Вечера встреч выпускников прошли в Докшицком районе
Як здорава, што нехта некалі прыдумаў у першую суботу лютага збірацца былым выпускнікам у родных школах. Прыдуманае свята стала адным з самых радасных і шчырых. Паважаныя, дарослыя людзі з заміраннем сэрца расчынялі дзверы школы і на некалькі гадзін станавіліся хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Непараўнальнае пачуццё адчувае кожны, калі заходзіць у свой клас, садзіцца за парту і адразу трапляе ў палон успамінаў.
У мінулую суботу ў школах раёна прайшлі вечары сустрэч. Кожны з іх меў сваю адметнасць, агульнымі былі радасць пазнавання былых сяброў па парце, цеплыня ў вачах настаўнікаў, якія з гонарам глядзелі на сваіх былых вучняў, для станаўлення якіх аддалі шмат сіл.
Цікавым, вясёлым і, разам з тым, настальгічна-шчымлівым атрымалася свята ў гарадской школе № 1. Пары, што закружыліся ў вальсе, адразу перанеслі былых выпускнікоў у іх савецкае школьнае дзяцінства. Гэта ўражанне падтрымалі наступныя мастацкія нумары, якія таленавіта выконвалі вучні школы. Авацыямі сустрэла зала былога дырэктара У.П. Арцімёнка, а старэйшае пакаленне ўзгадала легендарнага У.Ф. Паруля, які больш за 20 год кіраваў школай. Дзіўныя рэчы высветліліся, калі на сцэну запрасілі выпускнікоў 1975 года. Аказваецца, сённяшнія заслужаныя людзі маглі добра пахуліганіць. Зараз яны пра гэта ўспамінаюць з усмешкай. З удзячнасцю настаўнікам, школе, у якой далі ім адукацыю, зрабілі з іх асоб, выпускнікі чыталі вершы, спявалі песні і нават падарылі турыстычную палатку.
Вечар сустрэчы ў Сітцаўскай школе наведала мясцовая “зорка”. Маргарыта Найдзяновіч 25 год таму першай у гісторыі гэтай установы атрымала залаты медаль. Зараз яна ўрач, працуе ў Наваполацку і там зноў пацвердзіла сваю зорнасць. Ёй прысвоена высокае званне “Чалавек года горада Наваполацка”. Хвілінай славы стаў вечар сустрэчы таксама для яе настаўніцы Ірыны Антонаўны Елісеевай, якая некалі выкладала біялогію.
Наогул жа тон вечару задавалі тыя, хто закончыў яе 40 год таму. Іх сабралася больш за іншых выпускаў. Генадзь Гіль, Алег Вабішчэвіч, Валерый Баркоў не скупіліся на добрыя словы, і кожны з іх падарыў любімай школе цудоўную песню.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота А. Варанковіча.
***
На ўрачыстасць у актавую залу Бягомльскай школы сабраліся выпускнікі пяці апошніх дзесяцігоддзяў. Займаючы пазначаныя месцы, яны адразу пазнавалі аднакласнікаў і пачыналі гучна ўспамінаць часы бестурботнага юнацтва.
Тым часам на школьнай сцэне на сучасны манер ладзілася тэлевізійная трансляцыя з рэпартажамі, удзельнікамі якіх станавіліся былыя выпускнікі. Не раз былі ўзгаданы прозвішчы настаўнікаў розных гадоў. Вакальнымі нумарамі прысутных парадавалі выпускнікі школы Аляксандра Косцік, Анастасія Юхнавец, Алег Закрэўскі, танцавальнае майстэрства прадэманстраваў Руслан Герасімаў з партнёршай.
Усе юбілейныя класы ўдзельнічалі ў гульнявых нумарах. Жадаючыя маглі ўзяць слова са сцэны. Гэтай магчымасцю скарыстаўся Міхаіл Герасімёнак, які скончыў мясцовую школу 42 гады таму. Яго прафесійны лёс звязаны з педагагічнай дзейнасцю, а жыццё – са спортам. У 1973 годзе Міхаіл Мікалаевіч быў чэмпіёнам вобласці па футболе. На думку сённяшняга настаўніка фізікі, спорт – гэта важнейшы складнік здаровага ладу жыцця. Таму ў падарунак сённяшнім вучням былы выпускнік пакінуў футбольныя мячы.
Завяршальным акордам мерапрыемства стала бардаўская песня “Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались”, якую дружна падхапіла ўся зала.
Наталля НАВІЦКАЯ.