В Докшицком районе началось досрочное голосование
Учора ў краіне пачалося датэрміновае галасаванне па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. З гэтага дня, 6 кастрычніка, і па 10 кастрычніка ўключна жадаючыя змогуць прагаласаваць з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00.
Непасрэдна ў дзень выбараў, 11 кастрычніка, галасаванне будзе праводзіцца з 8.00 да 20.00.
Участак для галасавання № 13 размясціўся ў будынку сярэдняй школы аграгарадка Барсукі. Участковая камісія працуе на першым паверсе ў адным з класаў. Бюлетэні запаўняюцца ў кабіне для патаемнага галасавання, а затым апускаюцца ў празрыстую ўрну для галасавання. Перад пачаткам работы ўчастка старшыня камісіі па выбарах Г.М. Шульга яе апячатаў у прысутнасці членаў камісіі і назіральнікаў ад ГА “Белая Русь” А.Ф. Байкова і райсавета ветэранаў М.Т. Ізавітка.
Як паведаміў Генадзь Міхайлавіч, ва ўстаноўленыя тэрміны былі звераны спісы выбаршчыкаў, якіх зарэгістравана 831 чалавек. Усе яны атрымалі запрашэнні прыняць удзел у выбарах. Галасаваць, як датэрмінова, так і ў дзень выбараў можна толькі па месцы рэгістрацыі.
Праз некаторы час пасля таго, як адкрыўся ўчастак для галасавання, магчымасць аддаць свой голас за будучага Прэзідэнта, скарыстала выбаршчыца Ала Андрыеўская. І хаця афіцыйнага пацвярджэння прычыны, па якой грамадзянін не можа ў дзень выбараў наведаць участак для галасавання, не патрабуецца, карэспандэнтам Ала Аляксандраўна паведаміла, што якраз 11 кастрычніка ёй трэба наведаць сястру, якая жыве ў іншым населеным пункце. Не ўдзельнічаць у выбарах наогул лічыць немагчымым.
– Кожны чалавек павінен выканаць свой галоўны грамадзянскі абавязак, – упэўнена жанчына. – Я свой выбар зрабіла і заклікаю так паступіць кожнага, каму неабыякава, у якой краіне мы будзем жыць далей.
Нагадаем, што ў нашым раёне створаны 24 участкі для галасавання. Усе яны падрыхтаваны да выбарчай кампаніі і ўжо прымаюць першых выбаршчыкаў.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКАХ: старшыня камісіі Г.М. Шульга апячатвае ўрну для галасавання; А.А. Андрыеўская стала першай выбаршчыцай у перыяд датэрміновага галасавання.
Фота А. Варанковіча.