В ОАО «Докшицкий райагросервис» сеют однолетние травы
У сельгасфіліяле “Бягомльскі” і ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” ужо справіліся з сяўбой зерневых і зернебабовых культур. На маршруце рэдакцыі – адкрытае акцыянернае таварыства.
У панядзелак на полі акурат каля Азарцаў механізатары Яўген Ярмаковіч і Аляксандр Суднік падсявалі аднагадовыя травы.
– Плошча гэтага ўрочышча — 80 гектараў. Удваіх за дзень паспеем, – разважае Ярмаковіч. – Норма выпрацоўкі ў нас дваццаць пяць гектараў, але пры добрай контурнасці за дзень звыш сарака засяваем. Вы ж бачыце: сухая вясна, працуем без прабуксовак. Кормяць два разы, толькі сей. Пэўна ўжо і дождж трэба каб сыпануў, а то пыл паднімаецца.
На падвозе насення ў гэтага звяна задзейнічаны Дзмітрый Каляга і Канстанцін Ульскі. Спраўна ідзе работа і ў другога звяна – з пасяўнымі агрэгатамі працуюць Генадзь Бабіцкі і Міхаіл Чарняўскі. Насенне ім падвозяць вадзіцелі Віктар Маркевіч і Міхаіл Залатуха.
Штодня разам з механізатарамі на полі і начальнік вытворчага ўчастка гаспадаркі Ганна Мароз. Яна кажа, што паралельна вядуцца ўсе веснавыя палявыя работы. Зерневыя і зернебабовыя пасеялі. На ўсёй плошчы падкормлены азімы рапс, на дзве трэція – азімыя зерневыя, вялася падкормка сенакосаў і пашаў. На розных відах работ у веснавы прыпар у райаграсэрвісе было задзейнічана каля трыццаці чалавек. Каб не прамаруджваць з пасяўной, абеды працаўнікам палёў прывозяць прама на месца. За перавышэнне нормы выпрацоўкі прадугледжаны даплаты. Няма істотных праблем з палівам. Чаго яшчэ чакаюць аграрыі? Толькі спрыяльнага надвор’я, каб пакладзеныя ў зямлю зярняткі далі аддачу за ўсю тую працу, якая ўжо імі выканана.
…Пэўна прыслухаліся нябёсы да просьбы механізатара. Акурат пасля нашай размовы неба стала шэрым і цяжкім. Колькі хвілін — і пасыпаліся на поле кроплі жыватворнай вільгаці.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) Яўген Ярмаковіч і Аляксандр Суднік з ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” на сяўбе аднагадовых траў.
Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.