В Докшицком районе состоялся день Парафьяновского сельсовета

На мінулым тыдні адбыўся дзень Параф’янаўскага сельсавета. Магчымасць трапіць на асабісты прыём да старшыні райвыканкама А.Л. Пінчука, не скарыстаў ніхто з жыхароў сельсавета. Трэба разумець, што ўсе пытанні, якія ўзнікаюць, вырашаюцца мясцовай уладай своечасова. У час прыёму, які праводзілі ў населеных пунктах адказныя работнікі райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў і кіраўнікі раённых арганізацый, таксама пытанняў было нямнога. Жыхары вёскі Юркаўшчына папрасілі дапамагчы асвяціць платформу на чыгуначнай станцыі Вярэнькі, а жыхары Гірнава і Баяраў – змяніць графік руху аўтобуса. Яны прапанавалі перанесці суботні рэйс на аўторак. Вывучыць узнятыя пытанні на прадмет іх вырашэння даручана начальніку ст. Параф’янаў Г.П. Лакуцэвіч і дырэктару Докшыцкага ўчастка ААТ “Аўтапрадпрыемства № 14” г. Лепеля А.С. Курдзеку. Разам з тым насельніцтва выказвала ўдзячнасць за своечасовае вырашэнне надзённых пытанняў старшыні Параф’янаўскага сельвыканкама Г.І. Азарэвіч, за якаснае медабслугоўванне – загадчыцы Параф’янаўскай урачэбнай амбулаторыі Л.А. Зорычус, за правядзенне мерапрыемстваў у аддаленых вёсках – работнікам Параф’янаўскага СДК, а таксама сацработніку Таццяне Станкевіч.
У час аб’езду населеных пунктаў сельсавета не раз трапляліся на вочы адзічэлыя сады, зарослыя кустоўем сядзібы, скасабочаныя хаты. Але радавалі вока і чыстыя палі, якія дзе-нідзе даходзілі аж да вясковай вуліцы за кошт абараных і ўведзеных у агульны севазварот участкаў былых сядзіб. Практычна ў кожным населеным пункце бачны сляды таго, што з разрухай у вёсцы планамерна змагаюцца. За 3 гады дзейнасці Галіны Азарэвіч на пасадзе старшыні сельвыканкама знесена 13 трухлявых хат, закапана 14 падмуркаў, у агульны севазварот перайшло 7 гектараў зямлі. На сённяшні дзень у 20 населеных пунктах сельсавета налічваецца 180 пустых хат і 25 – трухлявых. Са спадчыннікамі 17 пустых дамоў пакуль звязацца не ўдалося, бо жывуць яны за межамі Беларусі. З усімі астатнімі мясцовая ўлада здолела адшукаць агульную мову. Старшыня сельвыканкама ўдзячна за дапамогу ў гэтай справе дэпутату раённага Савета В.Ю. Рандарэвіч. Умее размаўляць з грамадзянамі, якія не жадаюць наводзіць парадак на сваіх сядзібах, у там ліку і мовай пратаколу, участковы інспектар Д.М. Янкавіч. На працягу месяца ім складзена 5 пратаколаў на нядбайных гаспадароў. Яшчэ столькі ж уласнікаў аштрафавала землеўпарадкавальная служба.
Скласці рэестр пабудоў, а старшыня сельвыканкама сёння дакладна ведае гісторыю кожнай пабудовы, – гэта аснова справы, але не самая складаная. Матэрыяльных затрат, і немалых, патрабуе ўся астатняя работа. Параф’янаўскі сельсавет з’яўляецца прыкладам таго, які вынік можна атрымаць, калі ёсць узаемаразуменне паміж мясцовай уладай і прадпрыемствам. Дзякуючы тандэму: старшыня сельвыканкама Г.І. Азарэвіч, былы дырэктар ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” М.І. Шульгат, а зараз яго не менш дастойны пераемнік В.М. Васюковіч, стала дагледжанай вёска Паляне, агульны выгляд якой псуе толькі былое пажарышча. І яго б да гэтага часу ўбралі, але рэшткі хаты толькі нядаўна разабрала спадчынніца. Апошнюю “шліфоўку” праводзіць райаграсэрвіс у Балтрамееўцах, дзе ён разабраў 5 хат, закапаў 6 падмуркаў, высек, раскарчаваў садоў і кустоў на плошчы каля 3 гектараў, якія да восені будуць абараны.

Здымак 1

Здымак 1

Зараз поўным ходам ідуць работы ў Вознаўшчыне і Струках (здымак 1). На чарзе — Грынеўшчына. Спраў там шмат. Але з такім сістэмным падыходам да іх вырашэння ёсць надзея, што ўсё запланаванае будзе выканана.
Вялікую дапамогу аказвае таксама РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, які наняў тэхніку ў ПМС і зараз адпрацоўвае вёску Лібараўшчына. Пасля заканчэння возьмецца за Целяшы.
Шмат зроблена па добраўпарадкаванні самога аграгарадка Параф’янава. Але і тут ёсць яшчэ непрыбраныя двары, “нічые” пустэчы, парослыя дзядоўнікам. Больш рашучасці і настойлівасці з боку сельвыканкама патрабуе вырашэнне такога праблемнага пытання, як знос будынка былой школьнай спартзалы (здымак 2). Зала ёсць, а гаспадара няма. Значыць, ім павінен стаць сам сельвыканкам, калі іншага не адшукае.
У час падвядзення вынікаў Дня сельсавета пра работу па навядзенні парадку ў вёсцы Свіркі расказаў дэпутат Параф’янаўскага сельскага Савета В.К. Каросцік. Педкалектыў школы, тэхработнікі, вучні прыбралі сметнік ля населенага пункта, наводзяць чысціню ля праязной дарогі, праводзяць тлумачальную работу з насельніцтвам.

Здымак 2

Здымак 2

Справаздачу па выкананні зваротаў грамадзян, якія паступілі на папярэдніх Днях сельсавета і праведзенай за гэты час рабоце па навядзенні парадку на зямлі, трымалі старшыні Бягомльскага сельвыканкама М.А. Трахінін і Крулеўшчынскага – А.М. Таляронак.

Тамара
АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *