможцаў абласнога спаборніцтва па намалоце зерня. На наступны год Уладзімір плануе зноў папрацаваць на хлебнай ніве.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *