Экономист и профсоюзный лидер — в одном лице
Сёлета ў чарговы раз за некалькі апошніх гадоў галоўнага эканаміста ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Ірыну Траба прызналі лепшай па прафесіі. Гэтай справе аддала жанчына ўсё сваё свядомае жыццё, хаця кола інтарэсаў гэтым не абмяжоўвалася. Яшчэ ў Бярозаўскай школе яна вяла актыўны лад жыцця. Была лідарам акцябрацкай, а затым піянерскай арганізацый. У інстытуце народнай гаспадаркі атрымала два дыпломы: эканаміста і прапагандыста, бо скончыла і факультэт грамадскіх прафесій. А таму, як толькі прыступіла да работы эканамістам у райсельгастэхніцы, адразу стала і прапагандыстам райкама партыі. Ёй шчасціла на добрых, мудрых людзей. Першым настаўнікам, пад кіраўніцтвам якога давялося працаваць, быў Аўчыннікаў. Яго ўменню зносінаў з людзьмі і вырашэнню праблем, прадбачанню далейшай сітуацыі можна было толькі пазайздросціць. І павучыцца. Пасля сябе ён пакінуў выразны след у раёне. Напрыклад, узведзеная ў Параф’янаве база мінеральных угнаенняў і цяпер не толькі функцыянуе, а мае стратэгічнае значэнне. Пэўны жыццёвы вопыт перадаў старшыня райсельгасхіміі Віктар Апанасевіч. У цяжкіх эканамічных умовах ён першым у раёне з мэтай захавання калектыву пайшоў на далучэнне тады адстаючага сельгаспрадпрыемства — саўгаса “Чырвонабярэзінскі”. Бачаннем перспектывы развіцця вызначаўся трэці кіраўнік арганізацыі, дзе працавала Ірына Траба, – Мікалай Шульгат. Тое, што будучыня залежыць не ад дробных ферм, а ад буйных жывёлагадоўчых комплексаў, ён адчуў адным з першых у раёне і пачаў рэканструкцыю, канцэнтрацыю жывёлы на вялікім комплексе. Такім чынам, зразумела, лягчэй кіраваць падначаленымі і даглядаць жывёлу. У дадзеным выпадку эканомяцца электраэнергія і іншыя энерганосьбіты. Хаця сёння галоўны эканаміст канстатуе, што парытэт цэн ніяк не можа задавальняць аграрнікаў. Зерне не акупляе сябе. Затраты на яго вырошчванне большыя, чым закупачны кошт.
Эканаміст — гэта не заўсёды кабінетны работнік. Асабліва на пачатку дзейнасці трэба “памацаць” сваімі рукамі ўсё тое, з чым сустрэнешся на паперы. Шмат часу аддае вытворчасці эканаміст і пасля, калі праводзіць, напрыклад, хранамятраж электраэнергіі. Жывую работу з людзьмі Траба любіць больш, чым кабінетную, хаця і ў кабінет заходзяць да яе часта, каб удакладніць расцэнкі, нават паспрачацца ў нейкіх пытаннях. Аднак чалавек, які вядзе эканамічную службу арганізацыі і адначасова з гэтым сумяшчае прафсаюзную дзейнасць (на працягу многіх гадоў з’яўляецца старшынёй прафкаміта, а дапоўнены калектыўны дагавор таварыства прызнаны адным з лепшых у вобласці), у стане вырашыць многія пытанні на карысць чалавека. Значыць, умее кантактаваць, прынцыпова і па законе адстойваць правы работніка і ў той жа час клапаціцца пра фінансавую стабільнасць прадпрыемства.
Усходнія мудрацы гавораць: стаяць на месцы, значыць, ісці назад. Пярэчыць ісціне не стала Ірына і, нягледзячы на 36-гадовы працоўны стаж, пастаянна ўдасканальвае свае веды.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: Ірына Траба.
Фота А. Варанковіча.