Делегации организаций потребкооперации побывали в Докшицком районе
Дэлегацыі арганізацый спажыўкааперацыі з Беларусі, Расіі, Грузіі, Украіны, Казахстана і Малдовы знаходзіліся з двухдзённым візітам у Віцебскай вобласці.
Госці пабывалі таксама і ў нашым рэгіёне. 13 ліпеня іх сустрэлі ў гарадскім пасёлку Бягомль, а потым прапанавалі пазнаёміцца з дзейнасцю кааператараў вобласці і наведаць шэраг аб’ектаў сістэмы Віцебскага аблспажыўсаюза. Першым месцам наведвання стала гандлёвая крама прыдарожнага сэрвісу – “Дары прыроды”. Прадстаўнікоў праўлення арганізацый спажыўкааперацыі з краін СНД запрасілі на дэгустацыю разнастайнай прадукцыі, якую вырабляюць Докшыцкае райста, а таксама спажывецкія таварыствы суседніх раёнаў нашай вобласці. На сённяшні дзень ва ўсіх гандлёвых аб’ектах укараняюцца прагрэсіўныя метады продажу, у прыватнасці, палетная выкладка тавараў, акцэнт робіцца на рэалізацыю прадукцыі ўласнай вытворчасці. Прадаўцы крамы “Дары прыроды” прапануюць пакупнікам свежыя і замарожаныя ягады і грыбы, маласольныя агуркі, марынаваныя капусту і памідоры, прадукцыю вэнджання, свежае сала. У шырокім асартыменце мясная прадукцыя без дабавак. Карыстаецца попытам мяса свініны, ялавічыны, бараніны, трусоў. З нядаўняга часу на паліцах з’явілася навінка – каўбаса, прыгатаваная з мяса лася. Таксама ёсць у продажы агародніна. Трэба адзначыць, што ўся прадукцыя экалагічна чыстая.
Для тых, хто любіць папарыцца, створаны спецыяльны куток, дзе можна знайсці ўсе неабходныя рэчы для лазні, – пахучы венік, капелюшы, а таксама масла эфірнае і масажнае, соль для ванны.
Сацыяльны накірунак у абслугоўванні насельніцтва ацанілі шаноўныя госці, якіх прымаў Докшыцкі край. Сярод іх былі прэзідэнт асацыяцыі “Ліга нацыянальных саюзаў кааператыўных арганізацый спажыўкааперацыі краін СНД” Яўгеній Кузняцоў, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Мацкевіч, старшыня праўлення Белкаапсаюза Валерый Іваноў і старшыня праўлення Віцебскага аблспажыўсаюза Аляксандр Шынкарэнка.
Завяршыўся двухдзённы візіт дэлегацыі ў абласным цэнтры, дзе ў Віцебскім аблвыканкаме адбылося пасяджэнне асацыяцыі “Ліга нацыянальных саюзаў кааператыўных арганізацый спажыўкааперацыі краін СНД”, на якім члены праўлення арганізацый з розных краін абмеркавалі актуальныя пытанні працы ў сучасных умовах канкурэнцыі з гандлёвымі сеткамі і шляхі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
НА ЗДЫМКАХ: 1. Духмяным караваем гасцей сустракаюць дакшычане. 2. У краме “Дары прыроды” прадукцыя ўласнай вытворчасці мае попыт.
Фота А. Варанковіча.