Семья Екатерины Коляго и Виктора Колбасича из деревни Северное Гнездилово Докшицкого района живёт счастливо в браке
Кацярына Каляга – з Крыпуль. Яшчэ ў школе яна марыла атрымаць любімую прафесію, выйсці паспяхова замуж і мець вялікую шчаслівую сям’ю. Будучага мужа бачыла абавязкова вясковым хлопцам, бо лічыла, што толькі такі мужчына можа быць сапраўдным гаспадаром. Вядома, што каханне прыходзіць часта знянацку, і не заўсёды выбраннік атрымліваецца тым ідэалам, які малюеш у думках. Але Каці пашчасціла – яе сэрца страпянулася пры знаёмстве з сітцаўскім хлопцам Віктарам Калбасічам. Гэтай восенню сям’я адзначыць свой пяцігадовы юбілей – “драўлянае вяселле”.
– Спачатку мы жылі ў Крыпулях, – успамінае Каця. – Я ездзіла ў Докшыцы на работу ў кандытарскі цэх, а муж працаваў трактарыстам у ДП “Гняздзілава-Агра”. Нараджэнне дачушкі Насці было першым доказам нашага кахання. Ночы без сну, першыя зубкі і крокі – усё мы праходзілі разам, падтрымлівалі адзін аднаго. І таму гэта не было цяжка. Хутка вырашылі, што дзяўчынцы абавязкова патрэбен брацік ці сястрычка. Мы нават не думалі, што лёсам нам будуць падораны два хлопчыкі.
Арцёмку і Аляксею амаль паўтара года. Пасля нараджэння двойні мінулым летам гаспадарка выдзеліла сям’і новы дом з усімі выгодамі ў Паўночным Гняздзілаве. Тут зараз і абжываецца маладая сям’я. Кацярына вельмі любіць кветкі, а таму тэрыторыю вакол дома ў гэтую першую вясну яна аздабляла зялёнымі раслінамі. Віктар з раніцы і да вечара на працы, але заўсёды знаходзіць час, каб дзетак пагушкаць і жонцы дапамагчы. Зараз дачка Настачка адпачывае ў бабулі, а Кацярына з Арцёмкам і Аляксеем чакаюць дома тату з працы. Так мы іх і сфатаграфавалі.
Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.