В Докшицком районе прошёл день Волколатского сельсовета
Мерапрыемства, якое праводзілася ў Валкалацкім сельсавеце, на гэты раз не пакінула таго пачуцця прыгнечанасці і болю за вёску, як гэта было ў большасці сваёй раней. На тэрыторыі сельсавета размешчаны 34 населеныя пункты, у якіх пражывае крыху менш за 1000 чалавек. Як і ўсюды – бязлюддзе. Напрыклад, у вёсцы Загацце, якая была першай на маршруце ў час аб’езду, пастаянна людзі жывуць у 11 хатах, у Малякове – у васьмі, у Кісеве – у пяці. І тым не менш, запушчанасці ў гэтых населеных пунктах, як і ў іншых, не назіраецца. Змагаліся з ёй усе разам пад кіраўніцтвам сельвыканкама. Яго старшыня Антаніна Бабарыка вельмі ўдзячна ДРБУ № 180 за наведзены парадак у Будзічах, Аўсянніках, Струках, а таксама РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, за якім замацавана вёска Загацце. Камунальнікі разабралі трухлявы будынак былога сельскага клуба, высеклі кусты паабапал дарогі, падсыпалі яе. Дапамаглі навесці парадак ля хаты, спадчыннікам якой з’яўляецца старая бабуля. У Малякове спраўна папрацавалі работнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, у Кісеве – асабісты састаў ПАВП № 11. Мясцовае ДП “АграСітцы” абарала некалькі пустых участкаў. Рукі прыклалі і самі спадчыннікі. Дарэчы, з 93 уладальнікаў пустых хат па ўсім сельсавеце не ўстаноўлены толькі чатыры. Сярод гэтай колькасці не адгукнуліся на просьбу сельвыканкама аб навядзенні парадку на сядзібах толькі тыя, хто не мог гэтага зрабіць па стане здароўя ці старэчага ўзросту. З менталітэту валкалатцаў за 40 год, пакуль панавала агульная ўласнасць, не паспелі знікнуць працавітасць, любоў да зямлі, адказнасць за сваё і не з’явілася жаданне толькі спажываць, патрабаваць, не даючы нічога ўзамен. Таму ўрач Галіна Чыкун на працягу многіх гадоў прыязджае з Мінска, каб бацькоўская хата ў Віржах была такой жа дагледжанай, як і тады, калі яе гаспадаром быў старшыня калгаса “Памяць Ільіча” Франц Чыкун. Знаходзіць час абкасіць ля бацькоўскай хаты ў вёсцы Гарадзішча былы генеральны дырэктар канцэрна “Белаграпраммаш” Мікалай Штуро. Куточкам прыгажосці зрабіла спадчынную сядзібу ў вёсцы Аўсяннікі мінчанка Данута Мелец. У Валкалаце прыкладам таго, як трэба ставіцца да месца, дзе з’явіўся на свет і першы раз ступіў на зямлю, з’яўляюцца бацькоўскія сядзібы Галіны Літвін, Міхаіла Януковіча, Ганны Мікалаенка, у Свіркаўшчыне – Таццяны Іваноўскай, у Асінаўшчыне – Алены Кушаль і многіх іншых.
Да навядзення парадку на зямлі сельвыканкам і ўчастковы інспектар здолелі прыцягнуць нават двух мясцовых дармаедаў. Перад рэальна ўзнікшай пагрозай адпраўкі ў ЛПП гэтыя мужыкі ператварыліся ў адных з самых ярых “барацьбітоў” за чысціню.
У час прагляду традыцыйнага відэафільма, калі на экране адна за адной з’яўляліся хоць і пустыя, але дагледжаныя і нават яшчэ дыхтоўныя хаты, хацелася аднаго: усяліць туды людзей, бо гэты край павінен жыць. На памяць прыходзяць словы Прэзідэнта, сказаныя ім на сустрэчы з расійскімі СМІ пра тое, што ў Беларусі адна праблема – людзі. Нам бы яшчэ 10 мільёнаў чалавек, а наша зямля ўсіх іх зможа пракарміць.
Канечне, нягледзячы на ўсе станоўчыя моманты, праведзеную вялікую работу, якая бачна ў кожным населеным пункце, у сельсавеце ёсць яшчэ над чым працаваць. Патрабуюць увагі вясковыя дарогі, асфальт на якіх быў пакладзены ў далёкія 80-я гады. Праблему ствараюць падмуркі разабраных пабудоў, закопваць якіх няма каму і няма чым. Крытычнага погляду, а галоўнае, актыўных дзеянняў з боку кіраўніцтва і спецыялістаў ДП “АграСітцы”, патрабуе работа па добраўпарадкаванні тэрыторый ля жывёлагадоўчых ферм і іншых вытворчых памяшканняў, а то дысанансам выглядаюць падобныя месцы ў тым жа Гарадзішчы і нават самой Валкалаце. Праўленню райста трэба падумаць аб тым навошта трымаць у вёсках будынкі даўно непрацуючых крам.
Магчымасць прыйсці на асабісты прыём да старшыні райвыканкама не скарыстаў ніхто з мясцовых жыхароў. Да адказных асоб, якія сустракаліся з вяскоўцамі, жыхары вёскі Кісева, дзе ёсць тры каровы, звярнуліся з просьбай падкасіць пашу, Семянілава – абследаваць слуп з электраправадамі, які, ім здаецца, даў трэшчыну. У асноўным жа гучалі падзякі работнікам аўтакрамы райста, сацработнікам, паштавікам, медработнікам, у тым ліку фельчару Галіне Кімстач, а таксама камунальнікам, якія навялі парадак на могілках у вёсцы Асінаўшчына.
НА ЗДЫМКАХ: так выглядае хата ўласніка Алега Мартуля ў Валкалаце, у якой ён, дарэчы, не жыве; бацькоўская сядзіба Галіны Чыкун.
Тамара Альшэўская.
Аляксандр Варанковіч (фота).