Екатерина Альхимёнок работает заведующей Прудникского ФАПа Докшицкого района

dsc_ 005Верасень. Сонечная пятніца. Падабедак. На парозе Прудніцкага ФАПа нас сустракае яго загадчыца, малады спецыяліст Кацярына Альхімёнак (на здымку). Запрашае на міні-экскурсію ўнутр будынка. Паўсюль светла, чыста, утульна: непасрэдна на рабочым месцы, у пакоях для правядзення працэдур і агляду. Просім Кацярыну Аляксандраўну расказаць пра сваю работу.

– Працую на ФАПе другі год. Гэта яшчэ невялікі адрэзак часу, але я ўжо прызвычаілася. На ўчастку каля чатырохсот чалавек з Пруднік, Азерцаў, Мількуні, Юхнаўкі і Дабруні. Самыя частыя пацыенты – гэта людзі пасля 45 гадоў. Асноўная маса звяртаецца падчас абвастрэння артэрыяльнай гіпертэнзіі ці хранічных захворванняў. Ёсць людзі з шэрагам іншых праблем са здароўем.

Па дапамогу на ФАП прыходзяць і тыя, каму патрэбна зрабіць ін’екцыю, правесці фізіятэрапеўтычнае лячэнне. Атрымаюць назначэнне вузкапрофільнага доктара ў райцэнтры ці дзе далей, а лечацца па месцы жыхарства. Асабліва выдзяляе вясковы фельчар сваіх маленькіх пацыентаў. Дзяцей і падлеткаў яна любіць, ды і яны цягнуцца да прыязнага медработніка. Могуць нават забегчы проста ў госці да “доктаркі”, папросяць узважыць, памерыць рост ці пачаставаць вітамінкай. Малышоў жа да года на ўчастку Альхімёнак зараз дзевяць.

Як бы ў пацвярджэнне гэтага нашу размову перапыняе дзяўчына-падлетак, што завітала на ФАП і паскардзілася на боль у жываце. Фельчар агледзела пацыентку, дала лекі і папрасіла, калі не палепшае, тэлефанаваць у любы момант. Да таго ж, на ФАПе ёсць аптэка ў мініяцюры. Тут можна набыць розныя прэпараты, сродкі гігіены і іншае. За гэта таксама адказвае фельчар, многае прывозіць з раённай аптэкі па папярэднім запыце.

А мы тым часам ад размовы пра работу пераходзім да асабістага. Высвятляецца, што Кацярына родам з Барысава, там жа вучылася ў медыцынскім каледжы. Павінна была размеркавацца па месцы жыхарства ў родным горадзе. Аднак сама папрасілася ў Докшыцкі раён. І на гэта былі прычыны. Яшчэ студэнткай-першакурсніцай яна пазнаёмілася з трэцякурснікам Віталём з Докшыц. Калі наступіла пара Кацярыне выпускацца, каханне паміж маладымі людзьмі ўжо было даволі моцным і дзяўчына марыла паехаць працаваць бліжэй да дарагога чалавека. Чым і здзівіла тых, хто займаўся размеркаваннем, бо звычайна ўсе просяць пакінуць іх працаваць у буйнейшым горадзе. Далося гэта ёй нялёгка, але настойлівасць і ўпэўненасць, якія характэрны дзяўчыне, перамаглі. Зараз Віталь стаў яе мужам і працуе ў брыгадзе «хуткай дапамогі». Кацярына ж шэсць разоў на тыдні (а выхадны на ФАПе – толькі нядзеля) пракладвае свой шлях у Пруднікі і назад. Кажа, што паціху звыкаецца са сваім новым месцам жыхарства, праўда, па магчымасці стараецца бываць у Барысаве. Там яе чакае тата, які ўсё жыццё выхоўваў дачку і сына адзін. Яна прызнаецца, што не ведала мацярынскай ласкі, аднак ніколі не адчувала сябе абдзеленай клопатам дзякуючы бацьку. Кацярына вельмі ўдзячна яму за гэта і стараецца не падвесці, каб тата ёй ганарыўся. Тым больш, што ў сям’і амаль усе родзічы – медыкі рознага звяна, а гэта абавязвае трымаць марку.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *