Куклы на любой вкус у Людмилы Ючкович из Докшиц
Напэўна, не знойдзецца ніводнай дзяўчынкі ў свеце, якая б не гуляла ў лялькі. Гулялі ўсе. Здаўна лепшай цацкай была лялька, якую спавівалі і калыхалі.
Традыцыйнай лялькай у быце любой вёскі была лялька з тканіны. Пакуль дзеці былі маленькія, гэтыя цацкі ім шылі матулі, бабулі і старэйшыя сёстры. З пяцігадовага ўзросту такую “пацешку” ўжо магла зрабіць любая дзяўчынка.
Сёння на паліцах крам прадстаўлены шырокі выбар лялек. Адны з іх умеюць плакаць, другія – гаварыць, трэція – смяяцца, хадзіць, прасіць есці… А яшчэ тры-чатыры дзесяцігоддзі таму гэтага ўявіць сабе было немагчыма.
Ідучы ў нагу з часам, дзеці 21-га стагоддзя выбіраюць сабе лялькі зусім не такія, з якімі гуляла пакаленне іх матуль. Напрыклад, Монстэр Хай – дзяўчынкі-лялькі, падобныя на муміі і зомбі. Такую ўжо спаць не пакладзеш. Вытворцы цацак Эвер Афтэ Хай называюць свой тавар “добрай серыяй”. Гераіні лялек у гэтым выпадку скапіраваны з вядомых казак Папялушка, Беласнежка і г. д.
Далей. Самая папулярная, зразумела, Барбі. Дарэчы, нядаўна яна адзначыла свой 56-ы год нараджэння і, згадзіцеся, нядрэнна выглядае на свой узрост. Незвычайны выгляд маюць лялькі Братц, зробленыя з вініла. Асабліва гібкія лялькі Лалалуксі, адметнасцю якіх з’яўляецца валасы-трубачкі, якія выдатна гнуцца, дзякуючы чаму з іх можна рабіць самыя разнастайныя прычоскі.
Нітка, якая звязвае нас з продкамі
Вернемся ўсё ж такі да лялек, зробленых з тканіны сваімі рукамі, якія былі асабліва папулярныя ў славянскіх народаў. Яшчэ іх называюць мотанкі. Менавіта такія лялькі і сталі з нядаўняга часу адным з захапленняў Людмілы Ючкавіч – кіраўніка гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які дзейнічае пры адддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў. Педагог і псіхолаг па адукацыі, Людміла Васільеўна больш за два дзясяткі гадоў адпрацавала ў дзіцячым садзе, а 6 год таму вырашыла кардынальна змяніць сваю дзейнасць. І не дарэмна. З яе чароўных рук выходзяць дзівосныя рэчы, выкананыя ў розных тэхніках і накірунках (на здымках).
У мінулым годзе майстрыха з дачкой Янай пабывала на выставе, якая праходзіла ў Гродна. На ёй была прадстаўлена незлічоная колькасць лялек, сплеценых з тканіны. Адну з іх запісала ў сяброўкі дачушка Людмілы.
– Пасля прыезду з выставы мне захацелася яшчэ больш даведацца пра мотанкі, якія рабілі нашы продкі без нажніц і іголкі, бо лічылася што калючыя прадметы могуць нанесці шкоду лялькам-абярэгам, – расказвае Людміла. – Аказваецца ўзніклі яны больш за 7 тысяч гадоў таму і выкарыстоўваліся, як у паганьскія часы, так і ў хрысціянскія. Рыхтавалі іх з астаткаў тканіны, якую рвалі рукамі і маталі ў адным накірунку, зверху ўніз па гадзіннікавай стрэлцы, пры гэтым маглі спяваць альбо чытаць малітву. Адным словам, укладвалі ў лялек толькі самае добрае. У даўніну іх падзялялі на тры віды: лялька-немаўля, якая ахоўвала дзяцей; лялька-берагіня – аберагала дом ад бяды, прыносіла дастатак сям’і і лялька-нявеста. Яе рабіла матуля сваёй дачцэ.
– Мая першая лялька, якую я зрабіла, – успамінае Людміла, – называецца траўніца. У спадніцу ёй паклала, як і патрабуецца, духмяныя травы моцнага паху. Сумесь траў добра захоўваецца, таму зімой можна яе заварыць і ўжываць, як гарбату або лякарства. Увогуле лялькі-мотанкі маюць шмат назваў. Напрыклад, ляльку-званочак падвешвалі дома для добрага настрою, у галаву зернавушкі замотвалі зерне, каб быў дастатак у доме. Абсалютна ўсе лялькі з кавалачкаў тканіны лічыліся мяккімі і цёплымі. Яны аддавалі цяпло дзіцяці, супакойвалі яго, што не пад сілу ніводнай ляльцы, вырабленай з пластмасавага матэрыялу.
Асаблівасцю лялек з тканіны з’яўляецца тое, што ім не прынята было маляваць ні вочы, ні нос, бо па павер’і лічылася, што ў іх можа ўсяліцца чыя-небудзь душа, – працягвае Людміла. – Замест гэтага маглі зрабіць сакральны крыж розных колераў. Чорны азначаў колер зямлі і ўрадлівасці, чырвоны і зялёны – сонца і жыцця.
У дзяцінстве сярод маіх цацак лялькі з тканіны не было, – з сумам гаворыць Людміла. – Затое вельмі рада, што магу яе зрабіць для сваёй дачкі.
Гледзячы на паліцы, на якіх размясціліся прыгожыя вырабы мастачкі, не перастаеш здзіўляцца выдумцы і густу, з якімі зрабіла іх гэта жанчына. А яшчэ яна звычайныя шкляныя бакалы для шампанскага па просьбе суджэнцаў аздабляе рознымі ўпрыгажэннямі. Атрымоўваецца па-святочнаму і шыкоўна.
Усе вырабы, якія “нараджаюцца” пасля карпатлівай працы, майстрыха дорыць родным, сябрам і знаёмым.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.