В Докшицах прошла 12-я сессия районного Совета депутатов

IMG_3426 Пад старшынствам Валянціны Сівіцкай 19 сакавіка прайшла 12-ая сесія раённага Савета дэпутатаў. Адным з асноўных пытанняў,  вынесеных на абмеркаванне, было аб рэалізацыі дзяржаўнай моладзевай палітыкі на тэрыторыі раёна.

Намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч, якая выступіла з дакладам, паведаміла, што кожны год у раёне распрацоўваецца і ажыццяўляецца комплекс мер па рэалізацыі дзяржаўнай моладзевай палітыкі ў адпаведнасці з законамі Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзяржаўнай моладзевай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь” і “Аб дзяржаўнай падтрымцы моладзевых і дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў у Рэспубліцы Беларусь”. Яна адзначыла, што маладыя людзі Докшыччыны прадстаўляюць практычна ўсе галіны народнагаспадарчага комплексу. Моладзь раёна – гэта 3683 чалавекі ва ўзросце ад 14 да 31 года або 14,5 % насельніцтва. З іх 1750 чалавек – гарадская моладзь, 1033 – сельская, а таксама 900 навучэнцаў ад 14 да 18 год.
Далей выступоўца спынілася на асноўных накірунках работы з моладдзю. Адзначыла, што ў працоўных калектывах і навучальных установах раёна праводзіцца шмат мерапрыемстваў па ідэйна-маральным і патрыятычным выхаванні. Юнакі і дзяўчаты ўдзельнічаюць у грамадска-палітычных акцыях: “За моцную і квітнеючую Беларусь!”, “Мы – грамадзяне Беларусі!”, “За незалежную Беларусь!”; аказваюць дапамогу ветэранам вайны і працы, добраўпарадкоўваюць месцы воінскіх пахаванняў, прымаюць актыўны ўдзел у раённых мерапрыемствах, прысвечаных Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дню Перамогі, Дню Канстытуцыі, Дню горада, у ваенна-спартыўнай гульні “Зарніца”.

Для навучэнцаў дапрызыўнога і прызыўнога ўзросту арганізоўваюцца спартакіяды па летнім і зімовым мнагабор’і, агляды, узроўню фізічнай падрыхтаванасці па праграме фізкультурна-спартыўнага комплексу “Абаронца Айчыны”.
Асобнае месца ў дакладзе было адведзена арганізацыі вольнага часу і адпачынку маладых людзей, у тым ліку і “цяжкіх” падлеткаў. У школах раёна працуюць 290 гурткоў і спартыўных секцый, у якіх займаюцца 2200 навучэнцаў. Ва ўстановах культуры створана 78 фарміраванняў, у якіх задзейнічана больш за 700 чалавек. Летам мінулага года на базе СШ №1 г. Докшыцы (сумесна з МНС), СШ № 2 г. Докшыцы (сумесна з ІСН), Бягомльскай СШ (сумесна з райваенкаматам) працавалі аздараўленчыя лагеры для «цяжкіх» падлеткаў, у якіх было задзейнічана 60 чалавек.
Пэўная работа праводзіцца па далучэнні моладзі да заняткаў фізічнай культурай і спортам. У раёне функцыянуюць 120 фізкультурна-спартыўных збудаванняў. У мінулым годзе ў Докшыцах сталі дзейнічаць водна-аздараўленчы цэнтр і пляцоўка для гульні ў міні-футбол. Далучаюць маладых да здаровага ладу жыцця і такія традыцыйныя мерапрыемствы, як турыстычны злёт на беразе возера Медзазол, чэмпіянат па пляжным валейболе, міні-футболе, настольным тэнісе, плаванні, легкаатлетычныя спаборніцтвы, якія ў раёне праводзяцца кожны год.
Праўда, актыўнасць у іх юнакоў і дзяўчат не ва ўсіх аднолькавая. Калі такія арганізацыі, як раённы вузел электрычных сетак, РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, ТЦСАН, РЭС, установы адукацыі пастаянна выстаўляюць на спаборніцтвы свае каманды, то вельмі рэдка – райста, Бягомльскі лясгас, хлебазавод, санаторыі “Баравое”, “Лясное”. Сур’ёзную занепакоенасць выклікае тое, што частка моладзі абыякава адносіцца да свайго здароўя, ужывае алкаголь. На ўліку ва ўрача-нарколага знаходзіцца 89 маладых людзей, на дыспансерным уліку – 16 непаўналетніх.
Важнае месца ў рэалізацыі моладзевай палітыкі адводзіцца стварэнню неабходных умоў для прафесійнага і працоўнага станаўлення маладых людзей. На жаль, як адзначыла Валянціна Юр’еўна, самай вострай праблемай з’яўляецца замацаванне маладых спецыялістаў пасля адпрацоўкі ўстаноўленага тэрміну па размеркаванні. Часцей за ўсё іх не задавальняе нізкая заработная плата, некаторыя спасылаюцца на адсутнасць магчымасці самарэалізавацца, дасягнуць прафесійнага росту. У якасці станоўчага прыкладу ў гэтым плане з’яўляецца аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. З пяці маладых спецыялістаў, якія прыехалі ў раён у 2012 годзе, чатыры чалавекі прадаўжаюць працаваць у нас і сёння.
У сваім выступленні В.Ю. Рандарэвіч закранула таксама пытанні сацыяльнай абароны маладых работнікаў, у прыватнасці, вырашэнне іх жыллёвых праблем. Адзначыла, што ў мінулым годзе 17 маладых сем’яў палепшылі свае жыллёвыя ўмовы ў г. Докшыцы, 6 сем’яў – у г.п. Бягомль. Арэнднае жыллё выдзелена 16 сем’ям, 10 месцаў атрымалі маладыя ў інтэрнатах.У гэтым годзе ў Бягомлі пачата будаўніцтва 40-кватэрнага жылога дома.
Выступоўца падрабязна расказала пра арганізацыю спаборніцтва маладых механізатараў, пра конкурсы прафесійнага майстэрства, што арганізоўваюцца сярод работнікаў іншых сфер і садзейнічаюць не толькі развіццю духу і саперніцтва, павышэнню іх кваліфікацыі, але і выяўленню новых цікавых, імён, талентаў.
Адначасова са станоўчымі фактамі ў дакладзе адзначаліся і адмоўныя моманты, недапрацоўкі ў гэтым важным пытанні. Так, не ўсё яшчэ сёння гладка ў сферы сямейна-шлюбных адносінаў, не ўсе маладыя падрыхтаваны да сямейнага жыцця, асобныя не жадаюць выконваць бацькоўскія абавязкі, нярэдкія выпадкі п’янства і бытавой разбэшчанасці. Сёння ў раёне на ўліку знаходзіцца 89 нядобранадзейных сем’яў, у якіх выхоўваецца 146 дзяцей. Заклапочанасць таксама выклікае і стан работы па папярэджанні правапарушэнняў у маладзёжнай сферы. Як бачна, нявырашаных праблем яшчэ нямала.
Сёлетні год праходзіць пад эгідай Года моладзі. З мэтай актывізацыі работы ў моладзевым асяроддзі ў раёне распрацаваны план мерапрыемстваў па асноўных накірунках дзейнасці і быў прадстаўлены на разгляд дэпутатаў.
У спрэчках па дакладзе на сесіі выступілі: дэпутат, намеснік дырэктара, начальнік аддзела рознічнага бізнесу ЦБП № 209 філіяла № 215 ААТ “ААБ Беларусбанк” Ірына Малюжанец, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Таццяна Гайчук, старшыня Тумілавіцкага сельскага Савета дэпутатаў Дзям’ян Варанковіч.
Дэпутаты і прысутныя на сесіі не маглі не пагадзіцца з высновай, якую зрабіла, завяршаючы сваё выступленне, Валянціна Рандарэвіч аб тым, што любы ўклад у вырашэнне найбольш надзённых моладзевых праблем з’яўляецца самым выгадным, надзейным і перспектыўным капіталам.
На сесіі было абмеркавана таксама пытанне аб выкананні рашэння райсавета дэпутатаў “Аб рабоце Докшыцкага раённага спажывецкага таварыства па гандлёвым абслугоўванні насельніцтва і выкананні Закона Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў” і некаторыя іншыя. Па ўсіх разгледжаных пытаннях прыняты адпаведныя рашэнні.

Падрыхтавала
Анна ЖОЎТКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *