Остров света, надежды и знаний

Парплішчанскай школе — 130 год.

Адна са старэйшых школ раёна справіла  130-гадовы юбілей. Добра падрыхтаванае свята атрымалася шумным, вясёлым, прыгожым і маляўнічым. На ім прысутнічала шмат гасцей, былі ўзнагароды, кветкі і падарункі. Вялікі плюс школе, што здолела захаваць сваю гістарычную памяць, быць удзячнай сваім папярэднікам, якія на працягу такога вялікага адрэзку часу неслі святло ведаў у парплішчанскі край.

Як усё пачыналася

Рисунок1

Парплішчанская польская сямігодка. 1929 г.

Адлік сваёй гісторыі Парплішчанская школа вядзе ад царкоўна-прыходскай, якая была заснавана ў мястэчку ў 1884 годзе. У ёй праваслаўны святар навучаў дзяцей Закону Божаму, малітвам, асновам пісьма, ліку. Але існуюць дакладныя гістарычныя звесткі, што асвета ў Порплішча прыйшла на цэлых 20 год раней. Імператар Аляксандр ІІ, адразу пасля адмены прыгону, пачаў прагрэсіўныя змены ў многіх галінах, у тым ліку і народнай адукацыі. Паўсюдна ў імперыі сталі адкрывацца двухкласныя народныя вучылішчы, з’явіліся яны ў Докшыцах і вёсцы Порплішча. На той час гэта быў самы прагрэсіўны тып пачатковай школы. У ёй вывучалі Закон Божы, рускую мову, арыфметыку, царкоўныя спевы, рамёствы (для хлопчыкаў) і рукадзелле (для дзяўчынак). Праз два гады ў Парплішчанскім вучылішчы навучаліся 33 хлопчыкі. Адным з першых настаўнікаў быў Дзмітрый Шылко, які скончыў курс Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. Такім чынам, у Парплішчанскай школы ёсць ўсе падставы ганарыцца ўзростам даўжынёй 150 год.
Пасля забойства ў 1881 годзе народавольцамі Аляксандра ІІ, у Расіі пачаўся разгул рэакцыі, для якога характэрна адмаўленне ад многіх прагрэсіўных момантаў палітыкі забітага імператара. Нядаўна адкрытыя вучылішчы сталі закрывацца. Пэўна, такі ж лёс спасціг і парплішчанскае. Адкрытая праз пару год царкоўна-прыходская школа выхоўвала дзяцей у духу вернасці праваслаўю і цару.
ХХ стагоддзе з імклівым навукова-тэхнічным прагрэсам патрабавала адукаваных людзей. І зараз ужо імператар Мікалай ІІ узначаліў рэформу народнай адукацыі. У Расіі сталі зноў адкрывацца народныя вучылішчы. У 1909 годзе яно было адкрыта і ў Порплішчы. Нямецкая акупацыя ў Першую імперыялістычную вайну, затым польская перарвалі вучобу вясковых дзяцей. Затое палякі праз год пасля таго, як тэрыторыя Заходняй Беларусі адышла да Польшчы, адкрылі ў Порплішчы не чатырохкласную школу, як усюды, а сямігодку. Гэта адукацыя дазваляла дзецям багатых сялян вучыцца далей, нават у Віленскім універсітэце. Што некаторыя і рабілі. Вывучаць у школе родную беларускую мову парплішчанскія дзеці атрымалі магчымасць толькі ў 1939 годзе пасля аб’яднання Беларусі. У гады вайны школа не працавала, заняткі ў ёй былі адноўлены адразу пасля вызвалення. У 1951 годзе яна стала васьмігодкай, а ў 1959-м – першай у раёне перайшла на 11-гадовы тэрмін навучання. У гэтым жа годзе настаўнікі і вучні заклалі ля школы сад. Для тых часоў, калі фрукты былі вялікім ласункам, а калгаснікі за кожнае фруктовае дрэва яшчэ зусім нядаўна плацілі падатак, гэта было вялікай справай. Пачынаючы з 1962 года, у школе сталі вучыць спецыяльнасці садавода-агародніка. У гэты ж час у ёй пачаў складвацца педагагічны калектыў, які забяспечыў у далейшым гэтай установе адукацыі надзвычай цудоўны век.

Час Ніканора Сясіцкага

 

Яніна і Ніканор Сясіцкія.

Яніна і Ніканор Сясіцкія.

Першым дырэктарам у пасляваеннай Парплішчанскай школе быў Баляслаў Кажарновіч. Пасля яго арышту на гэту пасаду быў прызначаны Іван Голуб. Затым дырэктарамі былі: Сяргей Шайтар, Браніслаў Шыманоўскі, Пётр Курыловіч, Пракофій Сідараў, Ніканор Сясіцкі, Аляксандр Ізавітка, Людміла Вайцяховіч, Дзмітрый Парцянка. Сярод іх самай яркай зоркай на дырэктарскім небасхіле, безумоўна, быў Сясіцкі. Зараз яму хутка 85, але і да сённяшняга гэты чалавек не страціў той харызмы, за якую паважала начальства і бясконца любілі падначаленыя. Постаць Ніканора Андрэевіча прыгнуў час, але нічога не змог зрабіць з інтэлектам. На юбілеі школы легендарны дырэктар стаў яго галоўным героем. Песні, вершы ў яго выкананні, трапныя і вострыя жарты зрабілі мерапрыемства жывым і непаўторным.
Яго калегі ўспамінаюць, што дырэктарам ён быў строгім, але справядлівым. Падначаленыя за ім былі, як за каменнай сцяной. Пабудаваў новы будынак школы, у якім яна месціцца і зараз. Меў энцыклапедычныя веды ва ўсіх галінах. Ніканор Андрэевіч ад прыроды быў шчодра надзелены мастацкімі здольнасцямі і любіў людзей падобных да сябе. Таму той, хто хацеў працаваць у яго школе, павінен быў быць «майстрам», а не толькі ўмець выкладаць свой прадмет. Менавіта такімі настаўнікамі былі правая рука дырэктара яго намеснік Франц Вайцяховіч, а таксама Галіна Чарнова, Марыя Вайцяховіч, Антаніна Сарокіна, Яўгенія Лярко, Раіса Пупіна, Ірына Сауліч, Ірына Жук, Леаніда Федарэнка і іншыя. У школе працавалі тры заслужаныя настаўнікі БССР, у тым ліку і сам дырэктар. Настаўнік матэматыкі Каюм Сапежка спяваў, іграў практычна на ўсіх інструментах, кіраваў хорам і вакальнай групай, збіраў маркі і манеты, майстраваў вырабы з дрэва, быў лектарам. Пра яго асабістую бібліятэку ў 3 тысячы тамоў пісала нават самае папулярнае перыядычнае выданне СССР “Літаратурная газета”.
Для Парплішчанскай школы падобны выхад на усесаюзны ўзровень у той час быў справай звычайнай. Упершыню гэта адбылося ў 1974 годзе. Пасля міністэрскай праверкі, школа займела гонар прадстаўляць дзяцей Беларусі ў шматсерыйным дакументальным фільме “Дзеці краіны Саветаў”. Вучаніцы Ірыны Сауліч Ганна Сясіцкая, Люда Вашчанка і Ліля Скіпар у 1976 годзе напісалі лепшыя ў вобласці сачыненні на тэму “Мая родная школа”. Па іх потым таксама была знята кінастужка. Да свайго захаплення кветкамі настаўніца біялогіі і нямецкай мовы Антаніна Сарокіна далучыла вучаніц Валю Лярко, Марыю Курто, Алену Пупіну, ды так, што дзяўчаты атрымалі на Усесаюзнай выставе дасягненняў народнай гаспадаркі бронзавыя медалі. Імі ж былі ўзнагароджаны і настаўніцы Людміла Вайцяховіч і Ірына Сауліч за навуковую арганізацыю працы.

Выпускнікі школы 1979 года.

Выпускнікі школы 1979 года.

У 1967 годзе на былой пустэчы быў закладзены дэндрапарк, які даглядаў Уладзімір Мажораў. Асаблівыя адносіны да зямлі, стварэння прыгажосці на ёй, плённа працягваюць сённяшнія гаспадары школы.

Прымнажаючы лепшыя традыцыі

Вялікі ўклад у дзейнасць прышкольнага ўчастка ўнесла біёлаг Людміла Вайцяховіч. Новы віток гэта справа набыла ў час, калі дырэктарам стаў Дзмітрый Парцянка. Пачынаючы з 1999 года, Парплішчанская СШ некалькі год была пераможцам раённага агляду-конкурсу на лепшы прышкольны ўчастак. 2004 год прынёс перамогу ў конкурсе на лепшую спартыўную базу і стан фізкультурна-аздараўленчай работы. У сапраўдны зялёна-кветкавы аазіс, дзе кожны яе куточак – гэта прыклад эстэтычнага густу яе насельнікаў, школа ператварылася, дзякуючы плённай працы настаўнікаў і вучняў пад кіраўніцтвам дырэктара Аксаны Палачанінай.
Сваёй прыгожай школай сённяшнія вучні ганарацца перад былымі выпускнікамі, многія з якіх завіталі на юбілей і не з пустымі рукамі, а з падарункамі і кветкамі для любімых настаўнікаў. У каторы раз прызнаваліся любімай школе ў любві першы намеснік начальніка авіяцыі МНС Рэспублікі Беларусь Тадэвуш Курсевіч, старшыня Глыбоцкага райста Марына Толкач, дырэктар Глыбоцкага хлебазавода Алег Толкач, галоўны санурач гэтага ж раёна Станіслаў Скіпар, урач Эліна Сапежка, дырэктар РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Дзмітрый Каляга і іншыя.

Ганаровую грамату райвыканкама, якой узнагароджаны калектыў Парплішчанскай СШ, яе дырэктару А.Э. Палачанінай уручае намеснік старшыні райвыканкама В. Ю. Рандарэвіч.

Ганаровую грамату райвыканкама, якой узнагароджаны калектыў Парплішчанскай СШ, яе дырэктару А.Э. Палачанінай уручае намеснік старшыні райвыканкама В. Ю. Рандарэвіч.

Па-святочнаму прыбраная школа была рада кожнаму госцю: раённаму кіраўніцтву ў асобе намесніка старшыні райвыканкама В.Ю. Рандарэвіч і начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Д.Д. Парцянкі, былым настаўнікам і выпускнікам, бацькам вучняў і дырэктарам суседніх школ, бо кожны з гэтых людзей у розны час унёс свой уклад у існаванне таго, што завецца Парплішчанскай сярэдняй школай.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ і Вячаслаў ЧАРВІНСКІ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *