Докшицкая районная библиотека ждёт новых читателей
Сяргей Гіль, Генадзій Мілюкоў, Віктар Садоўскі, Людміла Хілько, Вера Маскалёнак, Алена Міхалевіч, Ала Занько, Галіна Пакальская, Анатолій Ванюшын, Ганна Раманенкава, Ванда Паляніна, Данута Шымановіч, Алена Пятрухіна, Тамара Лось, Людміла Шышла – гэта мінімальны пералік лепшых чытачоў раённай бібліятэкі.
– На ўвесь спіс не хопіць месца на старонках газеты, – запэўніла бібліятэкар ЦБС Зінаіда Чантарыцкая. – Самая папулярная літаратура – гэта кнігі з камерцыйнага фонду (дэтэктывы, раманы пра каханне і інш.). Часта чытачы цікавяцца беларускай прозай ХХ – ХІ стагоддзяў, напрыклад, серыяй кніг “Вера. Надзея. Любоў”. Шмат прыхільнікаў ваеннай і гістарычнай літаратуры. Да аб’яўленага Года моладзі ў бібліятэцы створана асобная паліца, на якой размешчаны кнігі пра моладзь, для моладзі, напісаныя моладдзю (на здымку).
Ёсць у кнігасховішчы ЦБС цікавыя выданні. Самымі старымі з іх з’яўляюцца два тамы Анры Барбюса, што былі надрукаваны ў 1950 годзе. Ненамнога маладзейшыя “Вершы і казкі” С. Маршака (1955 год). Самая каштоўная кніга – фотаальбом “Кніжная спадчына Беларусі”, які ўключае ў сябе выявы найбольш значных кніжных помнікаў Беларусі, што зберагаюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Самае вялікае выданне – Нацыянальны Атлас Беларусі. Фармат гэтай кнігі – 50х74.
Ці ведаеце вы, што…
Самая папулярная кніга ў свеце – Біблія. На сённяшні дзень выдадзена прыкладна шэсць мільярдаў экзэмпляраў.
Самы доўгі раман у гісторыі літаратуры з выкарыстаннем лацінскага алфавіту – кніга Генры Дарджэра. Раман пісьменніка нідзе не публікаваўся, ён быў знойдзены толькі пасля яго смерці. Генры Дарджэр пісаў пра вайну дзяцей-рабоў супраць жорсткіх прыгнятальнікаў. Яго твор складаецца з 15145 старонак з сотнямі ілюстрацый, змешчаных у 10 тамоў. Дакладнае колькасць слоў у кнізе ніхто не лічыў, аднак мяркуюць, што іх каля 10 млн. Для параўнання раман Льва Мікалаевіча Талстога «Вайна і мір» змяшчае каля 460 тыс. слоў на рускай і французскай мовах. Звычайна аб’ём кнігі складае каля 1,4 тыс. старонак.
Кніга, якая цяжка чытаецца – “Жанчыны і мужчыны” Дж. МакЭлроя.
Лепшая кніга для падлеткаў – “Граф Монтэ Крыста” А. Дзюма.
Лепшая кніга для дзяцей – “Маленькі прынц” А.Дэ Сент-Экзюперы. Казка была перакладзена амаль на дзве сотні моў і дыялектаў.
Самая доўгая (фізічна) кніга ў свеце – “Фантастычна” (адзін кіламетр восемсот пяцьдзесят шэсць метраў).
Адна з рэкордна тоўстых кніг – “WIKIPEDIA” (аб’ём – пяць тысяч старонак).
Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.