Докшицкий молокозавод отмечает 50 лет

Здымак 1

Здымак 1

Залатыя часы

У пачатку вясны Докшыцкі малаказавод перайшоў паўвекавую мяжу сваёй гісторыі.
Пяцьдзесят год мінула з таго часу, як у сакавіку 1965 года ў райцэнтры быў зацверджаны галаўны маслазавод, які пачаў працаваць у новым будынку па вуліцы Савецкай, дзе знаходзіцца і па сённяшні дзень. Першым яго дырэктарам быў Пётр Панцялееў, чалавек ваеннай загартоўкі і дысцыпліны, які сам быў прывучаны да парадку і патрабаваў гэтага ад падначаленых. Ён кіраваў маслазаводам 13 гадоў. Змяніла Пятра Макаравіча на пасадзе дырэктара ў 1978 годзе Лілія Лубачка (здымак 1). Беларуска, якая ўсе юнацкія гады жыла ў Расіі. А калі скончыла Калужскі тэхнікум малочнай прамысловасці, была накіравана майстрам на Лепельскі МКК. Маладую жанчыну, якая на той час ужо была членам партыі, адправілі на новую вытворчасць у наш райцэнтр. Лілія Іванаўна кажа, што адмовіцца і думкі не было. Як кажуць, Радзіма сказала: “трэба”. Атрымоўваецца, што яна з заводам з першых дзён. Адукаваная і прынцыповая, ініцыятыўная, патрабавальная да сябе і тых, хто побач, яна жыла вытворчасцю, ведала яе, калі трэба, магла падмяніць спецыяліста на любым участку. Докшыцкі маслазавод тады выпускаў малако, смятану, кефір, тварог у буйных расфасоўках, а таксама марожанае. Асноўным відам прадукцыі да 1972 года было масла сметанковае, шакаладнае, якога выпускалі да 500 тон у год. Дзесяць гадоў Лілія Лубачка ўзначальвала завод. Але, калі размова зайшла пра будаўніцтва новага цэха, вырашыла пакінуць пасаду. Бо, на яе думку, будаўніцтвам павінен займацца кіраўнік-мужчына, яна ж засталася адказваць за вытворчасць.
Зараз Лілія Іванаўна ўжо некалькі год знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але па-ранейшаму «жыве» сваім заводам. Бывае на ім часта балазе і дом яе побач. Перажывае былы кіраўнік, што зараз не выпускае яе роднае прадпрыемства ўласную прадукцыю, якая здаўна славілася сваёй якасцю. Але можа з цягам часу сітуацыя павернецца ў іншы бок? На гэта спадзяецца таксама і сённяшні кіраўнік. Усё, як заўжды, упіраецца ў фінансавае пытанне.
У 1987 годзе прадпрыемства ўзначаліў Васіль Ярошчанка. Менавіта ў часы яго кіравання па ініцыятыве тагачаснага старшыні райвыканкама Іосіфа Падрэза пачалося будаўніцтва новага цэха па выпрацоўцы цэльнамалочнай прадукцыі. Былі ўстаноўлены паўаўтаматы па расфасоўцы смятаны, кефіру, малака, тварагу. Затым устанавілі лінію па вытворчасці марожанага. Найбольшы аб’ём рэалізацыі гэтай прадукцыі быў дасягнуты пад кіраўніцтвам дырэктара – Валянціна Шчарбакова, які ўзначаліў прадпрыемства ў 2002 годзе. Гэтыя часы былі найбольш паспяховымі для малаказавода. А потым галаўным прадпрыемствам было прынята рашэнне перабазіраваць вытворчыя магутнасці на Лепельскі МКК. З таго часу малаказавод стаў вытворчым участкам.

Дзень сённяшні

Апошнія восем гадоў прадпрыемства ўзначальвае Уладзімір Хілько.

 

Здымак 2

Здымак 2

Зараз час не самы просты, тым не менш прадпрыемства дае месца працы 72 чалавекам, з іх 20 – вадзіцелі. На ім прымаюць, ачышчаюць, ахалоджваюць і адпраўляюць на Лепельскі МКК малако як ад сельгаспрадпрыемстваў, так і ад насельніцтва раёна. Па словах начальніка, у сярэднім штодзень паступае крыху больш за сто тон малака, летам, зразумела, лічба вышэйшая. На малаказаводзе нямала зроблена ў плане мадэрнізацыі. Вызначальным у гэтым плане быў 2013 год. Адрамантаваны цэх прыёмкі з заменай абсталявання, дэманціравана старая аміячная кампрэсарная і ўстаноўлена сучаснае халадзільнае абсталяванне, зроблены рамонт у вытворчай лабараторыі, належны выгляд атрымаў прапускны пункт. Адрамантаваны цэх, дзе можа размясціцца абсталяванне для вытворчасці сыру “Чэддэр”. Шмат зроблена для зручнасці работы людзей і захавання санітарных нормаў: новая гардэробная, душавая, абсталяваны пакой прыёму ежы, працуе пральня для спецвопраткі. Вядзецца добраўпарадкаванне ўсёй тэрыторыі завода.
З нагоды юбілейнай даты Уладзімір Хілько згадвае тых работнікаў, якія маюць больш за трыццаць гадоў стажу і сёння працуюць на малаказаводзе. Гэта С.С. Мякінка (здымак 2), В.А. Курцэвіч (здымак 3), С.П. Папкоўская, Я.Э. Кеда і іншыя. Сярод тых, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку, 40 гадоў аддаў малаказаводу Я.Б. Якубоўскі, 39 – М.П. Стадольнік, 37 – Н.В. Лявоха, 35 – Л.І.

Здымак 3

Здымак 3

Лубачка, Я.А. Кімстач. Пачыналі працаваць яшчэ на сепаратарным пункце, які ў 50-х гадах мясціўся ў раёне сённяшняй крамы “Юбілейная”, а потым працягвалі на маслазаводзе В.С. Арпуховіч, Ч.І. Басава і іншыя. Слоў павагі заслугоўваюць загадчыца лабараторыі Г.А. Самковіч, лабаранты В.М. Апанасевіч, Л.С. Лебедзева, тэхнолаг Г.М. Сямёнава і іншыя работнікі, якія працавалі на фізічна цяжкай, але такой патрэбнай малочнай вытворчасці. Будзем спадзявацца, што “залатыя часы” малаказавода будуць не толькі слаўнай гісторыяй, але і недалёкай будучыняй.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *