Фёдор Ястреб — знаменитый земляк из деревни Станиславцы Докшицкого района
“Творчасць – найвялікшы лекар душы, апраўданне і сэнс жыцця”, – гэта выказванне належыць нашаму слыннаму земляку, ураджэнцу вёскі Станіслаўцы, Фёдару Ястрабу. Ён пайшоў ад нас, з зямнога жыцця, якое так любіў і ўсхваляў у сваіх творах, амаль год таму, у кастрычніку. Вельмі рэдкае і невылечнае неўралагічнае захворванне, калі паступова адміраюць клеткі мозга, якія адказваюць за імпульсы, што пасылаюцца ў органы руху, гэты моцны, я сказала б, магутны духам чалавек прыняў з высока ўзнятай галавой, без скаргаў на лёс, пакуль мог, працягваў працаваць, ствараць… Хто, як не ён, здзейсніўшы за сваё жыццё столькі, што хапіла б на дзесяцярых, ведаў цану кожнай хвілінкі і, мабыць, не змарнаваў ніводнай…
Узяцца за гэты артыкул мяне падштурхнула крыўда на тое, што зусім мала ведаюць у нашым раёне пра свайго славутага земляка, чалавека, перад талентам якога схіліла галаву нават “прасунутая” Еўропа, а ўжо ж яе вельмі складана чым-небудзь здзівіць.
… Пачалося ж усё ў чатыры гады са звычайнага алоўка “Вясна” і альбома для малявання, што паклала матуля сыну пад навагоднюю елачку. Падарунак не быў выпадковым – у сям’і нядрэнна малявалі і тата, і дзядуля, і іншыя родныя па бацькавай лініі, многія нават сталі прафесійнымі мастакамі. Маленькі Федзя ўжо тады зразумеў, што нельга адпрэчваць дадзены яму звыш адметны дар, і маляваў, маляваў… Пасля, праз гады, ён жартаваў, што першая яго персанальная выстава адбылася ў школе, у 10 класе, і мела поспех, а яшчэ ўспамінаў, як адзін з рэдактараў часопіса “Бярозка” пры сустрэчы запытаў: “А ці не той гэта ты Ястраб, што ў шасцідзясятыя прысылаў нам у звычайных канвертах малюнкі, складзеныя ў чатыры разы, і мы ў рэдакцыі мусілі іх разгладжваць прасам, каб надрукаваць?”
“Ніводнае мастацтва не замыкаецца ў самім сабе”, – сцвярджаў Цыцэрон. І сапраўды, большасць творчых людзей можа ствараць прыгожае ў любой галіне мастацтва, пацвярджаючы выслоўе, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. На жаль, паэтычны дар Фёдара Ястраба раскрыўся нашмат пазней. Першая літаратурная спроба – невялікая аповесць, напісаная ў 9 класе, – так і не ўбачыла свет на старонках газеты ці часопіса. Затым былі вершы, якія нараджаліся пад уплывам нейкіх значных падзей ці ўражанняў. Аўтар лічыў вершаскладанне забавай, а да сур’ёзных заняткаў паэтычнай творчасцю яго падштурхнулі 30 эпіграм на кіраўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі, з якімі ён вельмі паспяхова выступіў на святкаванні Новага 2012 года. І за адзін толькі год ім было напісана 750(!) санетаў, якія ўражваюць сваёй дасканаласцю, мовай і глыбінёй думкі. “Форму санета я выбраў нездарма, – гаварыў Фёдар Адамавіч у адным з інтэрв’ю. – Санет – класічная форма паэзіі з жорсткімі нормамі і канструкцыямі, якая шліфавалася на працягу сямі стагоддзяў. Гэта выдатная школа паэтычнага майстэрства. А сутнасць творчасці і яе прынцыпы вельмі блізкія ў розных відах мастацтва. Так 2-3 словы вызначаюць сюжэт і тэму ўсяго санета, а 2-3 плямы на палатне дыктуюць пластыку ўсёй карціны. Таму для мяне гэта адзіны творчы працэс – і жывапіс, і паэзія, проста ў адным выпадку інструментам служыць слова, у другім – пэндзаль і фарбы”.
Жывапісныя ж творы мастака маюць вельмі яркую індывідуальную стылістыку, якая аб’ядноўвае адметныя рысы неасімвалізму з вялікай увагай да дэталяў, арабескавай рытмікай, што характэрна для стылю “мадэрн”. Асноўныя тэмы: міфалагічныя сюжэты, пейзажы, нацюрморты, творы на філасофскую тэматыку. Лейтматыў творчасці – вобраз жанчыны.
Застаецца толькі здзіўляцца, якім чынам атрымлівалася ў Фёдара Ястраба спалучаць творчасць з навуковай працай і актыўнай (мабыць, не тое слова – гіперактыўнай!) грамадскай дзейнасцю. Велізарны талент, працавітасць і працаздольнасць, інтэлект, выдатная памяць, а яшчэ – характар. Вось як гаворыць пра гэта мастак: “Каб сцвердзіць сябе ў творчым плане, мне прыйшлося пераадольваць мноства праблем. Прытым у мяне не было ніякай падтрымкі. Прайшоўшы гэты шлях, я добра разумею маладых мастакоў, якія мараць рэалізавацца ў сваёй прафесіі, а іх запал і амбіцыйнасць разбіваюцца аб бытавыя цяжкасці: патрэбен дах над галавой, хлеб, сродкі для работы. Не маючы сілы самастойна вырашыць гэтыя пытанні, многія таленты аказваюцца “зламанымі”. Таму мастаку, ды і любому творчаму чалавеку, акрамя асаблівай трапяткой душы, патрэбна яшчэ і жалезная воля, каб ніякія жыццёвыя абставіны яго “не ламалі”. Для мяне заўсёды дзейнічала правіла: не паддавацца абставінам. Так, у пэўныя моманты вельмі цяжка, але гэта выпрабаванне на трываласць. Лічу, што менавіта жалезная воля і дастаткова жорсткі пры пэўных абставінах характар дапамаглі дасягнуць таго, да чаго я імкнуўся”.
Што ж, сваім правілам Фёдар Ястраб кіраваўся да апошніх дзён жыцця – яркага, насычанага, адметнага, плённага. Ён пажадаў быць пахаваным на радзіме, на сціплых вясковых могілках у Станіслаўцах – вёсачцы, дзе нарадзіўся, правёў дзіцячыя і юнацкія гады, дзе вытокі яго бязмежнай любові да роднага, беларускага, дзе пачаў бачыць і разумець хараство навакольнага свету.
У кастрычніку гэтага года ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь будзе арганізавана выстава яго карцін і прэзентацыя пяцітомніка санетаў. Яго імя ва ўсіх на слыху. Яго творчасць знаёмая заўсёднікам вернісажаў. Ды ніякія званні, узнагароды і рэгаліі не змогуць данесці да нас значнасць яго асобы ў сваёй рознабаковай сутнасці, бо жыве ён і будзе жыць толькі ў сваіх творах – магутны духам і велічны ў працы чалавек, “еўрапейскі беларус” Фёдар Ястраб.
Разгарну адвячоркам жыцця свой зацёрты кілім,
Калі ўладу яшчэ не займее навечна дрымота,
Калі памяць другіх пра мяне не завеюць сумёты
І не ўстане, як прывід, з зіхоткім мячом херувім.
Колькі вёснаў сквітнела і колькі адвеяла зім —
Ты лічы не лічы, а лісток адарваны з блакнота.
Падуладна жыццё непазбежнасці сонцазварота –
За ўзыходам вясёлкавым ноч накладзе чорны грым.
Спакваля з сваёй торбы дарожнай дастану здабыткі,
Пакладу на кілім стос карцін і запісаных сшыткаў –
Вось, напэўна, і ўсё, што сабраў на шляхах, што прыдбаў.
Там у гнуткім я слове і ў вобразе кожнай карціны,
Там развагі мае і пачуцці, і гуд успамінаў,
Там адбіткі імклівых падзей, незавершаных спраў…
Алена НЕСЦЯРОНАК.