Тысячников в Докшицком районе стало больше
Люблю жніво!
Прастор шырокі,
Дзе ў межах
шэпчуць каласы,
Дзе гукі коцяцца
далёка
На ўзмор’і гордае
красы!.. –
пісаў калісьці Паўлюк Трус. Мінаюць гады, дзесяцігоддзі і стагоддзі, а жніво было і застаецца самай прыгожай, самай велічнай, самай ганаровай працай. З даўніх часоў уборка збажыны з палёў была адной з важнейшых падзей для селяніна, калі не самай важнай, і суправаджалася многімі, даволі складанымі абрадамі. Ад ураджаю залежаў дабрабыт сялянскай сям’і на працягу ўсяго года. Збожжа – гэта хлеб. Ёсць хлеб – будзе і жыццё.
Наш паўночна-заходні рэгіён лічыцца зонай няўстойлівага земляробства: вельмі ж непастаянны клімат. І чым цяжэй, чым складаней працаваць на зямлі, тым больш важная і пачэсная праца хлебароба. І як жа прыемна і радасна бачыць яе плён! Рады камбайнераў-тысячнікаў у раёне значна расшырыліся.
Папоўнілі іх экіпажы з ААТ “Таргуны”: Аляксей Варанковіч і Уладзімір Саковіч (Уладзімір прыйшоў працаваць у гаспадарку слесарам пасля заканчэння Барысаўскага дзяржаўнага каледжа); Юрый Малюжанец і Дзмітрый Фурсевіч, Аляксандр Аксючыц і яго малодшы цёзка, школьнік Аляксандр Трус; Андрэй Маскалёнак і Вадзім Гушчык (студэнт); Сяргей Гмырак і Аляксандр Савульскі, якія шчыруюць на ніве па адным, але ад калег сваіх не адстаюць. Чатыры экіпажы-тысячнікі дабавіліся ў ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”: два сямейныя ў складзе Аляксандра і Міхаіла Суднікаў, Яўгена і Сяргея Машко і два “адзіночныя” – Вячаслаў Кавалёнак і Міхаіл Валковіч.
Былі задаволены вынікамі жніва старшыня райвыканкама Алег Пінчук, яго першы намеснік, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Абірала, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ядвіга Шульгат і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Валянціна Рамановіч, якія традыцыйна павіншавалі і ўзнагародзілі за руплівую працу пераможцаў трэцяй пяцідзёнкі раённага спаборніцтва і камбайнераў-тысячнікаў, выказалі словы падзякі ўсім тым, хто прыкладае свае намаганні, каб, як вобразна сказаў Рыгор Барадулін, “сноп, жніўнай песняю падперазаны,/І пузацеў, і вусацеў, як сват, /Ад рупатлівай працы і пашаны”.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота А. Варанковіча