Заведующей хозяйственной частью Бегомльского детсада Докшицкого района работает Ольга Дубко
Расказваючы пра жыццё-быццё ўстаноў дашкольнага выхавання, мы ўсё больш згадваем загадчыц, выхавацельніц, нянечак. Менш увагі застаецца кухарам, прадстаўнікам гаспадарчых і іншых прафесій, без якіх нармальнае функцыянаванне падобных устаноў было б немагчыма. Між тым, ёсць шмат прыкладаў самаадданых гэтай справе людзей, якія не проста адбываюць гадзіны, а любяць сваю справу і нават ахвяруюць вольным часам дзеля яе. Адна з такіх работніц – загадчыца гаспадарчай часткай Бягомльскага дзіцячага садка Вольга Дубко.
Амаль тры дзесяцігоддзі мінула з таго часу, як Вольга Андрэеўна прыйшла на працу ў садок. За гэты час жанчына “авалодала” многімі прафесіямі. Дзякуючы адказнасці і безадказнасці адначасова, да яе часта звяртаюцца з просьбамі тут дапамагчы, там падмяніць, а гэта – давесці да толку. Да таго ж Вольга Андрэеўна не забываецца пра шырокае кола сваіх уласных абавязкаў: штосезонныя рамонты, фарбаванні, добраўпарадкаванне тэрыторыі і іншыя гаспадарчыя пытанні. А яшчэ ж трэба падрыхтаваць паперы, зрабіць справаздачы і трымаць адказ за кожны патрачаны на гаспадарку рубель.
На думку загадчыцы Ніны Аўсяннікавай, дзіцячы садок – гэта тая арганізацыя, дзе трэба часцей усміхацца. Вольгу Андрэеўну рэдка сустрэнеш у дрэнным настроі. Яна лічыць, што дзеці не вінаватыя ў тым, што ў нас бываюць складаныя дні і цяжкасці. Усе адмоўныя эмоцыі трэба пакінуць дома. Нягледзячы на тэхнічны характар сваёй работы, яна і з дзецьмі трымае непарыўную сувязь. Ведае кожнага з выхаванцаў садка па імені, заўжды знойдзе патрэбныя словы, каб пагаварыць з малышамі. Не абыходзяцца без намаганняў нераўнадушнай загадчыцы гаспадаркі і мерапрыемствы, што праходзяць у садку. На нядаўнім свяце Масленіцы яна актыўна дапамагала афармляць месца правядзення, дамаўлялася па розных пытаннях. Усё гэта дазволіла мерапрыемству прайсці гладка, без нудоты і прамаруджання. І такіх прыкладаў шмат.
Сакрэт аптымізму гэтай жанчыны пэўна ў шчырай любові да навакольных і месца, дзе яна жыве. У гарпасёлку склаўся яе жаночы лёс. Разам з мужам яны выгадавалі трох сыноў. Адзін з іх – Сяргей Дубко – спявак, якога любяць не толькі бягомльскія гледачы, але і слухачы з усяго раёна. Праўда, некалькі год таму гаспадар пайшоў з жыцця. Горыч, якая пачала напаўняць сэрца, жанчына выціснула работай. Вольга Андрэеўна кажа, што ёй не сорамна ні за аднаго са сваіх дзяцей, ганарыцца яна і пяццю ўнукамі, самага малодшага з якіх называе сваім любімым мужчынкам. І дадае, што тым не менш, любіць усіх іх аднолькава. Яно і не дзіва, бо па-іншаму гэта жанчына не ўмее.
НА ЗДЫМКУ: Вольга Андрэеўна на тэрыторыі садка.
Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.