В Докшицком районе прошёл день Порплищенского сельсовета
Дзень Парплішчанскага сельсавета пачаўся з прыёму грамадзян, які асабіста праводзіў у памяшканні сельскага Савета старшыня райвыканкама А.Л. Пінчук. У пчаляра з Порплішча В.А. Барысевіча накапілася некалькі пытанняў, якія, на яго погляд, не змог вырашыць сельвыканкам. Мужчына незадаволены ўлікам пчол і прэтэнзіямі мясцовай улады да ўчастка, на якім ён быццам бы вырошчваў меданосныя травы. У час гутаркі высветлілася, што ў сельвыканкам неаднаразова паступалі скаргі ад суседзяў В.А. Барысевіча на тое, што пчаляр парушае правілы бяспекі ўтрымання пчол. Адпаведным структурам: сельвыканкаму, землеўпарадкавальнай службе, ветстанцыі даручана правесці дадатковы ўлік пчол Барысевіча, праверыць выкананне ім заканадаўства аб утрыманні насякомых і мэтавым выкарыстанні зямельнага ўчастка.
А.У. Жызнеўскі папрасіў дапамогі ў атрыманні ва ўласнае карыстанне жылля, у якім ён зараз пражывае. Гэты дом яму ў свой час выдзеліла гаспадарка замест уласнага, які прыйшоў у непрыгоднасць пасля таго, як быў падтоплены адходамі з жывёлагадоўчай фермы. Пытанне даручана разгледзець на агульным сходзе. Пажадана, каб рашэнне было вынесена на карысць грамадзяніна Жызнеўскага.
Жыхарка вул. 1 мая аграгарадка Порплішча Л.С. Шарох патэлефанавала, каб запытацца, чаму сталі перабоі ў водазабеспячэнні. На выніковым пасяджэнні дырэктар РУП ЖКГ Д.С. Каляга паведаміў, што з’ява гэта часовая і выклікана спякотным надвор’ем, па прычыне якога ў некалькі разоў павялічыўся расход вады карыстальнікамі.
На прыёме ў населеных пунктах сельсавета, які праводзілі адказныя службовыя асобы раёна, скаргаў і прапаноў ад вяскоўцаў не паступіла, людзі прасілі выказаць падзяку за добрую працу мясцовым медыкам, паштавікам.
У час аб’езду ўдзельнікі мерапрыемства наведалі вёскі Чачукі, Грабучае, Вешняе, Лапліна, Варганы, Шантараўшчыну і сам аграгарадок Порплішча. Гэта найбольш буйныя населеныя пункты сельсавета, якіх усяго 12, але ў двух з іх насельніцтва адсутнічае наогул, а ў Яблонцах, Асінаўцы і Іванаўцы жыве па аднаму чалавеку. У параўнанні з большасцю сельсаветаў Парплішчанскі – мініяцюрны. Старшыні сельвыканкама Андрыеўскаму пашанцавала і з насельніцтвам. Людзі тут жывуць працавітыя, заможныя, нездарма племзавод “Порплішча” ў свой час быў флагманам жывёлагадоўчай галіны раёна. Ім уласціва бытавая культура і імкненне да прыгожага. Рэдка ля якой хаты няма гародчыка з кветкамі: моднымі пятунямі ці любымі сэрцу не аднаго пакалення вяскоўцаў вяргінямі, мальвамі ды “шалёнымі маруськамі”. Непарадак на панадворку звычайна сведчыць пра тое, што жыве тут нядобранадзейная сям’я. У асноўным менавіта на прадстаўнікоў такога кантынгенту склалі 12 пратаколаў участковыя інспектары. Для астатніх гаспадароў, якія крыху прамарудзілі з навядзеннем парадку на сваіх сядзібах, хапіла звычайнай гутаркі ці выдадзенага прадпісання. Ёсць згода і са спадчыннікамі пустых дамоў, якія ўсе ўстаноўлены. Актыўны ўдзел у зносе трухлявых пабудоў прымае мясцовае сельгаспрадпрыемства. Намаганнямі ААТ “Барсучанка” разабрана пяць пабудоў, у тым ліку будынкі былых жывёлагадоўчых ферм у вёсках Вешняе і Грабучае. Наогул у населеных пунктах сельсавета разабрана 13 трухлявых хат, гаспадарчых пабудоў, аб’ектаў вытворчага і сацыяльна-культурнага прызначэння, знесена 11 падмуркаў, у сельскагаспадарчы абарот уключана 9 участкаў плошчай 2,5 гектара.
Работа праведзена немалая, але, улічваючы невялікую колькасць населеных пунктаў, асаблівасці менталітэту мясцовага насельніцтва, яна магла б быць больш прыкметнай. Напрыклад, выгляд даволі дагледжанай вёскі Грабучае псуе трухлявы будынак былой школы, які зараз з’яўляецца спадчыннасцю 90-гадовай сялянкі. Бабуля ад хаты не адмаўляецца, зносіць яе не дазваляе. Гэта яе права. Але ля яго на пустэчы перад балотам пусціліся ў рост кусты і адразу гэта месца стала неахайным, недагледжаным. Можна іх высекчы, выкарчаваць, зямлю абараць, а можна зрабіць невялікі гаёчак, у якім будуць красавацца магутны дуб і беластволая бяроза, якія зараз растуць ля будынка (на здымку). Іх некалі пасадзілі, пэўна, вучні для таго, каб зрабіць сваю вёску зялёнай і прыгожай.
Сельвыканкаму пажадана больш актыўна працаваць з навядзеннем парадку на зямлі і добраўпарадкаваннем вёсак і больш гібка наладжваць кантакты з замацаванымі за населенымі пунктамі арганізацыямі і насельніцтвам.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота А. Варанковіча.