В Докшицком районе школьному питанию уделяется большое внимание
Сучасны школьнік большую частку дня праводзіць у сценах школы, таму тэма харчавання для яго больш чым актуальная. Нармальна паесці за гэты час хаця б адзін раз проста неабходна для дзіцячага арганізма, калі яшчэ ўлічыць, што далёка не ўсе дзеці прывучаны паўнацэнна снедаць дома. Харчаванню школьнікаў у нашай краіне надаецца дзяржаўная ўвага. Нормы расходаў на яго зацвярджаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь. За кошт сродкаў раённага бюджэту прадастаўляецца бясплатнае аднаразовае харчаванне для вучняў 1-4 класаў усіх школ, а таксама вучняў 5-11 класаў, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, і дзяцей з малазабяспечаных, шматдзетных сем’яў, дзяцей-інвалідаў. Грашовая норма расходаў складае ад 9050 рублёў да 10950 рублёў у залежнасці ад узросту. Вучні, якія наведваюць групу падоўжанага дня, а таксама вучні 5-11 класаў гарадскіх школ забяспечваюцца абедамі за сродкі бацькоў.
Трэба сказаць, што ў іх кошт уключаюцца толькі расходы на прадукты, але без паслуг па арганізацыі харчавання. Маецца на ўвазе аплата працы работнікаў сталовых, набыццё абсталявання, аплата камунальных паслуг і іншыя. Іх аплачвае раённы бюджэт. Такім чынам, з боку дзяржавы робіцца многае для таго, каб нашы дзеці правільна і своечасова елі і раслі здаровымі. Як арганізавана харчаванне ў навучальных установах раёна, у прыватнасці, у гарадскіх школах, пацікавіліся ўдзельнікі рэйду, арганізаваным рэдакцыяй раённай газеты.
Як вядома са сказанага вышэй, вучні ва ўзросце ад 11 да 17 год гэтых школ, харчуюцца на платнай аснове. Каб дзіця атрымала паўнацэнны абед з трох страў, бацькам трэба ў сярэднім заплаціць у месяц дзесьці каля 200 тысяч рублёў. У гарадской школе № 1 96 працэнтаў вучняў харчуюцца ў школьнай сталовай. Астатнія, на думку адказнай за харчаванне ў школе Іны Парцянка, не робяць гэта па розных прычынах, але не таму, што бацькі не маюць магчымасці заплаціць за абед. Адны “сядзяць” на дыеце (дзяўчаты-старшакласніцы), іншыя жывуць побач са школай і паспяваюць на перапынку збегаць дадому, каб паесці. У Бягомльскай школе, па словах дырэктара, ёсць і такія, хто не называючы прычыны, катэгарычна адмаўляецца ад абеду ў школьнай сталовай. Зусім галоднымі яны, канечне, не застаюцца. Ёсць школьны буфет, дзе можна набыць выпечку, напіткі без газу і іншыя прысмакі, дазволеныя да продажу ў школьных буфетах. Але гэтыя перакусы паўнацэнна замяніць гарачую страву, канечне, не могуць. Педагогі гарадской школы № 2 да дасягнення мэты 100-працэнтнага ахопу дзяцей гарачым харчаваннем падышлі творча і адказна. Дасканала вывучыўшы пытанне, яны разам з шэф-кухарам Марыяй Карпека, прыйшлі да высновы, што ў дзяцей павінен быць выбар, і склалі тры меню. Першае меню – агульнае для ўсіх – складаецца з трох страў; другое – прапануе першую страву, булачку і чай; трэцяе – салату (адзін раз у тыдзень – бутэрброд), чай; пячэнне ці вафлю. Кошт складае ў межах 3-х тысяч рублёў. Як і меркавалася, да падобных абедаў праявілі цікавасць вучні 7-11 класаў, якія якраз і ігнаруюць сталовую. Яе наведванне адразу стала 100-працэнтным, але дырэктар школы новы падыход да харчавання лічыць пакуль што эксперыментам і дыпламатычна сцвярджае, што час пакажа, наколькі ён правільны.
У час рэйду правяраўся санітарны стан школьных харчовых блокаў, буфетаў, захаванне ў іх асартыменту, дазволенага да продажу. Прыемна зазначыць, што ні ў адной з трох школ памочнікам урача-гігіеніста РЦГіЭ Ліліяй Скурат парушэнняў не было выяўлена. Работнікі, якія там працуюць, добрасумленна адносяцца да выканання сваіх службовых абавязкаў і разумеюць усю адказнасць той справы, якая на іх ускладзена. У памяшканнях сталовых чыста, утульна. Асаблівы эстэтычны густ і культура, якім адпавядаюць карціны на сценах, кветкі ў зале, дзяжурныя вучні, апранутыя ў фартушкі і хусцінкі, пануюць у сталовай Бягомльскай СШ.
— Культура прыёму ежы за некалькі год зрабіла вялікі крок наперад, – каменціруе ўбачанае тэхнолаг па школьным харчаванні аддзела адукацыі Надзея Несцяронак. – Аб гэтым, як вы заўважылі, сведчаць афармленне абедзеннай залы, сурвэткі на сталах, нават лустачкі хлеба і булачкі, пакладзеныя на асобную талерку. Раней яны клаліся на талерку кожнаму вучню, а то і проста на стол. Значыць, тая вялікая работа, якую мы праводзім з работнікамі харчблокаў школ, не праходзіць дарэмна. Атрымала станоўчыя змены і меню школьных абедаў. У ім асноўнае месца займае садавіна, агародніна, калі мяса – то птушынае, а таксама сокі. Агародніны, вырашчанай на прышкольных участках, а значыць, экалагічна чыстай, у сельскіх школах хапае на ўвесь год, у гарадскіх – прыкладна да палавіны, і гэта таксама немалаважна. Ад вучняў толькі патрабуецца правільна выкарыстаць магчымасці харчавання, якія ім прадастаўляе школа.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКАХ: 1. Смачныя стравы атрымліваюцца ў кухараў гарадской школы № 1 (злева направа) Наталлі Карніловіч і Таццяны Гаўрыловіч. 2. Недаедзеных страў на талерках не пакідаюць вучні Докшыцкай школы № 2. 3. Гаспадынькі з Бягомльскай СШ.
Фота А. Варанковіча.