Многофункциональные учреждения работают в Докшицком районе
Сучаснае аддзяленне паштовай сувязі – шматфункцыянальная ўстанова. З гэтай высновай пагодзяцца наведвальнікі аддзялення ў гарпасёлку Бягомль. Аператары Наталля Ставер і Ірына Ізмайлава шэсць дзён на тыдні прымаюць камунальныя, і не толькі, плацяжы, афармляюць страхоўкі, карэспандэнцыю і пасылкі, папаўняюць электронныя кашалькі, выпісваюць перыёдыку і іншае. На добрым узроўні ў Бягомльскім аддзяленні арганізаваны такі від новай паслугі, як заказ тавараў па каталогах “Белпошты” і ў інтэрнэт-магазіне. Не “завальваюць” мясцовыя работнікі падпісную кампанію. Пяць паштальёнаў абслугоўваюць адзінаццаць населеных пунктаў у акрузе. Іх задача не толькі даставіць пошту, газеты і часопісы, падпісаць людзей на выданні, але і задаволіць патрэбу ў пэўных таварах. Напрыклад, праз паштальёна можна набыць як прадукты харчавання, посуд, пасцельную бялізну, так і зрабіць заказ на буйнагабарытную бытавую тэхніку і інш. Каардынуе работу кіраўнік аддзялення Наталля Навіцкая. Жанчына 25 гадоў аддала паштовай службе, з іх 23 – на пасадзе начальніка. Работу сваю любіць, ведае і ўмее арганізаваць, за што не раз была ўзнагароджана граматамі, яе прозвішча заносілася на Дошку гонару. Наталля Васільеўна пра свой жаночы калектыў кажа як пра саюз аднадумцаў, які працуе для людзей. Бывае, здараюцца і недарэчнасці, але іх паштавікі імкнуцца хутчэй выправіць. У сучасных умовах тым, хто аказвае паслугі насельніцтву, важна не згубіць сваіх кліентаў, якія галасуюць рублём за якасць і своечасовасць. Гэту задачу ў Бягомльскім аддзяленні добра ўсведамляюць і імкнуцца выканаць.
НА ЗДЫМКУ: начальнік аддзялення Н.В. Навіцкая і аператар Н.У. Ставер.
Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота В. Чарвінскага.