В Ситцевском сельсовете Докшицкого района Виктор Мицкевич достойно несёт службу старейшины

IMG_7274Грамадскую пасаду старэйшыны вёскі Курдзекі Сітцаўскага сельсавета Віктару Міцкевічу (на здымку) даручылі тры гады таму. За гэты час мужчына здолеў заваяваць аўтарытэт у сваіх аднавяскоўцаў. Дзякуючы ініцыятыўнасці і сваёй актыўнай жыццёвай пазіцыі, Віктару Іванавічу ўдаецца вырашаць усе пытанні, з якімі да яго звяртаюцца людзі. Калісьці, у 70-я гады, Курдзекі лічыліся па колькасці насельніцтва самай вялікай вёскай у раёне. Мясцовыя жыхары нават празвалі яе “малым Кітаем”. Зараз тут налічваецца ўсяго 59 чалавек, палова з якіх пенсійнага ўзросту, шмат адзінокіх пажылых людзей, якім ужо не па сілах апрацаваць нават невялікі кавалак зямлі. І хто, як не старэйшына, можа дапамагчы справіцца з жыццёвымі пытаннямі, аказаць падтрымку.

– Працавітасць Міцкевіча – адна з яго вызначальных рыс, –гаворыць старшыня Сітцаўскага сельвыканкама Ізабэла Януковіч. – Калі было ўзнята пытанне наконт добраўпарадкавання мясцовых могілак, ён адзін з першых уключыўся ў работу, задзейнічаў сваю тэхніку. Любую справу можна даручыць Віктару Іванавічу: трэба вырашыць пытанні вулічнага асвятлення ці зрабіць падсыпку дарогі – усё пад пільным вокам старэйшыны.

Пры Сітцаўскім сельвыканкаме створана аглядавая камісія па супрацьпажарнай бяспецы, у якую ўваходзіць і Міцкевіч. Ён, як былы супрацоўнік аддзела МНС, падкажа аднавяскоўцам, каму трэба электраправодку замяніць, а каму і печ адрамантаваць.

Віктар Іванавіч — карэнны жыхар Курдзек, але маладыя гады яго прайшлі ў Латвіі. Пасля заканчэння Ленінградскага пажарна-тэхнічнага вучылішча прыйшлося некаторы час папрацаваць за межамі Беларусі. У пачатку 90-х вярнуўся ў родную вёску, дзе ўладкаваўся начальнікам змены ПАВЧ №1 РАНС. На пенсію аформіўся па выслузе гадоў, паспрабаваў сябе ў аграноміі і садаводстве. Але вырашыў, што лепш будзе дапамагаць жонцы. Вольга працуе сацыяльным работнікам, клапоціцца пра сваіх падапечных. Выконвае ўсе свае абавязкі, калі наведваецца да пажылых людзей, а цяжэйшую работу давярае мужу, за якую Віктар бярэцца з лёгкасцю. Прынесці дроў ці вады, зімою расчысціць сцяжынкі, прывезці з аптэкі лекі – гэта лічыць сваім абавязкам.
Віктар Іванавіч і Вольга Браніславаўна пражылі разам 25 год. У сям’ і нарадзіліся два сыны, якія пачалі будаваць сваё самастойнае жыццё. Старэйшы працуе аграномам на віцебскай птушкафабрыцы, малодшы – будуе шматпавярховікі ў сталіцы. Абодва стараюцца часцей прыязджаць да бацькоў, дапамагаюць ім па гаспадарцы, а яна ў Міцкевічаў немалая.
– Нягледзячы на ўласныя клопаты, не забываюся пра сваіх землякоў. Калі трэба чалавеку патрапіць у раённы цэнтр у паліклініку – на сваім транспарце дастаўлю, – гаворыць старэйшына. – Людзі ў нас спагадлівыя, трэба ім дапамагаць ва ўсім. У свой час я сам звяртаўся з рознымі просьбамі – і мне не адмаўлялі.

Органы грамадскага самакіравання – злучальнае звяно паміж уладай і насельніцтвам. Жыхары не адчуваюць сябе пакінутымі і адарванымі ад жыцця, калі побач жыве нераўнадушны чалавек – вясковы старэйшына. І добрых спраў на рахунку гэтага вясковага “камандзіра” вельмі шмат.

Таццяна
ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *