Агроном Ирина Белявская из ГП «АгроСитцы» Докшицкого района полвека в профессии
Пасля сустрэчы з гераіняй артыкула ўсвядоміла на будучае адну важную рэч. Трэба быць вельмі асцярожным з выразам “чалавек, адданы сваёй справе” і ўжываць яго толькі ў асаблівых выпадках, калі для гэтага ёсць усё падставы, каб не прыніжаць каштоўнасці высновы. Але пра ўсё па парадку.
Ірына Бяляўская, у дзявоцтве Карповіч, нарадзілася ў Вялікую Айчынную вайну. Тату сагналі ў Германію, адкуль той ужо не вярнуўся. Сына і дачку гадавала маці – Надзея Іларыёнаўна. Ірына згадвае, як ёй было цяжка адной: згарэла хата, двое дзяцей на руках. Але лёс дазволіў вытрываць усё. Хату маці адбудавала, дзеці сталі на ногі і былі першымі памочнікамі. Ірына пасля школы пайшла ў саўгас. Была рабочай, падлікоўцам. Адпрацаваўшы колькі гадоў, вырашыла вучыцца і паступіла ў Горацкую сельгасакадэмію на агранамічны факультэт. Пяць гадоў вучобы праляцелі хутка, і Ірына вярнулася ў Сітцы дыпламаваным спецыялістам. Былі на прафесійным шляху агранома Бяляўскай і няўдачы, і перамогі. Яна ўставала да сонца, упраўлялася па гаспадарцы, збірала дзяцей у школу, а потым садзілася на верны ёй усё жыццё транспарт – веласіпед, і ехала на поле: прасачыць за вывазкай арганікі, парадавацца дружным усходам, прыкмеціць палегліцу, ацаніць спеласць зерня. Вопытнаму аграному ёсць што ўзгадаць: і ўраджайнасць збожжавых у сорак з гакам цэнтнераў з гектара, і 500 гектараў бульбы, з уборкай якой уручную спраўлялася 12 брыгад, і неаднаразовыя паездкі на Выставу дасягненняў народнай гаспадаркі з прадукцыяй сітцаўскай зямлі. Зараз пра былое нагадваюць жанчыне граматы, падзякі, медаль “За доблесную працу”.
Пры гэтым наша гераіня поўнасцю рэалізавалася як жанчына. Яна добрая дачка, якая дагледзела матулю да 95 гадоў. Надзейная жонка, якая з разуменнем аднеслася да таго, што муж паехаў вучыцца, а потым таксама шмат часу аддаваў рабоце. Аляксей Фёдаравіч Бяляўскі працаваў доўгі час на кіруючых пасадах. Клапатлівая маці, якая не абдзяляла ўвагай ні сына Сяргея, ні дачку Наталлю і ўвесь час накіроўвала іх на тое, што трэба вучыцца, атрымліваць годную адукацыю. Шчаслівая бабуля, у якой тры ўнучкі і ўнук. Пэўна, можна сцвярджаць, што яна шчаслівая і на сваёй рабоце: мае вялікі аўтарытэт і ў паважаным узросце запатрабаваная як спецыяліст.
Ірына Юльянаўна не пакінула гаспадарку да сённяшняга, хаця думкі пра тое, што ўжо хопіць працаваць, час ад часу непакояць жанчыну, але ўсё нешта затрымлівае. На сустрэчу з журналістамі яна прыехала ўсё на тым жа нязменным веласіпедзе і пра дзейнасць у агранамічнай службе ДП “АграСітцы” разважала з вялікім веданнем справы.
…З таго часу, як маладая аграном прыйшла на працу, мінула амаль пяць дзесяцігоддзяў. Чаго каштуе паўвека годна заставацца ў прафесіі, бадай, яна ведае толькі сама. Аграном-насеннявод ДП “АргаСітцы” Ірына Бяляўская званне чалавека, адданага сваёй справе, заслужыла працай.
НА ЗДЫМКУ: Ірына Бяляўская на рапсавым полі каля вёскі Вялікія Сітцы.
Наталля НАВІЦКАЯ.
Это моя тётя-горжусь мы все меховичи знаем и любим помним за всё хорошее