Семья Янукович из деревни Волколата Докшицкого района гордится своим синеглазым богатством

Изображение 094Калі б хто-небудзь прыдумаў сабраць разам на нейкае свята прадстаўнікоў усіх краін свету, сям’я Януковічаў (на здымку), без сумненняў, магла б прэтэндаваць на гэту ганаровую місію. Сінія вочкі чатырох дзетак Андрэя і Вольгі на фоне светлых густых валасоў нібы васількі ў спелым жыце. Галава гэтай вялікай і дружнай сям’і – таксама тыповы беларус: русавалосы, сінявокі, лагодны, памяркоўны і працавіты. Беларускасць праглядваецца і ў яго жонцы Вользе: у яе мове, інтанацыі, рухах. Ды і як жа іначай: Андрэй Януковіч – ураджэнец вёскі Курылавічы, што на Пастаўшчыне, а Оля родам з Глыбокага. Абое з сем’яў, у якіх расло па трое дзяцей. Абое з маленства прывучаны да нялёгкай сялянскай працы і, што вельмі важна, не лічаць гэту працу нейкім непасільным цяжарам ці прымусовай неабходнасцю.

Андрэй, выпускнік Гарадоцкага сельскагаспадарчага тэхнікума, ніколі нават не ўяўляў сябе гараджанінам. Ведаў: жыць і працаваць будзе ў вёсцы, на зямлі, як яго бацькі, дзяды і прадзеды. Оля з цёплай усмешкай прызнаецца, што раней ёй хацелася жыць у горадзе, мець сваю кватэру, але зараз яна ніколечкі не шкадуе, што апынулася ў аграгарадку Валкалата: хіба свой прасторны дом горшы за гарадскую “клетку” ў два-тры пакоі? Але пра дом крыху пазней, яго насельнікі – тэма нашмат цікавейшая.

Чацвёра дзяцей у сям’і, пагадзіцеся, зараз з’ява даволі рэдкая. Выхоўваецца трое, і ўжо сям’я лічыцца шматдзетнай.

– Нас па трое расло, і ў той час гэта былі звычайныя сем’і, ніякіх ільгот і ганаровых статусаў, – разважае гаспадар. – Мы вось на льготы не спадзяёмся. Колькі нарадзілі, столькі вырасцім і выхаваем.

– Вядома, нялёгка часам даводзіцца, бо малым дзеткам патрэбна шмат увагі, клопату, ласкі. А яшчэ ж гаспадарка немалая, – падключаецца да размовы Вольга. – Але нашы дзеці даволі самастойныя, старэйшыя прыглядаюць за меншымі. Нават малога Дзімку можна на гадзінку з Алёнай пакінуць: і накорміць, і пераапране, і пагуляе.

Алёнка самая старэйшая з дзяцей Януковічаў, трэцякласніца, прыгажунька з доўгай і тоўстай пшанічнай касой. Віталік, другі “ў спісе”, сёлета пайшоў у першы клас. Шчабятушка Вераніка наведвае дзіцячы садок, а вышэйназваны Дзімка таксама ўжо мужчына: хутка год споўніцца.

Андрэй працуе рабочым у Валкалацкай сярэдняй школе, дзе яго ведаюць як майстра на ўсе рукі – любая справа па плячы. А яшчэ ён цудоўны чалавек: шчыры, разважлівы, добразычлівы, хто ні папросіць дапамагчы – нікому не адмовіць. Валкалатцы вельмі паважаюць гэту сям’ю за працавітасць. Дзвюх каровак і падцёлка трымаюць Януковічы, чацвёра свіней у хляве ды курэй “хмара”. Само сабою, агароды, а яшчэ цяплічкі з памідорамі. У кагосьці таматныя кусцікі толькі цвісці пачынаюць, а ў нашых руплівых гаспадароў ужо чырванеюць плады. Для сябе хапае ўдосталь і на продаж застаецца. Дом жа маладая сям’я набыла звычайны, вясковы, даўнейшага кшталту, ды дзякуючы ўмелым рукам Андрэя будынак паступова набывае сучасны выгляд, мяняецца звонку і знутры. Оля пры ўсіх шматлікіх клопатах знаходзіць час дагледзець яшчэ і за пакаёвымі кветкамі, якіх яна развяла ў немалой колькасці.

Найвялікшую ўтульнасць у доме ствараюць усё ж не кветкі, не мэбля ды розныя прыемныя дробязі, а звонкія дзіцячыя галасы, залівісты смех і чатыры пары сініх дапытлівых вочак. Упэўнены, што дзеткі тут растуць шчаслівымі, бо выхоўваюцца ў любові і пяшчоце, кожны дзень бачаць, з якой цеплынёй адносяцца адзін да аднаго іх бацькі. Калі ж сям’я, паводле вядомага выказвання, – гэта сем “я”, то Януковічаў пакуль што шэсць. Але хто ведае, хто ведае…

Алена
НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *