В Крулевщине Докшицкого района прошёл фестиваль православной молодёжи «Пока мы молодые»

image001У чарговы раз Праваслаўны моладзевы рух пры храме Усячэння галавы Іаана Прадцечы ў агр. Крулеўшчына з 7 па 10 жніўня прыняў у сябе ў гасцях больш за 100 чалавек (з Глыбокага, Друі, Докшыц, Мінска, Паставаў, Полацка, Браслава, Маладзечна, Наваполацка, Пінска, Расонаў, прадстаўнікоў Праваслаўнай моладзі з Аўстраліі, Германіі і іншых беларускіх дыяцэзій) на IV-ы фестываль Праваслаўнай моладзі “Пакуль мы маладыя!”
У гэтым годзе праграма фестывалю і ўсе мерапрыемствы прысвячаліся значным датам у жыцці парафіі і краіны: 10-годдзю храма Усячэння галавы Іаана Прадцечы і 70-годдзю Вялікай Перамогі.
Ва ўдзельнікаў фестывалю была магчымасць прыняць удзел у спартыўным арыентаванні, праверыць свае веды па гісторыі, паўдзельнічаць у танцавальнай праграме, мастацкай самадзейнасці, у тэатральна-пастановачнай кампазіцыі “Вясковая вечарына”, прыняць удзел у майстар-класах: беларускія народныя рамёствы, беларуская нацыянальная кухня, краязнаўства, ліццё свечак, званарства і многіх іншых мерапрыемствах. Падчас іх кожны ўдзельнік меў магчымасць далучыцца не толькі да супольнай малітвы, да Таямніц Эўхарыстыі, але і знайсці адказы на хвалюючыя пытанні, пагутарыць адзін з адным ужывую, а не праз манітор камп’ютара або смартфона.
Чатыры дні праляцелі непрыкметна… У храме нікога няма, сцяг спушчаны… Усе раз’ехаліся па сваіх родных мясцінах… Але кожны ўзяў з сабой кавалачак радасці фестывальнага жыцця, часцінку таго душэўнага цяпла, якое пануе на мерапрыемствах падобнага роду. Але мы не развітваемся, мы кажам адзін аднаму да пабачэння, да новых сустрэч, фестываль!
“Гэтыя чатыры дні не былі для ўсіх нас звычайнай моладзевай тусоўкай, – выказаў сваё меркаванне на закрыцці фестывалю кіраўнік Праваслаўнага моладзевага руху пры храме Аляксандр Плыгаўка. – Я ўпэўнены, што кожны з нас навучыўся тут чамусьці добраму, спасціг нешта новае для сябе, знайшоў новых сяброў, сустрэўся са старымі, атрымаў адказы на пытанні, якія цікавілі, выказаў сваё меркаванне па многіх пазіцыях, навучыўся маліцца, пазнаваць Бога, быць з ім. І кожны пераканаўся яшчэ раз: мы праваслаўныя – адзіныя, Гасподзь з намі!”

image007
Выказваем вялікую ўдзячнасць Архіепіскапу Полацкаму і Глыбоцкаму Феадосію, Благачыннаму Докшыцкай акругі протаіерэю Георгію Мялешку, дырэктару Докшыцкага хлебазавода Аляксею Байкову, Докшыцкаму райвыканкаму, райспажыўтаварыству, настаяцелю храма Усячэння галавы Іаана Прадцечы протаіерэю Віктару Гміру, Крулеўшчынскаму сельвыканкаму, дырэкцыі Крулеўшчынскай сярэдняй школы і работнікам Цэнтра культуры і адпачынку, Віцебскаблгазу, работнікам культуры аграгарадка Порплішча, прыхаджанам, мясцовым жыхарам і ўсім тым, хто не застаўся абыякавым да гэтага мерапрыемства.
Перагорнута апошняя старонка фестывалю Праваслаўнай моладзі. Гэты фестываль стаў гісторыяй. Ён у чарговы раз прадэманстраваў усім, што любая справа можа прыносіць радасць не толькі табе, але і іншым людзям. Калі ты праваслаўны хрысціянін і ўсё робіш з любоўю, тваё жыццё будуецца на тым, што ты атрымліваеш радасць ад зносін са сваімі аднагодкамі, якіх аб’ядноўвае праваслаўе, жыццё па законах хрысціянства.

Прэс-цэнтр
фестывалю
“Пакуль мы
маладыя!”

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *