Докшицкая детская школа искусств представляет детям богатый спектр возможностей для их творческого развития
Докшыцкая дзіцячая школа мастацтваў прадстаўляе дзецям багаты спектр магчымасцей для іх творчага развіцця. Сёлета ў ёй займаліся 292 вучні, адукацыйны працэс з якімі забяспечвалі 24 педагогі. Былі адкрыты два новыя класы: класічнай гітары (настаўнік А.П. Шалапа) і ўдарных інструментаў (настаўнік Д.Э. Няфёдаў). Музычныя класы працавалі ў Глінным, Сітцах, Параф’янаве. У апошнім аграгарадку быў адкрыты клас харэаграфіі. У сёлетнім навучальным годзе былі адкрыты таксама класы харэаграфіі і цымбал у аграгарадку Порплішча.
Педагогі школы далучаюць дзяцей да музычнай культуры, вучаць іх іграць на музычных інструментах, шукаюць найбольш таленавітых і здольных для далейшага паступлення ў спецыяльныя навучальныя ўстановы культуры і мастацтва. Для развіцця творчых здольнасцей дзяцей створаны ўсе ўмовы, таму ёсць і вынікі.
Плённа працуюць такія творчыя калектывы, як хор “Звонкія галасы”, інструментальны ансамбль настаўнікаў пад кіраўніцтвам Аксаны Чарнаок “Кантабіле”. Урачыстасці, якія праходзяць у раёне, суправаджае духавы аркестр вучняў і настаўнікаў Ігара Карповіча. Гэты ж малады настаўнік з’яўляецца і кіраўніком рок-групы “Котан бэдс”. Яшчэ адзін калектыў у дадатак да народнага вакальнага ансамбля настаўнікаў “Вярба” атрымаў сёлета ганаровае званне. Аркестр баянаў, якім шмат год кіруе Святлана Гарабец, стаў “узорным”.
Кожны год вучні інструментальнага аддзялення прымаюць удзел у рознага ўзроўню конкурсах. Сёлета Анастасія Казлоўская выступала на VIІ адкрытым конкурсе фартэпіяннай музыкі “Музычныя іскаркі” ў Клецку. Дастойна прадставілі школу на фестывалі маладых выканаўцаў імя Пятрэнкі ў Полацку вучні фартэпіяннага аддзялення Ганна Козел і Віка Крыкун. У адборачным туры Рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя Жыновіча прынялі ўдзел цымбалісты Агнія Казлова і Сямён Кішулька, баяніст Дзмітрый Пракаповіч. Даша Харытонава ўдзельнічала ў Рэспубліканскім конкурсе выканаўцаў на цымбалах “Перазвоны”. Вялікі поспех садзейнічаў настаўніцы па класе фартэпіяна Аляксандры Зільберт, якая стала лаўрэатам 1 ступені на конкурсе музычнага мастацтва Беларусі “Спадчына” ў Мінску. З году ў год расце прафесіяналізм вучняў харэаграфічнага аддзялення. Усе названыя калектывы з’яўляюцца ўпрыгожаннем канцэртаў, якія адбываюцца на раённай сцэне.
Да свету выяўленчага мастацтва рабят далучае Кацярына Казлоўская. Сёлета яе выхаванцы прынялі ўдзел у Міжнародным конкурсе візуальнага мастацтва “Розны свет 2015” у Латвіі.
Папулярнасцю карыстаецца ў бацькоў школа ранняга эстэтычнага развіцця “Смешарики”, дзе займаюцца дзеці ад 4 да 6 год. Гэта – будучае школы і да яго выхавання вельмі сур’ёзна адносяцца настаўнікі В.А. Жаўткевіч, А.У. Глінская, К.В. Казлоўская.
Падвядзенне вынікаў работы школы за навучальны 2014-2015 год адбылося ў кінаканцэртнай зале “Іскра”. На мерапрыемстве лепшыя вучні атрымалі граматы і ўдзячнасці, выпускнікі – пасведчанні аб заканчэнні школы мастацтваў, а потым усе разам парадавалі перапоўненую гледачамі залу сваім выканаўчым майстэрствам у розных відах мастацтва.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: вучні класа класічнай гітары разам са сваёй настаўніцай Аленай Шалапа.