Команда Докшицкого района заняла второе общекомандное место в спартакиаде Витебской области по легкой атлетике
Напрыканцы красавіка ў горадзе Орша прайшла спартакіяда Віцебскай вобласці па лёгкай атлетыцы. Каманда нашага раёна ў складзе сямі чалавек заняла другое пераможнае агульнакаманднае месца, уступіўшы толькі 2 балы Чашніцкай ДзЮСШ.
Найбольшы ўклад у перамогу ўнеслі выхаванцы Івана Рацькавіча. Настасся Батура, якая зараз вучыцца ў Мінскім вучылішчы алімпійскага рэзерву, заваявала два першыя месцы – не было ёй роўных ў штурханні ядра (13 м 25 см) і кіданні дыска (34 м 82 см).
Юля Пашэвіч паказала свой спрыт і хуткасць і стала першай ў бегу на 200 м і другой – на 400 м. Падтрымаў каманду і Філіп Прадзед. Ён заваяваў першае месца ў кіданні дыска (44 м 97 см) і трэцяе ў штурханні ядра (13 м 37 см). Дарэчы, у кіданні дыска юнак пабіў рэкорд раёна 1991 года! Ніякіх шанцаў не пакінула праціўнікам Настасся Кацейка і прынесла два першыя месцы ў бегу на 800 і на 1 500 м. У цяперашні час Настасся павышае сваё майстэрства ў Наваполацкім вучылішчы алімпійскага рэзерву.
Павел Казьянін у скачках увышыню выканаў першы дарослы разрад і ўступіў 3-е месца толькі па колькасці затрачаных спроб. Васіль Качан і Дзям’ян Каросцік паказалі свае найлепшыя вынікі і ўнеслі свой уклад у агульнакамандны залік.
Прызёры ўвойдуць у склад абласной каманды і выступяць на рэспубліканскіх спаборніцтвах.
НА ЗДЫМКУ (злева направа): Юлія Пашэвіч, Філіп Прадзед, Настасся Кацейка, Настасся Батура.
***
8 мая ў г. Мінску прайшоў фінал Усебеларускага лёгкаатлетычнага кросу на прызы газеты “Советская Белоруссия”, прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі. У ім прыняла ўдзел адна з лепшых юных спартсменак нашага раёна Настасся Кацейка. Паказаўшы добрую спартыўную падрыхтоўку, стараннасць і спрыт, яна заняла 3-е месца!
Яўгенія МАЛЕВІЧ.