Моладзь Беларусі: адкрыты дыялог
У Мінску 19-20 студзеня ў фармаце адкрытага дыялогу «Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня» прайшоў 42-і з’езд БРСМ. У першы дзень работы з’езда стартавала патрыятычная акцыя «Мы помнім і ганарымся», прысвечаная 70-годдзю Вялікай Перамогі. Акцыя прадоўжыцца па ўсёй Беларусі вахтамі памяці, мітынгамі, фестывалямі і форумамі, сустрэчамі з ветэранамі. 20 студзеня ў Палацы Рэспублікі адкрылася выстаўка патрыятычнай фатаграфіі «Разам дом пабудуем», на якой прадстаўлены найбольш яркія моманты з жыцця арганізацыі.
Цэнтральным мерапрыемствам з’езда стаў адкрыты дыялог «Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня», у фармаце якога прайшлі сустрэчы дэлегатаў з’езда з кіраўніком дзяржавы, прадстаўнікамі кіраўніцтва і творчымі дзеячамі рэспублікі.
На з’ездзе падведзены вынікі работы арганізацыі, а таксама выбудавана стратэгія развіцця на бліжэйшыя гады. Першым сакратаром ЦК ГА «БРСМ» выбраны Андрэй Белякоў, выбраны Цэнтральны камітэт у складзе 27 чалавек, унесены змяненні і дапаўненні ў статут арганізацыі і зацверджаны новы ўзор маладзёжнага білета — у выглядзе банкаўскай карткі. БРСМ прынята рашэнне накіраваць прэмію Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» на стварэнне маладзёжнага патрыятычнага цэнтра на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці. У год высокай палітычнай адказнасці, якім будзе для ўсёй краіны 2015-ы, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі мае намер прыняць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні кампаніі па выбарах Прэзідэнта. Да 70-годдзя Перамогі БРСМ плануе рэалізаваць рэспубліканскі патрыятычны праект «Кветкі Вялікай Перамогі!». Сімвал праекта — кветка яблыні з чырвона-зялёнай стужачкай — сведчанне працвітання і поспеху суверэннай незалежнай Беларусі за апошнія 20 гадоў. У планах БРСМ на 2015 год рэалізацыя шэрагу праектаў грамадзянска-патрыятычнай тэматыкі, падтрымка маладзёжных ініцыятыў, забеспячэнне занятасці моладзі, у тым ліку развіццё студатрадаўскага руху.
У заключны дзень форуму ў яго рабоце прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. У сваім выступленні ён даў ацэнку дзейнасці БРСМ, закрануў асноўныя праблемы, якія хвалююць сучасную моладзь. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў рэспубліканскі патрыятычны праект «Кветкі Вялікай Перамогі!» і ўручыў пераходны сцяг, заснаваны ўказам Прэзідэнта, студэнцкаму будаўнічаму атраду «Дзвіна» імя Героя Савецкага Саюза В.І. Яронькі, які прызнаны лепшым па выніках 2014 года.
Віцебскую вобласць на з’ездзе прадстаўляла дэлегацыя з сотні чалавек – маладзёжных лідараў усіх куткоў рэгіёна. Ад нашага раёна ў яе склад увайшла першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Таццяна Гайчук (на здымку злева), якая падзялілася ўражаннямі ад гэтай падзеі.
– Шчыра кажучы, упершыню давялося прымаць удзел у мерапрыемстве такога маштаба і сур’ёзнага ўзроўню падрыхтоўкі. Было вельмі радасна адчуваць падтрымку і, у цэлым, добрае стаўленне да нашай маладзёжнай арганізацыі ўсіх структур. Прысутнічала пачуццё вялікай адказнасці і, разам з тым, глыбокая ўдзячнасць Прэзідэнту краіны за тое, што была падтрымана ініцыятыва “БРСМ” і бягучы год аб’яўлены Годам моладзі.
З’езд быў насычаны рознымі падзеямі. Мы прымалі ўдзел ва ўрачыстым ускладанні кветак на плошчы Перамогі, мелі магчымасць паглядзець фільм “Государственная граница. Фильм девятый. Курьеры страха”, пасля чаго была арганізавана сустрэча з яго стваральнікамі. Такі форум – выдатная пляцоўка для таго, каб падзяліцца вопытам, наладзіць супрацоўніцтва паміж райкамамі і паглядзець на паўсядзённую работу па-новаму.
Усё для паляпшэння становішча моладзі
Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Беларусь — адна з нямногіх дзяржаў, дзе маладзёжнаму руху ўдзяляецца асаблівая ўвага. Як кіраўнік дзяржавы я стаўлю ў шэраг першарадных стратэгічных задач фарміраванне такога маладога пакалення, якое складала б ядро нашай працавітай, адукаванай і здаровай нацыі».
«Дзяржава ніколі не пакіне маладых людзей сам-насам са сваімі праблемамі, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Мы гатовы выбудоўваць нашы адносіны з моладдзю на поўным узаемным даверы. Дзяржава зробіць усё для рэалізацыі канкрэтных мер, накіраваных на паляпшэнне становішча моладзі ў краіне».
На думку Прэзідэнта, адказнасць, самастойнасць, ініцыятыва павінны стаць галоўнымі рысамі пакалення моладзі, а разам з ім — і ўсёй краіны. У сваю чаргу дзяржава, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, не здымае з сябе задачы стварэння неабходных умоў для самарэалізацыі і адукацыі моладзі. «Дзяржава па-ранейшаму будзе стаяць на яе абароне, дапамагаць у адаптацыі да сучасных умоў, каб мы ўсе разам змаглі пайсці далей, да больш высокай якасці жыцця», — заявіў Прэзідэнт.
Падтрымка маладых сем’яў
«Трэба сумленна прызнаць, што ў нечым з гэтымі прыярытэтамі мы нават перагнулі палку, імкнучыся, можа, залішне, папярэдзіць, падстрахаваць або засцерагчы ад цяжкасцей маладога чалавека, які ўступае ў дарослае і самастойнае жыццё. А жыццё не падманеш. Калі не прывучыць сябе да пераадолення меншых цяжкасцей, з вялікімі ніколі не справішся», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў рэгіёнах будзе нарошчвацца будаўніцтва жылля, а ў Мінску скарачацца. «Менавіта з наяўнасцю жылля сямейная моладзь часта звязвае рашэнне мець дзяцей. Нехта з асуджэннем скажа, што гэта вельмі прагматычна. Я адкажу: так, прагматычна. Але і патрыятычна таксама, паколькі гэта залог таго, што дзеці будуць абаронены ад бытавой неўладкаванасці, забяспечаны ўмовамі для нармальнага росту і развіцця», — лічыць Прэзідэнт.
«Згодна з сацыялагічнымі апытаннямі, дзеля будучага сваёй сям’і і дзяцей моладзь гатова да ўнутранай міграцыі. Гэта вельмі добры знак, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Прыход у Беларусь новых тэхналогій прымушае ацаніць тыя перавагі, якія з’яўляюцца ў маладых людзей у рэгіёнах пры наяўнасці там дастойнай і цікавай работы. Здаровая экалогія, крокавая даступнасць работы і сацыяльных аб’ектаў. А самае галоўнае — магчымасць хутчэй вырашыць жыллёвае пытанне».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў цэлым у маладога пакалення ўзважанае і сур’ёзнае стаўленне да нараджэння і выхавання дзяцей. Паводле яго слоў, менавіта для гэтай сацыяльна адказнай большасці прызначана новая праграма дзяржаўнай падтрымкі «Вялікая сям’я», якую запусцілі з пачатку 2015 года.
Студатрады — гэта кадравы рэзерв будучых кіраўнікоў
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: «Ужо не першы раз мы з вамі ўзнімаем тэму студатрадаў, і маю пазіцыю ў гэтым пытанні вы ведаеце. Я заўсёды буду падтрымліваць гэты напрамак, таму што студатрады — гэта не толькі добрая школа для моладзі, але і сур’ёзны кадравы рэзерв».
Прэзідэнт нагадаў, што ў свой час была пастаўлена задача аднавіць студатрадаўскі рух, і сумесна ўдалося гэта зрабіць. За тры гады студатрадаўскі рух ахапіў сотні тысяч юнакоў і дзяўчат у Беларусі.
«Зразумела, што прымаць студатрады ў рэгіёне — справа клапатлівая, магчыма, лішні галаўны боль і турбота для мясцовых улад, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба аддаць належнае БРСМ, губернатарам і работадаўцам за тое, што дапамагаюць моладзі, прадастаўляюць магчымасць зарабіць, павышаюць прэстыж рабочых прафесій».
На думку кіраўніка дзяржавы, у студатрадах фарміруюцца будучыя кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый. Студатрады павінны працаваць у кожным раёне Беларусі. І для іх наймальнікі, кіраўнікі рэгіёнаў павінны ствараць неабходныя ўмовы. Прыклад для пераймання ёсць — работа атрадаў на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Прэзідэнт падтрымаў прапанову моладзі, каб у гэтым годзе ў кожным рэгіёне сфарміраваць студатрадаўскі рух і стварыць хаця б адзін студэнцкі атрад.
Праблему спайсаў трэба вырашыць неадкладна
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на розныя шкодныя прывычкі і пагрозы здароўю моладзі. «Кожны дзень медыкі вяртаюць да жыцця маладых, юных грамадзян, якія атруціліся так званымі спайсамі і іншай заразай. Вырашыць гэту праблему трэба ўсім светам праз актыўны лад жыцця, праз спорт”, — падкрэсліў Прэзідэнт.
На думку кіраўніка дзяржавы, трэба выкарыстоўваць усе магчымасці, каб вывесці падлеткаў і моладзь з вуліц і загрузіць іх карыснымі справамі, каб не было свабоднай хвіліны думаць пра гэту атруту. «А галоўная ж задача БРСМ менавіта ў гэтым. І работа саюза будзе мець сэнс толькі тады, калі арганізацыя пачне вырашаць праблемы моладзі сіламі самой моладзі. У гэтым заключаецца яе прызванне і асноўнае прызначэнне», — адзначыў Прэзідэнт.
Год моладзі павінен запомніцца многім пакаленням
У Беларусі 2015 год па ініцыятыве БРСМ аб’яўлены Годам моладзі. «Хацелася б, каб ён прайшоў прыкметна. Калі ён пройдзе непрыкметна — грош вам цана», — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да ўдзельнікаў з’езда.
«Унясіце свае канкрэтныя прапановы, рэалізуйце масу мерапрыемстваў, карысных для нашага грамадства, каб гэты год запомніўся многім пакаленням», — дадаў кіраўнік дзяржавы.
«Вы, маладыя людзі, гатовыя любыя сцены разбурыць, зламаць усё, што перашкаджае нашаму жыццю, павінны былі гэта спланаваць, а калі не зрабілі — зрабіце цяпер, каб правесці гэта ў Год моладзі. Я гатовы ісці з вамі ў першай шарэнзе», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што юнацтва і маладосць у грамадстве заўсёды ўспрымаліся і ўспрымаюцца як час паўнаты жаданняў і мноства магчымасцей. «Сёння ваш лепшы час. Увасабляйце свае мары, укладвайцеся ў тое, што вы робіце. Усе свае сілы ўкладвайце ў гэту справу — душу, энергію і волю», — заклікаў кіраўнік дзяржавы.