Заведующей детской библиотекой в Докшицах работает Елена Гудзь
“Залог паспяховай работы — гэта сімбіёз калектыву аднадумцаў і падтрымкі кіраўніцтва”, — так ахарактарызавала дзейнасць дзіцячай бібліятэкі загадчык бібліятэкай-філіялам № 1 установы культуры “Докшыцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” Алена Гудзь. Тое, што Алена Уладзіміраўна звязала жыццё з кнігай, зусім невыпадкова. “Магія літар і слоў” зачаравала яе яшчэ дзяўчынкай. Пачаўшы сваю працоўную дзейнасць у сельскай бібліятэцы, яна радавалася, што стала гаспадыняй кніг. Свой пазітыў дорыць па сённяшні дзень усім, хто наведвае кнігасховішча.
— Я ўсім расказваю, што працую ў месцы, дзе жыве казка, – дзеліцца Алена Уладзіміраўна. — Лічу, што ад усмешкі становіцца ўсім не толькі цяплей, але і больш прыемна. А ў вясёлае пазітыўнае асяроддзе заўсёды хочацца вярнуцца. Таму мы “ловім” чытачоў на добрыя адносіны да кожнага. У дзіцячай бібліятэцы я працую з 1993 года і вельмі радуюся, калі за кнігамі прыходзяць дзеці нашых былых пастаянных чытачоў.
У мінулым годзе дзіцячая бібліятэка пачала другую пяцігодку работы па праграме “Луч”, асноўная мэта якой прапаганда мастацкай і навукова-папулярнай літаратуры. Алена Уладзіміраўна і ўвесь калектыў у сваёй рабоце выкарыстоўваюць новыя формы прапаганды кнігі і чытання, амаль кожнае мерапрыемства ў гэтым накірунку — тэатралізаванае. Дзецям гэта вельмі падабаецца, яны з вялікім задавальненнем спяшаюцца ў госці да герояў кніг.