Погода благоприятствует в Докшицком районе
Залацістае поле пад сінім-сінім небам… Захапляемся прыгажосцю і экзотыкай далёкіх краін, а сваё, роднае і знаёмае з дзяцінства, у штодзённых клопатах і мітусні або не заўважаем, або ўспрымаем як штосьці звычайнае, не вартае асаблівай увагі. Вось і камбайнерам ды вадзіцелям, занятым на ўборцы збожжавых, мабыць, не выпадае любавацца навакольным хараством: вельмі напружаная ў іх работа. Надвор’е спрыяе, таму дарагая кожная хвілінка. Спыніўшыся ж каля палетка, можна колькі заўгодна сачыць, як велічна “плывуць” па хлебным моры камбайны, вадаспадам сыплецца з бункераў зерне, павольна кружляе над нівай бусел.
Менавіта такую мілую вачам і сэрцу карціну назіраем на полі каля вёскі Атрубак. Галоўны аграном ДП “Гняздзілава-Агра” Мікалай Пашкевіч, які ў хуткім часе далучыўся да нас, ахвотна распавядае:
— Па стане на 5 жніўня ў нас намалочана 1126 тон збожжавых, рапсу – 68 тон, цімафееўкі – 6,7 тоны. Задзейнічана сем камбайнаў, з іх адзін – на травах. Уборка нялёгкая: шмат палегліцы. Яе лепш падымаць камбайнам КЗС-10, а ў нас такі толькі адзін, астатнія найноўшыя – КЗС-12. Але спраўляемся. Радуе ўраджайнасць – 35 ц/га, гэта вышэйшы паказчык за сярэдні па вобласці. На адвозцы збожжа ў нас чатыры МАЗы і трактар. Працуем без прастояў. Нашы камбайнеры не імкнуцца да залішняй хуткасці ўборкі, што, бясспрэчна, толькі на карысць яе якасці.
Лідар на ўборцы збожжа ў Гняздзілаве – сямейны экіпаж братоў Юрыя і Паўла Ламановічаў. Цудоўна, калі два родныя чалавекі, якія разумеюць і падтрымліваюць адзін аднаго ў жыцці, да ўсяго яшчэ аб’яднаны агульнай справай. Таму, напэўна, і станоўчы вынік ёсць.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
НА ЗДЫМКУ: Юрый і Павел Ламановічы.
Фота аўтара.