Люди творчества, красоты и гармонии отметили профессиональный праздник в Докшицах

Здымак 1

Здымак 1

Работнікі культуры сваё прафесійнае свята адзначылі ўрачыстай, цікавай канцэртнай праграмай, якая прайшла ў кінаканцэртнай зале “Іскра”. Напэўна, залішне нагадваць, што гэта свята тых, хто спявае, танцуе, піша вершы, ставіць спектаклі, адным словам, дорыць нам свой талент і дае магчымасць захапляцца майстэрствам прафесіяналаў.

– Нягледзячы на выхадныя дні і асабістыя справы, работнікі культуры заўсёды ідуць насустрач гледачу, каб зрабіць яго паўсядзённае жыццё больш вясёлым і насычаным, – сказала падчас святочнага мерапрыемства намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч.

Прафесійнае свята — добрая нагода для таго, каб падвесці вынікі працы і адзначыць лепшых работнікаў. Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта атрымала намеснік дырэктара Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Ірына Касцюк, а Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў – загадчыца раённай дзіцячай бібліятэкі Алена Гудзь.

Да віноўнікаў урачыстасці з прывітальнымі словамі звярнулася начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Інга Журомская, якая падкрэсліла, што культура – гэта сапраўднае багацце народа, якое накоплена стагоддзямі, і яго трэба берагчы і памнажаць.

Заслужаныя ўзнагароды працягвалі атрымліваць людзі творчай прафесіі. Граматы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама ўручылі мастацкаму кіраўніку філіяла № 1 ГЦК Алене Чысцяковай, настаўніцы Бягомльскай школы мастацтваў Зоі Крыуш, бухгалтару Людміле Казлёнак і загадчыцы Валкалацкага СДК Марыі Кімстач. Віншаванні з прафесійным святам, а таксама Граматы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама атрымалі намеснік начальніка гэтага аддзела Аксана Гапанёнак, загадчыца Крыпульскага СДК Ірына Штоль, бібліятэкар раённай дзіцячай бібліятэкі Марына Дваяжонава, тэхработнік Парплішчанскай сельскай бібліятэкі Ніна Тытар, настаўнік Докшыцкай школы мастацтваў Дзмітрый Няфёдаў, кіраўнік клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў «Докша» Дома рамёстваў Раіса Шыталь і бухгалтар Ганна Царэнка.

IMG_8682+

Здымак 2

Шаноўнымі гасцямі на свяце былі ветэраны, якія сёння, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, выступаюць не толькі ў ролі гледача, а і застаюцца непасрэднымі ўдзельнікамі некаторых мерапрыемстваў, спяваюць у ансамблях.

Неардынарна і, скажам так, крэатыўна былі прадстаўлены сем маладых спецыялістаў, якія выбралі прафесію работніка культуры і прыехалі працаваць у Докшыцы. Размеркаванні яны «атрымалі» тут жа, на сцэне, падчас шоу, якое чымсьці было падобнае на тэлепраект “Голас”.

Адным з інтрыгуючых момантаў стала аб’яўленне пераможцаў у розных намінацыях на прэмію “Іскра”. Сімвалічныя статуэткі за творчую дзейнасць атрымалі Юлія Жызнеўская, Святлана Гарабец, Ігар Карповіч, Марына Чабан, Таццяна Мальчык, Аляксандр Ярыжанец і Роберт Пянткоўскі.

Прыгожым падарункам для ўсіх работнікаў культуры і гасцей свята стала выступленне казачага ансамбля “Бацька Атаман”, якое выклікала бурныя авацыі ў прысутных і жаданне ўбачыць казакоў яшчэ раз.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
НА ЗДЫМКАХ: 1. Маладое папаўненне ўступае ў рады работнікаў культуры. 2. Алена Чысцякова і Марына Чабан падтрымалі выступленне казачага ансамбля “Бацька Атаман”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *