Надежда Стемпель из деревни Осово Докшицкого района превращает свою усадьбу в цветущий сад
Пайшоў дзявяты год, як былая загадчыца фермы Восава калгаса імя Суворава, а зараз пенсіянерка Надзея Стэмпель, нястомна ператварае сваю сядзібу ў дзіўны квітнеючы сад. У ім пад дзве сотні сартоў кветак і раслін. Зараз тут царства цюльпанаў самых неверагодных расфарбовак, напрыклад зялёнага, які праз некалькі дзён становіцца жоўтым. Па форме некаторыя з іх хутчэй нагадваюць пышныя півоні, чым стройныя цюльпаны. Набухлі бутоны ў калаў і ірысаў, за імі пачнуць царстваваць ліліі – і так да позняй восені. Шмат кветак, назвы якіх нічога не гавораць таму, хто не займаецца кветкаводствам.
Але не менш, чым кветкі, а можа і больш, здзіўляе сам сад, галоўным будаўнічым матэрыялам у якім з’яўляюцца пластыкавыя бутэлькі. З іх зроблены агароджа і масткі, дарожкі і дрэвы, фігуркі розных птушак і звяроў (паўліна, мядзведзя, пальмаў, пінгвінаў, страусаў). Стаяць абабітыя пластыкам пагада і кібітка. За ачышчэнне наваколля ад тысяч бутэлек, Надзея Пятроўна, несумненна, дастойна ўзнагароды. Пластык ёй вязуць і нясуць усе знаёмыя. Ведаюць, што бутэлькі ў яе ўмелых руках з’яўляюцца бясцэнным матэрыялам.
Умее жанчына абыходзіцца і з тапаром, рубанкам, нажоўкай і малатком. З кавалка дрэва зрабіла зялёнага кракадзіла. Маляўнічыя карані, якія прыгледзела ў лесе, ператварыліся ў руках майстра ў падстаўкі для кветак. Пакоі яе хаты ўпрыгожваюць вышываныя іконы і пейзажы, гафтаваныя сурвэткі, а ў шафе вісяць вязаныя рэчы. Як таленавітаму чалавеку, ёй хацелася паспрабаваць рабіць усё. Магчыма, што і сад – гэта не апошняе захапленне ў яе жыцці. Дзевяць год таму ён стаў для яе ўратаваннем ад думак пра хваробу. Перанесла аперацыю і, да здзіўлення ўрачоў, вылечылася. За цудоўнае выздараўленне ўдзячна прыродатэрапіі (так называе жанчына сваё захапленне садам).
На набыццё рэдкіх сартоў кветак, бывае, траціцца ўся пенсія, але і агарод у Надзеі Пятроўны на зайздрасць. Цвітуць агуркі, бухмаціцца бульба, якую гаспадыня, каб уратаваць ад веснавых замаразкаў, накрывае саломай. Летась ураджай прынесла плантацыя журавін, сёлета зацвіў і кусцік дурніц. Гонар садавода — гранатавае дрэўца, на якім з’явіліся першыя кветачкі.
Сядзіба не поўнасцю добраўпарадкавана, калі на ёй няма, няхай і невялічкага, але вадаёма. У Стэмпеляў іх цэлых два. Адзін невялічкі, з перакінутым праз яго мастком з пластыку, але яго памеры не перашкаджаюць жыць там дзвюм качкам. На прыдваровай тэрыторыі была лужына, якая ніколі не высыхала. Стэмпелі яе расшырылі, пачысцілі і атрымалася добрая сажалка. Муж Надзеі Пятроўны, калі быў яшчэ здаравейшы, запусціў туды карасёў. Зараз ён ужо слабы памочнік, але што па сіле, стараецца зрабіць, каб дапамагчы жонцы.
Планаў у гэтай няўрымслівай жанчыны безліч. Дачка Аксана, што працуе на раённым вузле паштовай сувязі, толькі паспявае афармляць матулі заказы, а ў майстэрні чакаюць свайго часу эскізы будучых скульптур ільва і слоніка, каб папоўніць пластыкавы звярынец, які так утульна адчувае сябе непадалёку ад шашы Докшыцы —Бягомль.
НА ЗДЫМКУ: Н.П. Стэмпель ля вадаёма, дзе жывуць качкі.
Тамара Альшэўская.