Знакомтесь: Елена Нестерёнок из Волколат Докшицкого района
Вучні Валкалацкай школы ведаюць яе як бязмежна шчырую і ўлюбёную ў свой прадмет настаўніцу мовы і літаратуры, актыўнага арганізатара цікавых школьных мерапрыемстваў. Жыхары раёна, якія з павагай ставяцца да дзейнасці мясцовых артыстаў, з асалодай назіраюць за кожным выхадам на сцэну народнага калектыву “Прызбачка”, дзе спявае і наша субяседніца. Падпісчыкі раёнкі ў выпусках “Крыніцы” чытаюць вершы паэткі, якая не раз выходзіла пераможцай літаратурных конкурсаў рознага ўзроўню, у тым ліку заняла трэцяе месца ў рэспубліканскім конкурсе прозы. Сённяшняя госця рубрыкі “Сустрэча з цікавым чалавекам” – Алена Несцяронак.
1. Чалавек пачынаецца з сям’і, з малой радзімы. Дзе вашы карані?
– Мае карані з самага прыгожага, пэўна, кутка Мінскай вобласці – Мядзельшчыны. Хаця дзяцінства маё прайшло ў дзвюх вёсках: у Навасёлках, дзе нарадзілася, затым у Старых Габах, дзе вучылася ў школе. Гэта зусім розныя па сваёй прыродзе мясцовасці, якіх межавала адлегласць усяго толькі ў пяць кіламетраў. Адна – узгоркі ды лясочкі. Другая – роўныя палі, дзе насамрэч было складана знайсці нават каменне. Зараз там мяне чакаюць ужо толькі сем магілак, дзе пахаваны бацькі, дзядуля з бабуляй, прадзеды. Невыносна бываць на тым месцы, дзе стаяў бацькоўскі дом, калі цябе ніхто не чакае. Памятаю там кожную травінку, кожную кветачку, месца кожнай рэчы.
2. У нас ва ўсіх ёсць настаўнікі. Хто вёў вас па жыцці?
– Я пра кожнага свайго настаўніка магу сказаць толькі самае добрае. Мой класны кіраўнік родам з Мядзельшчыны, але ў Валкалаты яна прыязджае ў касцёл і заўсёды да мяне заходзіцца.
3. Хто вашы блізкія, якіх трэба палюбіць, як самога сябе?
– Канешне гэта дачка, сябры, яны ёсць у мяне з самага дзяцінства, колькі сябе памятаю, Мая свякроў. Мая цёця, сястра таты, якая мне як маці, таму што маму сваю страціла я дастаткова рана. Гэта чалавек з вялікім жыццёвым розумам і мудрасцю, у многім я раюся з ёй і бяру з яе прыклад. Многіх дарагіх людзей ужо няма – мужа, таты. Шмат страт у жыцці. І чым больш сталееш, тым гэтыя страты больш балючыя. Хаця, здаецца, павінна быць наадварот. Усё астатняе ў жыцці – гэта такія дробязі.
4. Ваша прафесійная дзейнасць – гэта…?
– Я скончыла філфак БДУ. Выкладаю мову і літаратуру. Люблю і ведаю свой прадмет, люблю дзяцей. У нашай школе заўжды добрыя вынікі цэнтралізаваных тэстаў і экзаменаў. Крыўдна, што, калі быў адменены экзамен па літаратуры, вучні сталі чытаць менш. Яшчэ займалася арганізацыяй школьных мерапрыемстваў як адказная за выхаваўчую работу. Зараз – педагог-арганізатар.
5. Вашы захапленні?
– Іх вельмі многа. Не хапае 24-ох гадзін у сутках. Самае першае, канешне, кніга. Не магу без чытання. А ўвогуле я хапаюся за рознае: яшчэ ў школе была актывісткай. Адтуль, пэўна, карані сённяшніх выступленняў у “Прызбачцы”. Люблю вышываць, вязаць пруткамі і шыдэлкам, займацца кветкамі. І хатнімі пакаёвымі, і на вуліцы ў кветніку. Люблю ўсіх жывёл. Дом без ката для мяне не жылы. З дзяцінства даглядала чарапах, хамякоў, кошак, сабак. Люблю перадачы і кнігі на гэту тэму. Пішу з самага дзяцінства. Праўда, тады гэта былі не вершы, а розныя апавяданні, замалёўкі, вялікая колькасць дзённікаў. Першы ж верш з’явіўся дзесьці гадоў у дванаццаць, і быў ён пра адлятаючых жураўлёў. Ёсць такія тэмы, рэчы, якія больш рацыянальна выразіць прозай. Верш жа – гэта адбітак пачуццяў, якія наспелі ўнутры. Калі чытаю сапраўды геніяльных аўтараў, балюча бывае ад таго, што так напісаць не магу. Я магу напісаць дзесьці варта. Але паэт – гэта штосьці вышэйшае. Гэта чалавек, пацалаваны Богам. Можна ўзляцець над зямлёй пры дапамозе нейкіх прыстасаванняў, а можна проста ўзляцець. Я сябе адношу да першых. Другія – гэта геніі. Яно адразу адчуваецца, калі чалавек пацалаваны звыш. І гэта не самаедства, гэта рэальная ацэнка сваіх здольнасцей.
6. Якія рысы характару чалавека выклікаюць прыхільнасць, якія – адмоўныя пачуцці?
– Прыхільнасць, напэўна, калі чалавек сціплы, тады ён заўсёды разумны. Такі чалавек не стане ставіць сябе вышэй за іншых, нават калі разумее, што па інтэлекце, розных магчымасцях і здольнасцях яго суразмоўца значна ніжэйшы. Канешне, розум – гэта не чалавечая якасць, гэта яго вартасць. Штосьці закладзена, штосьці набытае. Паважаю людзей, якія разумеюць, альбо дакладна ведаюць, для чаго яны прыйшлі ў гэта жыццё. Вельмі цаню ў людзях шчырасць і адкрытасць. Гэта рэдка сустракаецца і часта як бы прыгнятаецца грамадствам. З адмоўных рыс не люблю зайздрасць, сквапнасць, пыху- ганарлівасць. Напэўна толькі гэта выклікае агіду. Усё астатняе можна зразумець і дараваць.
7. Самы шчаслівы ваш дзень?
– Іх многа. Я не разумею шчасце як стан заўсёдны. Калі чалавек пастаянна шчаслівы ці нешчаслівы – гэта ўжо на грані. Шчасце можа доўжыцца хвіліну, секунду. Вось расцвіла твая кветка да дня нараджэння на падаконніку, нехта сказаў табе камплімент. Нарадзіўся новы верш – таксама шчасце. Я ўжо не кажу пра закаханасць, нараджэнне дзіцяці… Помню сваё юначае адчуванне, калі я ішла пад раніцу ўжо з клуба дамоў, паказвалася чырвоная палоска зары, вясна, салаўіны шчэбет – хацелася ўзляцець. Такое шчасце ад таго, што жывеш, што ўсё жыццё ў цябе наперадзе. Ярка-ярка гэта помню.
8. Азіраючыся назад, аб чым шкадуеце?
– Шмат аб чым. Ці ёсць такі чалавек, які не шкадуе зусім? Самае першае, што, з-за сваёй маладосці, не дадала ласкі і любові сваім бацькам, дачцэ — з-за занятасці. Такая настаўніцкая доля. Аддаючы сілы чужым дзецям, вельмі абдзяляеш сваіх. Гэта асноўнае.
9. Ці актуальна, па вашым меркаванні, выказванне: “Не май сто рублёў, а май сто сяброў”?
– Грошы ўвогуле для мяне амаль што нічога не значаць. Канешне, добра калі яны ёсць, бо грошы даюць незалежнасць, упэўненасць у сабе, у будучым дні, але не шчасце, не свабоду, не задаволенасць сабой. А сябры – гэта, канечне, здорава. Але сто сяброў не можа быць. Добра калі двое, трое ёсць.
– 10. Што галоўнае для вас: праца, сям’я, кар’ера, грошы?
– На першым месцы сям’я. Безумоўна, прыемна, калі тое, што ты робіш, мае плён, вынік, але назваць сябе кар’ерысткай не магу. Сям’я – гэта галоўнае.
– 11. Вашы любімыя аўтар, кніга, музыка, тэлеперадача?
– Вялікі спіс. Цяжка выдзеліць адно. Калі браць беларускіх аўтараў, то гэта У. Караткевіч, М. Багдановіч. З сучасных мяне ўразіў раман В. Марціновіча “Сфагнум”, дзе вобразна-ярка выпісаны дэталі, быццам не чытаеш, а глядзіш фільм. Кнігі С. Алексіевіч – суцэльны боль. З рускай літаратуры М. Шолахаў, А. Талстой, паэты сярэбранага века А. Блок, І. Севяранін. З замежнай літаратуры нядаўна мяне ўразіў “Дон Кіхот” Сервантэса. Чытала гэты твор тры разы. У школе мне ён падаваўся вельмі цяжкім, ва ўніверсітэце было больш цікава, але занадта нагрувашчана, а вось зараз прачытала і захапілася. У аўтара такое тонкае пачуццё гумару, разважанні пра чалавечую псіхалогію.
Музыкі не адмаўляю ніякай. Я разумею, што ёсць музыка для таго, каб танцаваць, а ёсць для таго, каб слухаць. І ўсё мае права быць. Калі казаць пра класіку, то люблю арганную музыку. Толькі слухаць гэта здорава ў месцах з патрэбнай акустыкай: Полацкім Сафійскім саборы, кансерваторыі. Люблю некаторыя беларускія аўтэнтычныя гурты, народную музыку, многае з творчасці бардаў, калісьці з задавальненнем слухала рок-гурт – “Парк Горкага” з мацнейшымі галасамі Наскова і Маршала.
– Дзякуй за адказы.
Замест пасляслоўля.
Інтэрв’ю гэтай рубрыкі не заканчваюцца лірычным адступленнем аўтара. Але дазволю сабе размясціць танка нашай гераіні.
Часам цяжка.
Вершы мае дрэннымі
Мне здаюцца –
І я паэзію збіраць
іду па наваколлі.
Гутарыла
Наталля НАВІЦКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: Алена Несцяронак.
Фота А. Варанковіча.