Докшицкому писателю Фёдору Антоновичу Полочанину присуждена очередная премия

ф1Фёдар Палачанін – вядомы пісьменнік не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Яго кніга “Докшыцкі край” трапіла ў многія краіны свету, дзе пражываюць землякі пісьменніка і адкуль дасылаюць аўтару шчырыя водгукі і словы ўдзячнасці за літаратурную творчасць. За гэту кнігу ў 2010 годзе ён атрымаў дыплом лаўрэата рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Лепшы твор 2009 года” ў галіне публіцыстыкі. Высока была ацэнена і кніга “Зраненае сэрца”, за якую драматург атрымаў Рэспубліканскую літаратурную прэмію “Залаты Купідон”. А кнігі “Голас сумлення” і “Шлях да Бога” прынеслі яму званне лаўрэата літаратурных прэмій імя Уладзіміра Караткевіча і імя Петруся Броўкі. У 2014 годзе Фёдар Палачанін узнагароджаны медалём “За вялікі ўклад у літаратуру”.
І вось новая перамога нашага знакамітага земляка. Ф.А. Палачаніну прысуджана прэмія Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Яна была ўручана ў час правядзення VII З’езда Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Таксама ён атрымаў Ганаровы знак і Дыплом лаўрэата прэміі ФПБ 2015 года ў галіне літаратуры, мастацтва, журналістыкі і аматарскай творчасці за кнігі драматургіі “Зраненае сэрца” і “Дарога ў неба”.
А зусім нядаўна пабачыла свет новая, сямнаццатая, кніга Фёдара Палачаніна “Маўклівая любоў”. У яе ўвайшлі новыя драматычныя творы: “Маўклівая любоў”, “Чужая яечня не вечна”, “Вытраўленая любоў”, “Кара свайго сумлення”, “Ванькавы мары” і тыя, што найбольш спадабаліся чытачам і гледачам: “Сэрцу не загадаеш”, “Ці так жывём?”, “Нявыпраўленая памылка”, “Санаторная песня”, “Расплата за нелюбоў”, “Сцяпан і Вяльяна”.
Спрадвечная тэма кахання. Па ёй ужо столькі створана розных твораў, што, здаецца, больш не магчыма напісаць што-небудзь новае. Але Фёдар Палачанін зноў і зноў звяртаецца да гэтай тэмы і кожны раз па-свойму ўмела яе раскрывае.
У меладраме “Маўклівая любоў”, якая дала назву кнізе, аўтар паказвае яшчэ нявыказанае каханне галоўных герояў Віктара і Вікторыі. Яны па волі жарту сакратара сельсавета Галіны Фёдараўны сталі мужам і жонкай, аднак стварылі сям’ю на зайздрасць людзям. Але на жыццёвым шляху Віктара сустракаюцца спачатку Аляксандра, а потым – Віталія, якія пераконваюць яго, што маўклівая любоў несапраўдная. І той ім верыць. Наслухаўшыся гучных слоў прызнання ў каханні і вернасці, але хутка пераканаўшыся ў падмане новых спадарожніц жыцця, Віктар разумее, што іх маўклівая любоў з Вікторыяй самая моцная, і вяртаецца ў сваю сям’ю.
Героям меладрамы “Вытраўленая любоў” Алесю і Юлі давялося перажыць шмат пакут за сваё каханне, у якім яны спачатку нават самім сабе баяліся прызнацца, а потым вымушаны былі хаваць ад людскога вока, бо лічыліся дваюраднымі братам і сястрой. Іх пачуццё настолькі аказалася моцным, што не стрымала яго і тое, што яны радня. Але на шляху закаханых сталі бацькі Юлі. Страх, што можа нарадзіцца непаўнацэннае дзіця, а таксама за будучыню дачкі, прымушае іх вытравіць шчырыя пачуцці маладых людзей. Як ні стараўся Алесь уратаваць сваё каханне і будучае дзіця, нічога не атрымалася. І нават праз некалькі гадоў, калі стала вядома, што ён з Юляй не радня, яму не ўдаецца аднавіць сваё каханне.
Аўтар даводзіць, што нельга ўмешвацца бацькам у шчасце маладых, бо гэта можа негатыўна паўплываць на іх будучае, зламаць лінію лёсу (“Вытраўленая любоў”, “Кара свайго сумлення”, “Ці так жывём?”). Сямейнае пытанне займае значнае месца ў кнізе. Драматург шмат увагі аддае разгляду вобраза маці. Ён не прытрымліваецца выключна станоўчай трактоўкі гэтага вобраза. Пісьменнік асуджальна ставіцца да абортаў і грамадзянскіх шлюбаў і даводзіць герояў да ўсведамлення сваіх няправільных дзеянняў, да прызнання памылак. Ён з сімпатыяй адносіцца да такіх жанчын, якія чужых дзяцей выхоўвалі як родных. (“Чужая яечня не вечна”, “Кара свайго сумлення”, “Нявыпраўленая памылка”).
Цікавяць драматурга ўзаемаадносіны паміж мужам і жонкай, захаванне імі норм маралі, прыстойных паводзін. Часам жанчыны не цэняць сваіх гаспадароў, ашукваюць іх (“Расплата за нелюбоў”). Гучна пастаўлена пытанне разбэшчанасці і здрады блізкім людзям у камедыі “Санаторная песня”. Санаторый падаецца месцам, дзе вітаюцца падман, любоўныя прыгоды, дзе адкідваюцца прэч этычныя нормы. Пісьменнік асуджае такую схему паводзін, не прымае пошук героямі забаў.
Раскрываецца ў кнізе і пытанне сапраўднага і ўяўнага сяброўства. Драматург сцвярджае, што ўзаемадапамога і цеплыня аказваюць вялікую падтрымку ў паўсядзённым жыцці і ўспрымаюцца ў нашым жорсткім грамадстве сапраўдным скарбам (“Сэрцу не загадаеш”), а хітрасць і няшчырасць могуць прычыніць шмат шкоды блізкім людзям (“Чужая яечня не вечна”, “Заручыны”, “Ты мне хто?”, “Не свая віна”). Фёдар Антонавіч пераконвае, што на чужым няшчасці нельга пабудаваць сваё шчасце, усё роўна адбудзецца пакаранне.
У аснову трагедыі “Сцяпан і Вяльяна” пакладзена легенда пра цікавы помнік прыроды Сцёп-камень, які знаходзіцца ў Докшыцкім краі. Майстар слова стварыў яркія карціны сялянскага побыту, якія дапамагаюць чытачу зразумець, як спачатку сэрца знакамітага краўца Сцяпана, а потым і сам пераўтвараецца ў камень. Драматург даводзіць: для дасягнення сваёй мэты нельга звязвацца з нячыстай сілай. Самаўпэўненасць і ганарлівасць таксама часам з’яўляюцца перашкодай на шляху да шчасця і кахання.
“Ванькавы мары” – казка для дзяцей і дарослых. Майстар слова ўмела спалучае казачнае і рэальнае жыццё. Ён паказвае, як па жыцці побач з дабром ідзе і зло, якое не заўсёды лёгка распазнаць. Аўтар даводзіць, што Дарога дабра вядзе да хутчэйшага здзяйснення мараў.
Мова персанажаў аўтара індывідуалізаваная. Мастацкі тэкст узбагачае шматлікая колькасць прыказак і прымавак, крылатых выслоўяў. У іх сканцэнтраваны неацэнны фонд народнай мудрасці, жыццёвай праўды. Выкарыстанне пералічаных сродкаў дапамагае глыбей пранікнуць у сэнс праблемы, шматфарбна выпісаць герояў, раскрыць іх думкі.
Мастак слова пераконвае, што жыццё чалавеку даецца на добрыя справы, таму зямны шлях трэба імкнуцца прайсці дастойна.
Кніга ”Маўклівая любоў“ – выдатны падарунак чытачам. Яна напаўняе іх сэрцы і душы святлом, дабром і чысцінёй, дапамагае дастойна крочыць па жыцці.

І. ЖУКАЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *