Республиканский семинар принимал Бегомльский лесхоз Докшицкого района
Рэспубліканскі семінар-вучоба “Павышэнне эфектыўнасці вядзення гадавальніцкай гаспадаркі. Выкарыстанне сучасных тэхналогій пры вырошчванні пасадачнага матэрыялу і лясных культур” адбыўся 16 ліпеня на базе ДЛГУ “Бягомльскі лясгас”. На здымку (злева направа) дырэктар ДЛГУ “Бягомльскі лясгас” Аляксей Пракопаў, першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік і генеральны дырэктар Віцебскага ВЛГА Сяргей Даніловіч у час цырымоніі адкрыцця пастаяннага ляснога гадавальніка Бягомльскага лясгаса.
У семінары прынялі ўдзел больш за сотню чалавек. Гэта спецыялісты Міністэрства лясной гаспадаркі, галоўныя ляснічыя і інжынеры па лесаўзнаўленні і меліярацыі дзяржаўных вытворчых лесагаспадарчых аб’яднанняў, галоўныя ляснічыя лясгасаў, начальнікі гадавальнікаў, прадстаўнікі Рэспубліканскага ляснога селекцыйна-насенняводчага цэнтра, дзяржаўных устаноў “Беллесабарона” і “Белгіпралес”, Інстытута лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта і іншыя зацікаўленыя асобы. На семінары прысутнічаў таксама генеральны дырэктар Агенцтва лясоў Малдавіі Юрый Апасталакі. Падчас адкрыцця семінара-вучобы першы намеснік Міністра лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік нацэліў прадстаўнічую дэлегацыю на насычаную, змястоўную і карысную работу.
Апрацаваць, пасадзіць і дагледзець
Першым на маршруце значыўся 75-ы квартал Бягомльскага доследнага лясніцтва. Спецыялістам былі прадэманстраваны розныя механізмы апрацоўкі глебы пад стварэнне лясных культур: лясным плугам ПКЛ-70, плугам з глебапаглыбляльнікам Л-134, апрацоўваючым валам. Была ацэнена зручнасць пасадкі з дапамогай фінскай пасадачнай трубы, мотабура. Значна спрашчае рабочы працэс падборшчык галінак СВЛ-2 вытворчасці “Ліда Тэхмаш”. Тут жа было адзначана, што ўвесь пасадачны матэрыял лясгас вырошчвае самастойна.
На 79-м квартале таго ж лясніцтва быў паказаны агратэхнічны догляд за змешанымі ляснымі культурамі, у прыватнасці, сасной звычайнай пасадкі 2014 года. На выдзелцы працавалі культыватар КБЛ 1,7, барана Нізінскага, вал Крашкоўскага, кустарэз Stihl. Галоўны ляснічы Бягомльскага лясгаса Аляксандр Давідовіч аналізаваў работу кожнага агрэгата, апялюючы лічбамі сабекошту і эканамічнай эфектыўнасці.
Сабе і на продаж
Калі ехаць з Бягомля на Докшыцы, то з правага боку трасы, не даязджаючы да вёскі Сасноўка, будзе з’езд. Так на зразумелай чытачам мове можна патлумачыць, дзе знаходзіцца 49-ы квартал пастаяннага ляснога гадавальніка ДЛГУ “Бягомльскі лясгас”. Падчас семінара-вучобы ладзілася ўрачыстае адкрыццё гэтага аб’екта. Дырэктар ДЛГУ “Бягомльскі лясгас” Аляксей Пракопаў зазначыў, што напачатку на гэтым месцы быў невялічкі гадавальнік для ўласных патрэб. З цягам часу стала зразумела, што можна не толькі вырошчваць саджанцы для сябе, але і прадаваць іх. І гэта нядрэнны бізнес. Чатыры гады таму быў зроблены праект, затым пачалася пракладка камунікацый, неабходных для функцыянавання гадавальніка. У час сустрэчы госці маглі азнаёміцца з пасяўнымі і школьнымі аддзяленнямі, цяпліцай, дзе вырошчваецца пасадачны матэрыял з закрытай каранёвай сістэмай і ў закрытым грунце. Быў арганізаваны агляд помпавай станцыі, сістэмы арашэння ў адкрытым грунце, халадзільнай камеры, склада і санітарна-бытавых памяшканняў. Дэманстравалася работа культыватараў для догляду і ўнясення ўгнаенняў, сажалкі для закладкі школьных аддзяленняў гадавальніка, механічнай лапаты для рыхлення глебы, шчоткі для праполкі, культыватараў для міжраднай апрацоўкі і іншай тэхнікі. Яскравай атрымалася дыскусія практыкаў і вучоных пры наведванні цяпліцы, ды і ўвогуле падчас усяго семінара гучала шмат пытанняў, адказаў, прапаноў. Выказваліся розныя пункты гледжання.
Першы намеснік міністра зазначыў, што ўсяго ў нашай вобласці падобных гадавальнікаў пяць. Віцебскае ВЛГА з’яўляецца з пачатку года лідарам па рэалізацыі пасадачнага матэрыялу. Калі казаць у лічбах, то рэалізавана яго на суму 9 мільярдаў рублёў. Гэта перспектыўны накірунак.
Далей на маршруце дэлегацыі значылася Прудніцкае лясніцтва.
У другой палове дня ў райвыканкаме адбылося плянарнае пасяджэнне з удзелам старшыні райвыканкама А.Л. Пінчука, дзе былі абмеркаваны актуальныя пытанні вытворчай дзейнасці лясгаса і галіны ў цэлым.