В детском саду №4 г. Докшицы поселилась сказка
Шэрая кастрычніцкая раніца. Горад абуджаецца ад сну, на вуліцах з’яўляюцца прахожыя. На гадзінніку 7.30, і ў вокнах дзіцячых садкоў запальваецца святло. З прыходам першага наведвальніка тут ажывае казка. Дзеці – вялікія фантазёры і выдумшчыкі, а выхавацелі ў дзіцячых садках, у сваёй большасці, казачнікі. У яслях-садку № 4, што ў райцэнтры, кожны дзень маленькіх дзяўчынак і хлопчыкаў насычаны новымі гісторыямі і даследаваннямі, цікавымі сустрэчамі і запамінальнымі мерапрыемствамі. Кожнаму з 57 выхаванцаў знаходзіцца роля ў штодзённай казцы, а дзесяць педагогаў, быццам рэжысёры-сцэнарысты, стараюцца выявіць у малечы здольнасці і добрыя якасці.
У садку функцыянуюць чатыры групы: першая і другая малодшыя, сярэдняя і старэйшая. Асноўным напрамкам дзейнасці прафесійнага і творчага калектыву з’яўляецца не толькі стварэнне здароўезберагальнай сістэмы ва ўстанове, але і развіццё здольнасцей выхаванцаў, падтрымка іх дзіцячых фантазій. Пра гэта сведчаць шматлікія мерапрыемствы.
Работнікі садка зацікаўлены ў стварэнні добрых умоў для дзетак, яны робяць усё, каб хлопчыкам і дзяўчынкам было камфортна і радасна ва ўстанове. Галоўнымі памочнікамі і саюзнікамі ў выхаванні падрастаючага пакалення з’яўляюцца бацькі. Яны падтрымліваюць выхавацеляў у шматлікіх задумках і ўдзельнічаюць у акцыях, якія дапамагаюць ва ўмацаванні сяброўскіх адносінаў. Самым папулярным, па словах загадчыцы садка Наталлі Баброўскай, можна назваць сумеснае мерапрыемства “Алімпійскія гульні”, якое даўно стала традыцыйным.
– Гэта вынік добрай работы кіраўніка фізічнага выхавання Марыны Крук, – адзначае Наталля Яўгенаўна. – У сваёй практыцы яна выкарыстоўвае сучасныя віды фізкультурна-аздараўленчай дзейнасці, сярод якіх гульнявыя, навучальныя, сюжэтныя, трэніровачныя заняткі.
Падчас мерапрыемства “Пасадзі расліну” дзеці і дарослыя добраўпарадкавалі і азелянілі тэрыторыю каля садка, разбілі альпійскую горку. З дапамогай акцыі “Падары дзецям радасць” кабінеты ўстановы папоўніліся рознымі цацкамі. У верасні гэтага года падарунак у выглядзе лялек, машынак, штучных зайчыкаў, коцікаў і іншых забаў для малышоў атрымалі выхаванцы і выхавацелі ад маладой сям’і Жыгуліных. Наталля Жыгуліна некалі сама была выхаванкай яслей-сада № 4. На сваім вяселлі маладыя папрасілі гасцей замест кветак дарыць ім цацкі, якія потым аддалі малечы.
Шмат увагі надаецца падрыхтоўцы старэйшых дзяцей да школы. Для гэтага арганізаваны комплексныя адкрытыя заняткі з удзелам настаўнікаў пачатковых класаў, праводзяцца экскурсіі дашкалят у СШ № 1. Карыстаецца попытам бясплатны гурток “Дзіцячае ручное ткацтва”. У садку аказваюць дадатковыя адукацыйныя паслугі для наведвальнікаў на платнай аснове. Самыя запатрабаваныя – заняткі па харэаграфіі і англійскай мове. У гэтым годзе распачала работу “Мацярынская школа”, у якой дзеці адаптуюцца да новых умоў.
На пытанне, адрасаванае выхаванцам яслей-сада № 4, “А які ён, ваш дзіцячы сад?” дзяўчынкі і хлопчыкі наперабой адказвалі:
– Казачны, утульны, светлы, чысты, добры, прыгожы, любімы, найлепшы!
Напэўна, гэта і ёсць сапраўдная адзнака за работу дашкольнай установе.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.