Валентина Плыгавко из деревни Глинное Докшицкого района награждена орденом Матери
Валянціна Плыгаўка з Гліннага была ў складзе дэлегацыі жанчын з нашага раёна, якія ўзнагароджаны ордэнам Маці. Цырымонія праходзіла ўчора ў сталіцы рэспублікі з удзелам Прэзідэнта краіны. Наша сустрэча з маці адбылася напярэдадні гэтай падзеі. Яна вельмі хвалявалася і саромелася ад вялікай увагі да сябе. Але гэта не перашкодзіла шчырай размове.
– Кацярыне 24 гады, яна ў мяне ўжо працуе, паралельна заканчвае інстытут і сама ўжо мама, Кірыл вучыцца ў дзевятым класе, Арцём – у восьмым. Вераніка – першакласніца, а Максіму хутка чатыры, ён ходзіць у садок, – з цеплынёй у голасе расказвае Валянціна Плыгаўка пра сваіх дзяцей.
Валянціна Пятроўна заўжды была ўпэўнена, што ў яе сям’і будзе трое дзяцей. У вышэйшых сіл на гэта быў свой погляд, і ён падараваў Валянціне магчымасць даць жыццё пяці сэрцам, якія б’юцца дзякуючы любові маці. Жанчына прыняла гэта не за цяжар, а за шчасце.
– Часта чуеш, што цяжка з першым, другім, а калі многа дзяцей, то ўжо неяк лягчэй. Вы з гэтым згодны?
– Па праўдзе сказаць, не, – падумаўшы адказвае маці. – Можа ў бытавым плане крыху і прызвычаішся, але перажываеш за кожнага не на адну пятую частку, а на ўсе сто працэнтаў. Я стараюся даць дзецям максімум увагі, знайсці час прыйсці да кожнага на сход ці мерапрыемства ў школе. Не гавару ўжо пра садок, дзе сама працую выхавальніцай. Заўжды стараюся запытацца, якім быў дзень.
– Ведаю, што гэта не самае арыгінальнае для вас пытанне, але не стамляе яшчэ і на рабоце ўвесь час быць у дзіцячым асяроддзі?
– І сапраўды, пра гэта ў мяне пытаюць заўжды. Я люблю дзяцей. Сваіх, чужых – не важна. Проста гэта сапраўды маё. Я свядома заканчвала педвучылішча не дзеля дыплома, а каб працаваць з малышамі. Пятнаццаць апошніх гадоў наша сям’я жыве ў Глінным, і ўвесь час я працую ў садку. У нашым калектыве ў многіх жанчын вялікія сем’і. І ўсе мы неяк навучыліся спраўляцца.
– А ці адчуваеце вы шкадаванне ў позірках і словах людзей, калі яны даведваюцца, што ў вашай сям’і сем “Я”, як і патрабуе сапраўдная расшыфроўка гэтага слова?
– Не буду аднеквацца, што многіх здзіўляе гэты факт, але я спачування не чую. Мне здаецца, што, наадварот, можна пашкадаваць, калі ў цябе адно дзіця. Я зноў паўтаруся, але для мяне дзеці – гэта радасць. Яшчэ да нараджэння Максімкі, прызнацца, раз-пораз лавіла сябе на думцы, што ўжо сумую без немаўляці.
– Валянціна, вы прывабная жанчына, добра выглядаеце, а ўсё гэта патрабуе часу. Ці хапае яго?
– Хоць знаходжуся ўвесь час з дзецьмі, але стараюся колькі хвілін удзяліць сабе. І раблю гэта не толькі для ўласнага «я», але і для мужа і, канечне, для дзяцей. Ніводзін малыш не будзе шчаслівы, калі побач заўсёды змучаная мама. Акрамя таго, мы жывём у доме, які выдзеліла гаспадарка, увесь час трымаем шмат жыўнасці. Спраў хапае з самай раніцы і аж да вечара.
Мы яшчэ пра многае запыталі ў Валянціны Пятроўны, але прывяду толькі адзін адказ, падчас якога на вачах у жанчыны праступілі шчырыя слязінкі.
– Пра што вы марыце?
– Ведаеце, я заўжды кажу пра гэта сваім дзецям і гэта не вялікі сакрэт. У мяне перад вачыма паўстае такая карціна. Праз нейкую колькасць гадоў у бацькоўскі дом прыязджаюць усе. Хто ўжо са сваімі палавінкамі і ўнукамі, а хто і яшчэ адзін. Мы садзімся за вялікі-вялікі стол. Нас многа, але ўсім хапае месца. Я гляджу на іх, і такое шчасце агортвае сэрца, што ўсё ў жыцці становіцца не дарэмным.
Наталля НАВІЦКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: Валянціна Плыгаўка з малодшымі Максімам і Веранікай.
Фота А. Варанковіча.