Как удобнее и дешевле собрать своих детей в школу в Докшицком районе

IMG_8877

Касцюм хлопчыка – ад 600 да 800 тысяч рублёў.
Блузка – ад 120 да 280 тысяч рублёў.
Кашуля – каля 200 тысяч рублёў.
Сарафан – ад 200 да 350 тысяч рублёў.
Спартыўны касцюм – каля 300 тысяч рублёў.
Абутак: скураны – каля 450 тысячы рублёў,
ненатуральны – каля 260.
Канцылярскія тавары + ранец – каля 800 тысяч рублёў.

Бацькі школьнікаў даўно заклапочаны пытаннямі, як зручней і танней сабраць сваіх дзяцей у школу. Адны паступова збіраюць канцылярскія прылады і камплекты патрэбнага адзення, другія чакаюць школьных кірмашоў. У нашым рэгіёне распродаж тавараў для навучэнцаў распачаўся яшчэ 15 ліпеня. У крамах раёна з’явіліся спецыяльныя куткі школьніка. Традыцыйна ля ўнівермага ў райцэнтры разгарнуліся палаткі з адзеннем і іншым вучнёўскім таварам.

– У сярэдзіне ліпеня мы атрымалі першае паступленне заказанага адзення, – расказала загадчыца крамы “Дзіцячы свет” Ірына Пацёмкіна (на здымку). – Гэта былі ў асноўным сарафаны і блузкі беларускай вытворчасці, новыя мадэлі якіх прыемна здзівілі, а таму карыстаюцца вялікім попытам у спажыўца. Двойчы сваю прадукцыю прадастаўляла салігорская «Калінка». Было паступленне з гомельскага «Камінтэрна», які з’яўляецца лідарам у вытворчасці мужчынскіх касцюмаў у рэспубліцы. Сярод нашых пастаянных пастаўшчыкоў — «БелКрэда» з Навагрудка, «Эліз» з Дзяржынска, якія адметныя не толькі якасцю, але і коштам сваіх тавараў. Так склалася, што ў гэтым годзе ў нашай краме для хлопчыкаў меншы выбар школьнага асартыменту, але мы яшчэ чакаем новых паступленняў, каб задаволіць кожнага. Многія пакупнікі выбіраюць для наведвання школьнага кірмашу дні з аб’яўленымі скідкамі. Напрыклад, пасля праведзенай акцыі 26 ліпеня выручка склала 40,5 мільёна рублёў у той час як сярэдняя за дзень звычайна бывае каля 5 мільёнаў.
Больш канцылярскіх тавараў у “Эрудзіце”, па словах прадаўцоў, рэалізуецца звычайна ў жніўні. Шырокі асартымент ранцаў, кошт якіх ад 400 тысяч рублёў, у асноўным прадстаўлены беларускай фірмай “Галантэя”. Па шматгадовых назіраннях і работнікаў крамы, і пакупнікоў, такія школьныя сумкі больш трывалыя, якасныя.
– Калі зімой на іх не катацца з горкі, – смяецца прадавец Таццяна Гінько, – то на тры гады хопіць! А вось кошт усяго школьнага камплекту дзесьці ў сярэднім складзе 800 тысяч рублёў. Больш за ўсё найменняў трэба набыць для вучняў пачатковай школы: гэта і фарбы, і алоўкі, і фламастары, і шмат іншага. Са старэйшымі класамі ў асноўным узнікаюць пытанні на працягу навучальнага года: спецыяльныя прадметныя сшыткі бацькі часта набываюць на рынку, а потым аказваецца, што яны не тыя, якія патрэбны для работы на ўроку. Вось і бягуць тады да нас, каб абмяняць. Але мы сшыткі набываем невялікімі партыямі. Бывае, што самі настаўнікі заказваюць неабходную колькасць на ўвесь клас – тады і праблем не ўзнікае.
Шматдзетным сем’ям да навучальнага года прадугледжана матэрыяльная дапамога.
– Дзякуючы дзяржаўнай праграме дэмаграфічнай бяспекі, штогод з бюджэту раёна выдзяляюцца сродкі на выплату аднаразовай матэрыяльнай дапамогі да навучальнага года сем’ям, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей, — гаворыць начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Алена Тулоўская. — Дапамогу можна атрымаць на кожнага навучэнца ў памеры да 30 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму, які дзейнічае на 1 жніўня каляндарнага года.

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *