В Докшицкой аптеке № 95 работает провизором Дарья Драгун

IMG_2657Напярэдадні свята ўсе жанчыны – красуні, а дзяўчаты – будучыя жонкі і маці – увасабленне самой вясны, кахання. Як вясна дае жыццё прыродзе, так і жанчына дорыць яго роду чалавечаму. Дар’я Драгун (на здымку) яшчэ і дапамагае людзям быць здаровымі. Яна працуе правізарам аптэкі № 95. У сваёй вельмі важнай і патрэбнай людзям прафесіі робіць толькі першыя крокі, але яны даволі прафесійныя і ўпэўненыя.
Загадчыца аптэкі Таццяна Гуц адзначае высокую тэарэтычную падрыхтаванасць учарашняй студэнткі Віцебскага медуніверсітэта, рашучасць, з якой яна бярэцца за выкананне любога задання: пракантраляваць якасць лекавых сродкаў, іх выраб, правесці інфармацыйную работу сярод насельніцтва і іншае. Малады спецыяліст, бачна, спаўна карыстаецца тымі магчымасцямі, якія прадастаўляе цэнтральная аптэка, каб назапасіць вопыту працы ў фармацэўтычнай галіне.

Убачыўшы той энтузіязм, з якім Дар’я працуе ў аптэцы, складана паверыць, што студэнткай фармацэўтычнага факультэта яна стала выпадкова. Але зараз выбар прафесіі лічыць удалым. Месцам працы шаркаўшчынская дзяўчына выбрала Докшыцы пасля таго, як перад размеркаваннем ва ўніверсітэце сярод загадчыц аптэк іншых раёнаў пачула выступленне Таццяны Гуц. Таццяна Аляксандраўна здолела адшукаць тыя словы пра родны горад, якія закранулі сэрца будучага фармацэўта.
Сем месяцаў – тэрмін дастатковы для таго, каб зрабіць першыя вывады. Дашы і Докшыцы, і калектыў аптэкі падабаюцца. Яна сцвярджае, што ўсе старэйшыя работнікі для яе, як матулі, а маладыя – сяброўкі. Начальніца – залатая, умее быць строгай, але і на добрае слова не скупіцца. Да месца прыйшлася і Даша. Акрамя дзелавых і прафесійных якасцей, валодае і іншымі. Школьная актывістка і артыстка засталася такой і зараз. Дар’я разам з Русланам Герасімавым, які працуе ў аптэцы санаторыя “Баравое”, прымала ўдзел у квэст-гульні на Дзень закаханых, у раённым этапе рэспубліканскага моладзевага конкурсу “Новыя імёны Беларусі”. Дзяўчына з натхненнем выканала цудоўную песеньку з кінафільма “Карнавальная ноч” і запомнілася журы. Дарэчы, падтрымаць яе на канцэрт прыязджала мама Жанна Васільеўна, якая сама працавала над сцэнічным іміджам дачкі. У адной з воінскіх часцей за сястрычку перажываў брат Арцём, артыст-баяніст, які зараз служыць тэрміновую службу.
Няхай у гэтай таленавітай красуні ўсё складзецца добра ў жыцці, а Докшыцы стануць горадам, дзе яе напаткае лёс.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *