Ситцевская школьница Полина Шарох в будущем составит конкуренцию нашим биатлонисткам
У народзе кажуць, што тата хоча мець сына, а матуля — дачку. Але любое дзіця — гэта радасць для бацькоў. Так і ў сям’і Пятра і Кацярыны Шарох з агр. Сітцы, навіна аб трэцяй цяжарнасці прыжылася з радасцю. Два сыны Іван і Яраслаў ужо падрасталі ў іх сям’і. У 2003 годзе нарадзілася дачка Паліна. Дзяўчынка з самага маленства расла сумленная і адказная. Матуля да сённяшняга дня памятае словы выхавацелькі дзіцячага садка: “Такое ўражанне, што мяне чуе адна Паліна, адна з першых бяжыць сабіраць цацкі.”
Аднойчы я прыйшла ў мясцовы КБА да Кацярыны зрабіць прычоску. На стале я ўбачыла мноства розных падзелак з паперы. “Гэта падарункі маіх дзяцей,” — сказала загадчыца.
– Я бачыла тваю Паліну на аўтобусным прыпынку, куды яна едзе?
– У музычную школу ў Параф’янава.
– Па дзеду пойдзе (дзядуля Паліны, Салаўёў Мікалай Рыгоравіч, былы настаўнік музыкі і спеваў Сітцаўскай школы, знакаміты на ўвесь раён спявак і музыкант.) А не боязна такую маленькую адну адпускаць?
— Калі адна, а калі з бабуляй Тамарай Пятроўнай едзе. Як прыйдзецца. Сама ведаеш, як у шматдзетнай сям’і, дзеці хутка становяцца дарослымі.
З той размовы прайшло чатыры гады. З месяц таму я пачула навіну пра тое, што Паліна Шарох заняла ІІ месца на Рэспубліканскіх спаборніцтвах “Снежны снайпер” на прызы прэзідэнцкага спартыўнага клуба сярод дзяўчынак малодшай групы па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, якія праходзілі ў сакавіку.
Адметна тое, што першую ўзнагароду дзяўчынка атрымала ў дзень свайго нараджэння. І гэту перамогу яна прысвяціла сваёй матулі Кацярыне, дзвюм бабулям Тамары і Леакадзіі, як падарунак да 8 Сакавіка.
Сяброўства з гэтым відам спорту ў Паліны пачалося два гады таму. У Сітцаўскую школу прыйшоў працаваць новы настаўнік фізічнай культуры Іосіф Чэрнянін. Менавіта ён заўважыў скрытыя магчымасці Паліны, яе здольнасці да спорту. Дзяўчынцы цікава ўсё: і стральба, і бег, і лыжы, і тэніс, і скачкі. Выслухаўшы аповед дзяўчынкі пра свайго настаўніка, можна смела сказаць, што гэты чалавек – настаўнік ад Бога. Ён самааддана адносіцца да сваёй справы. І перамога дзяўчынкі — гэта і яго перамога таксама.
У Паліны ёсць шмат дыпломаў і грамат, якія яна атрымала на школьных і раённых спаборніцтвах, а таксама граматы за выдатную вучобу і паводзіны.
Гледзячы на Паліну, міжволі задумваешся, як у маленькай хударлявай дзяўчынкі ўмяшчаецца такая напорыстасць, моцная сіла духу, жаданне перамагаць і быць здаровай (у гэтым годзе яна разам з дарослымі акуналася ў палонку на Вадохрышча.)
Яшчэ ў падлеткавым узросце ў адрыўным насценным календары я прачытала верш Забаштанскага “Вера в человека”. Яго радкі запомніліся мне да цяперашняга часу:
…Никуда человеку без веры не деться,
Веры в сивую грусть и улыбку младенца.
Веры в разум людей, их надежды, тревоги,
В их ведущие в светлое завтра дороги…
І сапраўды, кожнаму чалавеку хочацца, каб яго падтрымлівалі, каб яму верылі. Верылі ў яго здольнасці, таленты. І мы, Паліна, верым у цябе. Меткіх выстралаў і свабоднай лыжні табе, наша “зорачка”. Спадзяёмся, што ў будучым ты будзеш зіхацець не сярэбраным, а залатым ззяннем. Стань, Паліна наша, як Домрачава Даша!
Жана Каржэвіч.