Встреча бывших-воинов-интернационалистов состоялась в Крулевщизненской СШ

Былыя воіны-інтэрнацыяналісты (злева направа): Аляксандр Саўчук, Павел Чарняўскі, Валянцін Андрыеўскі і Сяргей Хоміч на сустрэчы ў Крулеўшчынскай СШ.

Былыя воіны-інтэрнацыяналісты (злева направа): Аляксандр Саўчук, Павел Чарняўскі, Валянцін Андрыеўскі і Сяргей Хоміч на сустрэчы ў Крулеўшчынскай СШ.

Хайратон, Тэрмез, Кілагайская даліна, Кабул, Джалалабад. Для нас сёння – гэта звычайныя геаграфічныя назвы, маленькія кропкі на карце. А для гісторыі – гэта пункты, куды па волі лёсу трапілі сотні маладых савецкіх салдат. Некаторыя з іх так і не змаглі вярнуцца дадому з Афганістана. А тыя, каму ўсё ж такі пашчасціла пераадолець халодную сілу афганскіх гор і выжыць пад спякотным сонцам, вярнуліся на радзіму, стварылі свае сем’і, нарадзілі дзяцей… Мінула 26 год з таго часу, як савецкае войска было выведзена з Афганістана, а боль успамінаў назаўсёды пасяліўся ў душах тых, калісьці зусім маладых хлопцаў, якім прыйшлося глядзець у твар нікому непатрэбнай вайны.

Традыцыйна напярэдадні 15 лютага – Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў – старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Валянцін Андрыеўскі арганізоўвае сустрэчы былых салдат з вучнямі і настаўнікамі ў школах раёна, і тады ўсе разам узгадваюць старонкі дзесяцігадовай афганскай вайны.
Сёлета расчыніла свае дзверы перад гасцямі Крулеўшчынская сярэдняя школа, у якую наведаліся ўдзельнікі баявых дзеянняў Павел Чарняўскі, Сяргей Хоміч і Аляксандр Саўчук. Ва ўсіх трох жыццё склалася па-рознаму, але яднае іх тое, што служыць прыйшлося на вайне.
Павел Чарняўскі першыя паўгода пачынаў сваю службу ў арміі ў Фергане, астатнія паўтара прайшлі ў Кабуле.
– Афганістан не забудзецца ніколі: пастаянныя баявыя дзеянні, няведанне таго, вернешся ты дадому ці не, – дзяліўся ўспамінамі Павел Аляксеевіч. – За гэты час я пабываў амаль ва ўсіх кропках Афганістана. Быў снайперам-разведчыкам. Калі праводзіўся другі этап спецаперацыі, наша група з сямі чалавек трапіла пад снайперскі агонь, аскепкі білі па твары, выжыць удалося толькі чацвярым, у тым ліку і мне. Медаль “За адвагу”, якім я быў удастоены, выконваючы адно з самых складаных заданняў, усялякі раз нагадвае цяпер пра гэтыя падзеі.
Пасля канцэрта, які для паважаных гасцей падрыхтавалі крулеўшчынскія школьнікі, Валянцін Андрыеўскі ўручыў нагрудны знак Паўлу Чарняўскаму ў сувязі з 70-гадовым юбілеем з дня стварэння праслаўленага злучэння – 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай мабільнай брыгады.

 

Валянцін Андрыеўскі ўручае нагрудны знак Паўлу Чарняўскаму.

Валянцін Андрыеўскі ўручае нагрудны знак Паўлу Чарняўскаму.

Сустрэча атрымалася цёплай, але крышачку сумнай. Бачны былі слёзы на вачах афганцаў, якія міжволі наварочваліся ад успамінаў, стаяў ком у горле…
Падзяліўся тым, як трапіў у Афганістан, і Сяргей Хоміч.
– “Дапамаглі” мне ў гэтым мае выдатныя спартыўныя дасягненні, – расказваў Сяргей Уладзіміравіч. – З трохсот чалавек, якія беглі крос, да фінішу я дабраўся першым. Так і адправілі нас у пекла. Вясна. Самалёт. У ім нас – 96 чалавек. Высадзілі на афганскую зямлю, як у лазню. Спякота – больш за 40 градусаў. Літаральна праз некалькі дзён наша “ўбранне” зялёнага колеру стала белым. Добра памятаю выпадак, як я вёў групу з чатырох чалавек, а быў я сапёрам. І тут – расцяжка, паспеў толькі крыкнуць: “лажыся”. Засвістала вакол, аказалася, гэта была ўсяго толькі міна-сігналка, якую паставілі духі. Пашанцавала…
Не мог падумаць пра тое, што прыйдзецца служыць у ахопленай вайной краіне, Аляксандр Саўчук. У 1977 годзе яго прызвалі ў армію. Месцам службы стаў горад Іванава, дзе знаходзіўся Аршанскі полк сувязі. У 1979 годзе ў адзін з дзён па трывозе адправілі ў невядомасць. Спачатку Аляксандр Анатольевіч трапіў у Тэрмез, а заканчваў службу ў сталіцы Афганістана ў палку сувязі, дзе былі толькі адны беларусы.
– Раны ад афганскай вайны, дзе б яны не былі – на целе, альбо на душы, ніколі не зажывуць, – лічыць дырэктар Крулеўшчынскай СШ Уладзімір Піскуновіч. – Наша сённяшняе пакаленне павінна захоўваць памяць пра тых, хто не змог вярнуцца дадому, хто змагаўся і выжыў. 15 лютага не бывае пышных дэманстрацый, ды яны і не патрэбны. У гэты дзень збіраюцца былыя афганцы, іх сем’і, каб успомніць усіх байцоў, якія загінулі на Усходзе. Такія мерапрыемствы спрыяюць патрыятычнаму выхаванню нашых дзяцей.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *