Докшицкие школьники посетили польский город Сандомир

IMAG1648Усё новае і невядомае прываблівае практычна кожнага чалавека. Вось і групе дзяцей, якія  наведваюць заняткі па катэхезе ў касцёле Святой Тройцы ў Докшыцах, і бацькам-выхавацелям з сястрой Маргарытай Аўгустын выпала магчымасць пабываць у замежжы. Дзякуючы дабрачыннай хрысціянскай арганізацыі “Карытас”, адбылося падарожжа ў Польшчу. Былі прыемныя хваляванні і вялікае жаданне  бліжэй пазнаёміцца з суседняй краінай. 

20120106_155936Гасцей з беларускай зямлі на дзевяць дзён гасцінна прыняў адзін з найстарэйшых гарадоў Сандамір (Сандамеж), які размясціўся на рацэ Вісла ў Паўднёвай Польшчы. Гэта месца адразу зачаравала ўсіх, бо тут паўсюдна відаць багатая і загадкавая спадчына краіны. Старыя вузкія вулачкі, брукаванка, вялікая колькасць кветак, спагадлівыя людзі і мноства турыстаў – вось што найперш кінулася ў вочы. Многім менавіта тут упершыню давялося ўбачыць старадаўнія муры, магутныя замкі і велічныя храмы. Ужо першы дзень знаёмства з горадам паказаў, наколькі глыбокія карані ў сваёй гісторыі мае гэта месца. У горадзе, які налічвае каля 35-ці тысяч чалавек, узвышаецца дзевяць касцёлаў. Пэўнай значнасцю вылучаецца касцёл Св. Якуба і адзін са старэйшых манастыроў не толькі Польшчы, але і Еўропы. Яны былі ўзведзены ў XIII стагоддзі. Тут падчас вайны ў 1298 годзе татарамі былі жорстка забіты манахі – браты-дамініканцы, астанкі якіх знайшлі вечны спакой у гэтай святыні. Карціны той трагедыі адлюстраваны на абразах касцёла. За прыняцце пакутніцкай смерці манахі, якія належаць да гэтага ордэна, надзелены правам насіць чырвоны пояс (такую прывілею маюць толькі духоўныя асобы вышэйшага сану). У сваю бытнасць сюды часта наведвалася польская каралева Ядвіга, якая любіла бавіць час у парку каля святыні. Мае пэўную адметнасць і касцёл-катэдра Св. Міхала, які вядомы з XVII стагоддзя, дзе да 1903 года жылі сёстры-бенедыктынкі. Па волі лёсу манашкі пакінулі гэта месца, і тут была заснавана Вышэйшая духоўная семінарыя, дзе цяпер навучаецца дзесьці сорак чалавек. З вялікай павагай адносяцца палякі да вобраза Папы Рымскага Яна Паўла ІІ, які пасля сваёй смерці практычна адразу быў далучаны да ліку святых. Вось і ў Сандаміры яму пастаўлены велічны помнік, як сведчанне пра сустрэчу былога Папы Рымскага з пілігрымамі, якія 12 чэрвеня 1999 года сабраліся на Святую імшу, падчас якой быў арганізаваны чарговы замах на жыццё Яна Паўла ІІ. Калі стаіш каля манумента пантыфіку, то ўсім нутром адчуваеш магутнасць і бязмежную любоў гэтага чалавека да ўсяго свету, бескарысную адданасць Богу і простаму люду. Для жыхароў Сандаміра і яго гасцей гэта месца па праву лічыцца святым, тут заўсёды ёсць жывыя кветкі, дзень і ноч гараць свечкі і лампадкі.

НА ЗДЫМКУ: 1. Помнік-манумент Яну Паўлу ІІ у Сандаміры. 2. Прывал на аглядавай пляцоўцы каля духоўнай семінарыі.
Ірына
НЕСЦЯРОНАК.
(Працяг будзе).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *