Сергей Дятлов из Бегомля отработал в Департаменте охраны 16 лет
«Мінулы вопыт — фундамент будучыні». Гэтыя і шмат іншых слоў пачуў у свой адрас ад калег маёр міліцыі Сяргей Дзятлаў. У актавай зале Дэпартамента аховы сабраліся тыя, з кім адпрацаваў ён шаснаццаць гадоў. Як вядома, на заслужаны адпачынак міліцыянеры ідуць у росквіце сіл. Поўны жыццёвай энергіі, спартыўны, ініцыятыўны, Сяргей Іванавіч за гады сваёй службы заваяваў аўтарытэт і павагу. Яго працаздольнасць заўсёды ўражвае, а вопытам і ведамі ён ахвотна дзеліцца з маладымі калегамі. Як кажа сам: “У рабоце трэба заўсёды шукаць нешта прыемнае, каб ісці на яе з ахвотай”.
Яшчэ з маленства ён марыў апрануць форму: міліцэйскую, ваенную – не важна. Таму пасля заканчэння Віцебскага політэхнічнага тэхнікума пайшоў у армію. Вярнуўся дамоў, і тут лёс прывёў яго ў Аршанскі аддзел унутраных спраў. Так у 1992 годзе Сяргей Іванавіч пачаў свой працоўны шлях міліцыянерам патрульна-паставой службы міліцыі г. Орша. Потым была пасада ўчастковага інспектара міліцыі ў Оршы, участковага інспектара па справах непаўналетніх Докшыцкага РАУС, камандзіра ўзвода Галоўнага ўпраўлення Дзяржаўнай аховы – кожная новая пасада давала сваю базу для наступнай. З 1999 года Сяргей Іванавіч пачаў працаваць у Докшыцкім аддзяленні Дэпартамента аховы. З гэтай пасады і на заслужаны адпачынак пайшоў.
Асаблівай увагай хочацца закрануць спартыўнае жыццё маёра Дзятлава. Здаровы лад жыцця – гэта дэвіз усёй яго сям’і. Са школы і муж, і жонка сябравалі са спортам, нават падумвалі пра прафесійную кар’еру. Але лёс распарадзіўся па-свойму: чакала Сяргея служба ў міліцыі. А спартыўная падрыхтоўка і тут вельмі спатрэбілася. Шматлікія спаборніцтвы не праходзілі без яго ўдзелу. Чытачы раёнкі напэўна памятаюць прозвішча героя гэтай публікацыі па пастаянных перамогах у лыжных гонках, не толькі раённых, але абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Сяргей Дзятлаў задаволены тым, што яго спартыўныя дасягненні ёсць каму працягваць – у Докшыцкім аддзеле аховы працуе дастойная маладая змена.
У адказ на добрыя словы калег, Сяргей Дзятлаў падзякаваў усім супрацоўнікам за гады сумеснай працы і пажадаў аддзелу аховы захоўваць добрыя традыцыі і паказчыкі службовай дзейнасці.
Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.