Александр и Ирина Савуловы из Докшиц отпраздновали золотой юбилей свадьбы

DSC00122Ірына Сяргееўна і Аляксандр Міхайлавіч з таго пакалення, якое жанілася і выходзіла замуж адзін раз. Лічылася, што муж і жонка даецца Богам, таму не справа людзей ісці суперак Яго волі. Савулавы, праўда, не вянчаліся, бо на 60-я гады мінулага стагоддзя якраз прыйшлося новае наступленне на царкву. Але гэты абрад быў у іх душы і, магчыма, дапамог прайсці побач жыццёвы шлях даўжынёй у паўвека.

Кахання з першага погляду ў іх не было. Перш чым пажаніцца, знаёмы былі некалькі год. Студэнт ляснога тэхнікума Аляксандр часта забягаў да сястры Валянціны, з якой Ірына жыла ў адным інтэрнацкім пакоі, калі вучылася на бухгалтара ў Полацкім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Ёй было тады толькі 15 год і на хлопцаў, тым больш старэйшых, яна, вясковая дзяўчынка з Глыбоччыны, нават і не глядзела. Пасля заканчэння вучобы па размеркаванні трапіла працаваць у Докшыцкі раён у калгас “Прагрэс”. Праз некаторы час да яе прыехала ў госці Валя ды не адна, а з братам, які толькі што дэмабілізаваўся. Аляксандр не пазнаў у Ірыне тую дзяўчынку, якую ведаў раней: перад ім стаяла чарнявая прыгажуня. Адным словам, на наступны дзень пасля прыезду ён прапанаваў Ірыне руку і сэрца. Праз два тыдні ўжо гулялі вяселле, а за сталом сядзелі дзве маладыя ў белых вэлюмах. Не, Аляксандр не стаў арабскім шэйхам, гэта адначасова з Ірынай выходзіла замуж і яе родная сястра Жэня, якая зараз, дарэчы, жыве ў вёсцы Козікі.

Пакуль атабарыцца ў Докшыцах, Савулавы жылі ў Глыбокім, Гняздзілаве. Ірына Сяргееўна ўспамінае, як першы раз пабачыла Докшыцы. Яна тады працавала бухгалтарам у Глыбоцкім БУ-65, якое ўзводзіла ў гарадку жылыя дамы.

– Прыехала я працэнтоўкі закрываць, гляджу і здзіўляюся, як гэта паселішча можа быць райцэнтрам? Вакол руіны і маленькія драўляныя хаткі. З каменных двухпавярховікаў былі толькі два будынкі, дзе зараз рэдакцыя і той, што знеслі ля райвыканкама. Першымі двухпавярховымі жылымі дамамі сталі тыя, што ўзвяло наша будаўнічае ўпраўленне па вул. Ленінскай. Зараз Докшыцы не пазнаць. Можна хадзіць па іх і любавацца. Жыццё іншым стала: багацейшым і лягчэйшым. Наша хата цепліцца газам ужо некалькі год. Здароўя мужу паболей, і была б у нас шчаслівая старасць.

З 1972 года Савулавы жывуць у Докшыцах ва ўласным доме, які пабудавалі самі. Некалі ён быў прасторным нават для сям’і з пяці чалавек, зараз і зусім вялікі, бо жыхароў у ім толькі двое. Дзеці выраслі, атрымалі адукацыю, стварылі сем’і, нарадзілі дзядулю з бабуляй шасцёра ўнукаў. Дачка Алена жыве далёка ў Эстоніі, а сыны Сяргей і Аляксандр побач у Докшыцах, і бацькі гэтаму вельмі рады. Нягледзячы на ўзрост, трымаюць курак і нават козачку. Нарыхтоўваць сена дапамагаюць, канечне, сыны. Яны ў Савулавых працавітыя і ўмелыя, нявесткі не наракаюць на мужоў.

Залатое вяселле бацькоў адзначалі ўсёй вялікай сям’ёй. Малодшая ўнучка, васьмігадовая Любачка, падарыла “маладым” букет ружаў, якія зрабіла сама ў Цэнтры дзяцей і моладзі. Для бабулі з дзядулем ён самы дарагі.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: залатыя юбіляры Аляксандр і Ірына Савулавы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *