Наталья Демидович из Крулевщины Докшицкого района не представляет свою жизнь без бисероплетения

IMG_3314Калі б яшчэ колькі гадоў таму Наталлі Дземідовіч з Крулеўшчыны сказалі, што ў хуткім часе яна не будзе ўяўляць свайго жыцця без…бісерапляцення, яна б у гэта наўрад ці паверыла.
Адказная работа ў раённым аддзеле ўнутраных спраў, хатнія клопаты, сям’я. Гэтым абмяжоўвалася кола штодзённых турбот. Але паўтара гады таму яна ў другі раз стала мамай, нарадзіўшы дачушцы Дашы сястрычку Арыну. Будучы чалавекам дзейсным і хуткім па натуры, Наталля вырашыла, што ў адпачынку па доглядзе за дачкой не грэх і сабе па душы занятак які знайсці. Блукаючы па інтэрнэце, яна ўбачыла здымкі работ з бісеру. “Гэта марудна і карпатліва”, – падумала маладая мама. Тым не менш відэа майстар-класа вырашыла паглядзець, а затым і паспрабаваць зрабіць штосьці сама.
Першы “блін”, насуперак прыказцы, выйшаў не комам, а прывабнай кампазіцыяй. З таго часу не было і дня, каб Наталля не займалася бісерапляценнем. Гладыёлусы, кактусы, ружы, фіялкі, рамонкі, герберы, архідэі і шмат іншых кветак, раслін, бансаяў, упрыгажэнняў, спляла яна за апошні год. І калі спачатку рабіла кампазіцыі па прыкладах, якія знаходзіла на сайтах і спецыялізаваных форумах, то зараз стараецца прыдумляць сама. Кажа, што гэта хоць і складаней, але, насамрэч, цікавей. Муж Аляксандр падтрымлівае жонку ў яе захапленні, і, па магчымасці, стараецца больш гуляць з дзецьмі, каб мама магла “тварыць”. Наталля прызнаецца, што ў кватэры пэўна ўжо няма вольнага ад вырабаў з бісеру куточка. Тым не менш, калі бачыць у продажы трубачкі сцякляруса, бліскучыя, перламутравыя, глянцавыя, радужныя бусіны, то не можа ўтрымацца, набывае іх і садзіцца за справу. А чаму б і не, калі гэта так добра атрымліваецца?

НА ЗДЫМКУ: Наталля Дземідовіч з невялікай часткай сваіх вырабаў.
Наталля НАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *